NRMу ўсьміхнулася «Фартуна» — у Беларусі адбыўся вялікі канцэрт!

У Мінск нарэшце «даехалі» зоркі зь Менску. Учора ў файным клюбе з поўнай заляй прыхільнікаў, якія разьмялі квіткі яшчэ да пачатку канцэрту, NRM прэзэнтаваў свой новы альбом «06».

На падыходзе да клюба было адчуваньне, што прыехалі замежныя супэр-зоркі — натоўп фанатаў выбудаваўся ў даўжэзную чаргу, якая зварочвала далёка па дарозе ад уваходу. А людзі ўсё падыходзілі – як шчасьлівыя ўладальнікі квіточкаў, так і тыя, каму не хапіла. Надзея патрапіць усё ж прывяла да клюба.

Атрымалася вялікая сустрэча старых знаёмых. І новых. Фанаты-падлеткі адрываліся побач з сем'ямі зь дзецьмі ды бізнэсоўцамі і дыпляматамі. Атмасфэра была настолькі сьвяточнаю, што людзі віталіся, пазнаючы адзін аднаго зь іншых канцэртаў ці імпрэзаў, па юзэрпіках у Livejournal, «разьвіртуальваліся», знаёміліся на месцы. На канцэрт таксама прыехалі прыхільнікі з кіеўскага фан-клюбу гурта, якія разумелі, што выступ можа быць сарваны ў апошнюю хвіліну, але рызыкнулі і дабраліся да Менску.

Праграму эНэРаМаўцы падзялілі на дзьве часткі: прэзэнтацыя альбому і «вядомыя ўжо песьні, а таксама незаслужана забытыя старыя», як адзначыў Лявон Вольскі.

Арганізатар канцэрту Паша Кашырын хадзіў у фае і з гонарам запытваўся ў гасьцей «Ну як?», а ў людзей пад сцэнай проста зрывала дах.

Частымі канцэртамі ў Беларусі NRM зараз ня можа пахвастацца, хоць мяркуючы па ўчорашнім, нават калі б кошт квіткоў быў яшчэ большы – заля была б поўная. Але прыемна, што легендарны гурт робіцца частым госьцем на замежных фэстывалях і прадстаўляе Беларусь там. Як распавёў Generation.by Міхал Анемпадыстаў, з пачатку лета ён зьезьдзіў з NRM на 6 выступаў: у Польшчы і Украіне.

NRM зараз у Беларусі справа ня толькі музычная, але й сацыяльная. Быць на канцэрце Незалежнай Рэспублікі Мроі – гэта як быць дома на буйным сьвяце. Усё па-свойску і сьвяточна. Неабавязкова праціскацца ў першы шэраг пад сцэну, каб адчуць. І няважна, у Менску ты зараз ці ў Мінску. Ты на канцэрце NRM, што ўжо падзея самадастатковая. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.