Злы начальнік зьніжае прадукцыйнасьць працы падначаленых
Начальнікі «з бзікамі», якія тэрарызуюць сваіх падначаленых, дзейнічаюць толькі ва ўрон сваёй фірме ці прадпрыемству. Прыніжаныя і абражаныя супрацоўнікі пачынаюць працаваць горш. Такія вынікі дасьледваньняў.
Да такіх высноваў прыйшлі спэцыялісты з Унівэрсытэта Фларыды.
Навукоўцы апыталі некалькі дзесяткаў амэрыканцаў, якія працуюць у розных бізнэсовых сфэрах. Апытаных аб’ядноўвала адно: яны пэрыядычна рабіліся ахвярамі характару сваіх начальнікаў. А ў кантрольную групу ўвайшлі жыхары ЗША, якія ня скардзяцца на паводзіны начальства.
Апынулася, што 30% «пакрыўджаных» наўмысна пачыналі працаваць павольней ці адмыслова рабілі памылкі. Сярод звычайных жыхароў паказьнік складае толькі 6%.
33% адзначылі, што не прыкладаюць максымальных намаганьняў у час выкананьня вытворчых заданьняў. Сярод «непакрыўджаных» адпаведна 9%.
39% бралі бальнічныя, хоць са здароўем ніякіх праблемаў ня мелі. Сярод звычайных супрацоўнікаў сымулянтаў апынулася толькі 4%.
Яшчэ 24% «пакрыўджаных» максымальна зацягвалі свае перапынкі і перакуры на працы. У кантрольнай групе такіх толькі 7%.
Апроч гэтага, верагоднасьць таго, што ў выпадку патрэбы супрацоўнік здольны ўзяць ініцыятыву на сябе, у тры разы вышэй для людзей, на каторых начальства ня цісьне.
Злы начальнік выводзіць зь сябе супрацоўнікаў у любой краіне. «Звольнюся!», «Адпомшчу!», «Хутчэй бы пятніца...» — знаёмыя многім беларусам думкі. Ініцыятыўнасьць да працы можа й не павышае, а вось на крэатыўныя думкі наконт расправы ці як хутчэй зьбегчы з працы прыводзіць. І не кажыце пра мэнталітэт.
Фота: michaelhyatt.com