Пра чалавека траваеднага: як у Беларусі выжываюць вэгетарыянцы

«У мяне не ўзьнікае жаданьня есьці тое, што яшчэ нядаўна бегала і какала», – кажа мой сусед-вэган Крыс. Пра вэгетарыянства й вэганства маё сьціплае дасьледаваньне.

Крыху тэрміналёгіі

Вэгетарыянства – сыстэма харчаваньня з выключна расьліннай і малочнай ежай. А калі яшчэ і без малочнага й пчалярскага хаўчыка, завецца гэта вэганства. Можна і яшчэ болей – строгае вэганства: табу ў дадатак на скураную, шарсьцяную, футровую вопратку ды абутак.

Сустракаюцца, аднак, і болей неардынарныя сыстэмы. Напрыклад, фруктарыянства. Фруктарыяне ядуць толькі тое расьліннае, што падае на зямлю. І ў сырым выглядзе. А вось сонцаеды сьцвярджаюць, што ім дастаткова энэргіі сонца, якая затым у жыцьцёвую сілу ператвараецца.

Колькасьць вэгетарыянцаў на ўсім зямным шары налічвае 5 адсоткаў чалавецтва. У Індыіі «траваедных» таварышаў цэлых 20 адсоткаў насельніцтва, у Эропе – каля 7-9, у ЗША – 4.

Вэган Крыс: шкода «траваеднасьці» – міт

Крысу 22. Ён грае ў мэтал-кор гурце «Eyecoin», займаецца спортам і ня есьць сьметанковы плямбір. Бо – вэган.

«Я анархіст, – кажа Крыс. – А анархізм – гэта адсутнасьць улады. І гаворка тут неабавязкова пра палітыку. Я ўспрымаю анархізм як адсутнасьць жорсткасьці і гвалту. Не магу кожны дзень плаціць грошы за тое, каб кагосьці забівалі. Я не стаўлю перад сабой мэты – камусьці нешта даказаць. А проста жыву ў адпаведнасьці са сваім сумленьнем, са сваімі поглядамі.»

А як даўно ты стаў вэганам?

«Спачатку я проста перастаў есьці мяса. Мне было 16. Я задумаўся над тым, што нешта няправільна. Больш правільна з мэдыцынскай кропкі гледжаньня адмаўляцца ад мяса паступова. Але я зрабіў гэта адразу. А вэган я ўжо 4 гады.»

У гардэробе Крыса ўсяго адзіныя скураныя боты. Ды і тое толькі таму, што яны, халера, ужо 7 гадоў ня зношваюцца. Ён супраць футра, скуры і поўсьці.

«Я загонны вэган: у многіх прадуктах – у шакалядках, цукерках – ёсьць такое рэчыва, як лецытын. Ён можа быць атрыманы з жывёлы, а можа, і з соі. Калі на прадукце напісана, што там ёсьць лецытын і не напісана, што ён соевы, то я яго есьці ня буду. Калі на батоне напісана, што там ёсьць маргарын, то я яго ня ем. Бо ён можа быць як расьлінны, так і нерасьлінны.»

Адна мая знаёмая распавядала, што калі стала вэгетарыянцам, у яе узьнікла больш вострая ўспрымальнасьць сьвету. А ў цябе адбыліся якія-кольвек зьмены?

«Далёка ня факт, што нейкія зьмены у жыцьці чалавека будуць зьвязаныя з тым, што ён адмовіўся ад мяса. Можа быць, я стаў сябе крыху лепей адчуваць. Але гэта неабавязкова з вэгетарыянствам зьвязана.»

Як бацькі паставіліся да твайго «дзівацтва»?

«Натуральна, спачатку ім было складана. Але 6 гадоў адно і тое ж паўтараць ім надакучыла… Яны ж бачаць, што я жывы! Раней, калі быў маленькім, часта хварэў. А цяпер увогуле рэдка хварэю. Можа, гэта і зьвязана з вэгетарыянствам, а можа, не.»

