Быць INDIE

На постсавецкай прасторы ўсё больш і больш людзей становяцца незалежнымі. І гэта ніяк не зьвязана з палітыкай. Проста да нас дабралася культура «інды», то бок independent — «незалежны». І хаця там, дзе гэтая культура зьявілася, хваля яе паціху асядае, у нас дагэтуль далёка ня кожны разумее сэнс гэтага слова.

 

Можна быць інды і нават не здагадвацца пра гэта. Інды робяць і любяць не на паказ. Яны не крычаць на кожным куце, што я — інды, бо выглядае гэта проста сьмешна.

Незалежнае кіно, літаратура, музыка… Інды можна нават вылічыць па зьнешнім выглядзе. Яны ня носяць сусьветна вядомыя брэнды. Яны не баяцца сумяшчаць яркія колеры, але не перабольшваюць. Яны не фарбуюць валасы ў дзікія колеры, але фрызуры іхныя незвычайныя. Інды — стрымана экстравагантныя, слухаюцца свайго настрою і ўласнага густу. Улюблёныя рэчы — гэта вузкія джынсы і разнастайныя цішоткі, адзеньне ў стылі вінтаж, кардыганы і незвычайныя швэдры. За мяжой інды не абміне крамы Urban Outfitters, Threadless, H&M . Галоўнае памятаць: інды значыць

«быць, а не падавацца».

Моладзь, якая вядзе багемнае жыцьцё, незвычайна апранаецца і слухае інды-рок у ЗША і Эўропе часта называюць hipsters

Узьнікла культура інды як апазыцыя мэйнтрыму ў 1980-х. Яна базуецца на канцэпцыі DIY (do it yourself — зрабі сам). Асноўным прынцыпам быў нонканфармізм, але з часам інды ўлілася ў мэйнстрым моладзевай культуры. DIY стала асабліва папулярнай і актуальнай у дызайне і фэшн-індустрыі.

Ёсьць і адваротны бок інды — яны не незалежныя ва ўсіх адносінах. Паколькі інды-чалавек ня здолее прымусіць сябе прачынацца штодня роўна з будзілкай, а шостай раніцы і топаць у офіс, незалежнымі ў фінансавым пляне інды не назавеш. Хаця, усё больш людзей знаходзяць шляхі зарабляць і пры гэтым належыць сабе. Так панятак інды прасунуўся ў бізнэс

Галоўны прытулак інды-культура знайшла ў музыцы. Гэта — цэлая сыстэма са сваімі музычнымі гуртамі, прэсай, невялічкімі лэйбламі. Хаця і інды-фільмы таксама становяцца папулярнымі і пры гэтым застаюцца незалежнымі. Яны здымаюцца пры мінімуме фінансаваньня і максымуме фантазіі. Ня дзіва, што ўзьніклі сатэлітныя каналы, якія паказваюць менавіта інды-стужкі.

Інды аб’ядноўвае цэлы шэраг музычных стыляў (інды-рок, пост-рок, гоцік-рок, дарк-фолк, эмо, індастрыял, альтэрнатыўны гіп-гоп). Практычна на кожны мэйнстрымаўскі накірунак знойдзецца свой інды-адказ. Прыводзіць прыклады інды-музыкаў, у прынцыпе, бессэнсоўна. Доўгі ліст незнаёмых большасьці імёнаў наўрад ці штосьці нам скажа.

Можна паглядзець фільм Дэйва Кула (Dave Cool) «Што такое інды?» (What is indie?), у якім робяцца спробы знайсьці адказ на гэтае пытаньне з дапамогаю вядомых экспэртаў інды-музыкі і 20-ці інды-музыкаў.

Прыхільнікі інды — за свабоду творчасьці і незалежнасьць ад прадусараў.

Гэта — мастацтва дзеля мастацтва. Зразумела, што голым энтузіязмам жывы ня будзеш. Тое разумеюць і самі інды-музыкі. Таму альбомы іх выдаюцца рэдка, ня кажучы ўжо пра прадаюцца. А выпадкаў, калі які-небудзь інды-калектыў адмовіўся прабіцца на вялікую сцэну, калі прапануюць, ня так ужо і шмат. Напрыклад, такія гурты, як Franz Ferdinand, Modest Mouse, Death Cab for Cutie хуценька падпісалі кантракты зь вядомымі лэйбламі і дасягнулі сусьветнай вядомасьці. На Захадзе панятак інды адыходзіць ад сваіх каранёў і становіцца брэндам. То бок, пакрысе сьціраецца мяжа між інды і мэйнстрымам.

Не апошнюю ролю адыгрывае Інтэрнэт. Калі зьяўляецца штосьці самабытнае і вельмі цікавае, непадобнае ні на што астатняя, хай сабе і жыве яно ў сяброўскім гаражы, хто-небудзь абавязкова запіша кватэрнік на камэру і выкладзе ў сеціве. А якасныя рэчы не застануцца незаўважанымі. Таму галоўнае для інды — не забываецца на свае ідэалы, незалежна ад таго дзе граеш — у гаражы або на вялікім стадыёне.

У Беларусі

Ці ёсьць інды-культура на Беларусі? Так, безумоўна ёсьць. Толькі яна ў большасьці сябе так не пазыцыянуе. У нас няма інды-бараў, інды-сайтаў або інды-крамаў. Але ёсьць людзі, якія не стаяць у чэргах, каб патрапіць на які канцэрт расейскай поп-зоркі, а зьбіраюцца на кватэрніках паслухаць сяброў. Якія апранаюцца не на рынку, а ў самаробныя або знойдзеныя ў нераскручаных эўрапейскіх крамах рэчы. Якія ідуць не на блокбастэры ў кінатэатар Масква, а зьбіраюцца па панядзелках у Ракеце або глядзяць рэдкія DVD дома. Карацей, людзі, якія жывуць незалежна.

Больш таго, Беларусь, дзе няма культурнага рынку і інфраструктуры, зьяўляецца цудоўнай глебай для парасткаў інды культуры, якая паціху вяне на Захадзе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0604 seconds.