Фэст сучаснай паэзіі «Лад слоў» пройдзе 2–7 кастрычніка

Цягам шасьці дзён у прыхільнікаў паэзіі будзе магчымасьць пачуць яе ва ўсім шматгалосьсі: як ужо добра вядомыя, так і маладыя аўтары зь Беларусі, Украіны, Расеі і краінаў Балтыі прадставяць нам свае творы.

Фэстываль «Лад слоў» ладзіцца ўжо ў другі раз. Летась ён выклікаў шырокі рэзананс, прыцягнуў увагу паэтаў, слухачоў, прэсы і літаратурнай тусоўкі ўвогуле, і ня толькі на Беларусі, але і ў суседніх краінах. Тады ўдзел узялі каля 50 аўтараў зь Беларусі, Украіны, Расеі, Літвы, Латвіі, Казахстана. Такі мінулагодні размах, натуральна, патрабаваў пашырэньня праграмы: сёлета фэст будзе доўжыцца ажно шэсьць дзён.

Сярод шматлікіх беларускіх удзельнікаў можна будзе пачуць Зьмітра Вішнёва, Андрэя Хадановіча, Віктара Жыбуля, Людмілу Рублеўскую, Алеся Камоцкага, Сяргея Шэпелева, Насту Кудасаву, Дзіму Дмітрыява… Арганізатары паабяцалі, што ўсё і ўсё заўважныя ў беларускай паэзіі будуць прадстаўлены на фэсьце.

Generation.by пагутарыў з маладым паэтам Віталем Рыжковым, які мінулым годам браў удзел у «Ладзе слоў» як госьць, а сёлета будзе выступаць у якасьці фіналіста конкурсу, прысьвечанага ўгодкам «Нашай Нівы»:

«Лад слоў» — даволі буйны фэстываль. І ў мінулым годзе прайшоў пасьпяхова. Зазвычай, кожны паэт імкнецца падрыхтаваць новую праграму да такога кшталту мерапрыемстваў. Хочацца паказаць свой рост, прагрэс (або рэгрэс:). Але ўдзел цікавы ня толькі з прафэсійнага пункту гледжаньня: гэта новыя знаёмствы, пераклады, сяброўскія адносіны. Спадабалася, што былі паэты з розных краінаў. Гэтым годам удзельнікаў будзе болей.»

Напрыклад, з Масквы прыедуць Уладзімір Жбанкоў, Аляксей Карнееў, Панда Грын і іншыя.

Місія фэсту — знаёмства беларускіх прыхільнікаў паэтычнага слова з найбольш таленавітымі і папулярнымі паэтамі Беларусі і суседніх краінаў, якія маюць моцныя паэтычныя традыцыі. Лепшыя сучасныя паэты атрымаюць магчымасьць сустрэцца са сваімі прыхільнікамі ў рэжыме рэальнага часу.

Адметнасьць менавіта «Ладу слоў» — гэта магчымасьць пачуць вершы як на буларускай, так і на расейскай і ўкраінскай мовах.

Сёньня адбылося ўрачыстае адкрыцьцё фэстывалю, а для тых, хто не пасьпеў далучыцца, прыблізны плян мерапрыемстваў на наступныя дні:

3 кастрычніка: Другі дзень фэсту. Выступленьне беларускіх аўтараў. 18.00, Літаратурны музэй Багдановіча;

4 кастрычніка: Трэці дзень фэсту. Аўтарскі вечар адмысловага госьця. 18.00, Пушкінская бібліятэка;

5 кастрычніка: Чацьверты дзень фэсту. Адмысловая акцыя «Бабралад слоў-2007». Зладжаны выезд у культавае месца рунэту — горад Бабруйск. Экскурсіі і сумесныя чытаньні на падмостках Бабруйску. 12.00 Менск-Бабруйск;

6 кастрычніка: Пяты дзень фэсту. Сумесная праграма беларускіх аўтараў і гасьцей фэстывалю. 12.00, Пушкінская бібліятэка;

7 кастрычніка: Урачыстае закрыцьцё. Гала-выступы аўтараў фэстывалю, абраных галасаваньнем гледачоў. 12.00, Літаратурны музэй Багдановіча.

Уваход на мерапрыемствы вольны.

Кантакт арганізатараў зь беларускага боку: 6332264

SlaDa 22:26, 02/10/2007 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0915 seconds.