«Капітал» Ляпісаў абыйшоў кліпы сусьветных зорак

Кліп «Капітал» гурта «Ляпіс Трубяцкой» увайшоў у дзесятку пераможцаў міжнароднага фэстывалю музычнага відэа ViMus-2007, які ладзіўся ў Партугаліі. Ролік быў там адзінай расейскамоўнай працай, але гэта не перашкодзіла яму абыйсьці ў конкурсе тузін сусьветных супэрзорак.

Для конкурснай праграмы фэстывалю ViMus-2007, які праходзіў у курортным мястэчку, было адабранае самае цікавае музычнае відэа, зьнятае за апошні год, у тым ліку і кліпы U2, Green Day, Pet Shop Boys, Black Eyed Peas, Scissors Sisters, Gnarls Barkley, Пола Макартні, Джастына Тымбэрлэйка і ім падобных.

Аднак, вышэйназваныя зоркі не атрымалі аніводнай узнагароды ад журы, якое ўзначальваў вядомы партугальскі рэжысэр Хосэ Пінэйра. У сямі міжнародных намінацыях перамаглі кліпы Бэка, Файст, Modest Mouse, Yeah Yeahs, Fonica і, зразумела ж, «Ляпіса Трубяцкога». Нашыя суайчыньнікі заваявалі «Адмысловы прыз журы» за кліп «Капітал» беларускага рэжысэра Аляксея Церахава.

«Любая падобная ўзнагарода прыемная. Асабліва калі сярод пераможцаў фэстывалю пазначаныя Мішэль Гондры, а сярод удзельнікаў — Цім Бартан, — кажа Церахаў. — Гэта добры стымул для далейшай працы.»

Тым часам кліп «Капітал» працягвае шэсьце па міжнародных відэафорумах. Днямі ў межах транскантынэнтальнага фэстывалю Onedotzero ён будзе дэманстравацца ў Буэнас-Айрэсе і Цюрыху.

А сам «Ляпіс Трубяцкой» працягвае гастраляваць: 29 верасьня гурт зграе сольнік у Маскве (клюб «Точка»), а 20 кастрычніка ў Піцеры (клюб «Порт»).

Паводле прэс-службы гурта

12:12, 28/09/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0667 seconds.