Крыс упэўнена сьцьвярджае, што шкода вэгетарыянства –  чарговы міт грамадзтва. І сваім досьведам ён гэта падмацоўвае.

«Зараз я заняўся бодыбілдынгам, і пачаў назіраць за сваім харчаваньнем. А раней па-раздалбайску ставіўся да ежы, хоць і быў вэганам. Я нават дадаткова вітаміны ня піў. Але мая вага ўсё адно была стабільнай, і пачуваўся я файна! Вельмі многія спартсмэны вэгетарыянцы, хаця там і вялікі выдатак рэчываў. Дык што казаць пра простага чалавека? Нават у нашай краіне, дзе няма спэцыяльных сетак ежы для вэганаў і вэгетарыянцаў, можна нармалёва харчавацца і набываць ежу на рынку.

Чалавек па будаўніцтву свайго стрававальнага тракту не зусім траваедны. Але ён і не драпежнік. Мяса – гэта  прадукт, які хутчэй за іншыя гніе – ужо праз 2 гадзіны. У драпежнікаў таму стрававальны тракт у два разы карацейшы, чым у чалавека. Мяса вельмі адцягвае стрававальную сыстэму. Я ведаю шмат прыкладаў, калі людзі з самага нараджэньня не ядуць мяса і цудоўна сябе адчуваюць. Ну, вядома, ня трэба тупа адну бульбу есьці…   Людзі рэлігійныя, дарэчы, адзначаюць, што калі пачынаецца пост, то лепшы стан здароўя назіраецца.»

А табе ніколі не хацелася ўзяць – і пачаць есьці мяса!

«Не, у мяне мяса ніякіх станоўчых эмоцыяў ніколі не выклікала. Я ня бачу нічога добрага ў тым, каб паядаць мерцьвякоў. Есьць такі нюанс: калі жывёлу мусяць забіць, яна гэта адчувае, і ў кроў вельмі шмат адрэналіну выдзяляецца. Гэты адрэналін, натуральна, і на чалавека ўзьдзейнічае.

А каму таньней жыць: мясаеду і траваеду?

«Мне здаецца, што меней каштуе быць вэгетарыянцам.»

«У мяне пачалі дрэнна зажываць раны»

Форма кісьці ў кожнага свая. І загоны, і арганізм у кожнага свае, індывідуальныя. Мой наступны суразмоўца – Суня. Паводле досьведу сунінскага, вэгетарыянства – для здароўя сыстэма шкодная.

«У Беларусі рынак не прыстасаваны да вэгетарыянцаў. Я стаў ім, і пачаў сябе не асабліва добра адчуваць. У мяне пачалі дрэнна зажываць раны, кроў не зварочвалася. Я вырашыў прыпыніць сваю дыету на нейкі час, але потым зразумеў, што без вэгетарыянства я не магу. Гэта не зусім пазытыўны выбар у адносінах да здароўя. А пазытыўны ў адносінах да жывёлаў хутчэй. Я лічу, што есьці мяса – забойства.»

Ну, а з тваімі ранамі як?

«Будзь што будзе! (Але Суня на выгляд цалкам здаровенькі і на «стрэлку» прыехаў на ровары – аўт.) Я вырашыў прынесьці сябе ў ахвяру абароны жывёлаў. Калі б у нас былі соевыя катлеты, адмысловыя кафэ, вітаміны не такія дарагія альбо ўзровень жыцьця вышэйшы, як у Эўропе, тады б не было праблемаў такіх. Хаця ў любым выпадку я лічу, што гэта шкода. Шкода асабліва для арганізма, які расьце. А адна адбіўная, напрыклад, кампэнсуецца 8 кіляграмамі тварагу!»

А зараз як са здароўем?

«Валасы ў мяне сталі ломкімі, болей выпадаюць. Так, раны марудней зажываюць. Але я не завастраю на праблемах увагу. Можа, тут і экалёгія вінаватая, можа быць, нэрвовае.»

А вось мой папярэдні суразмоўца вэган Крыс цалкам пазытыўна пачуваецца…

«Бывае, што пазытыўна, пазытыўна, а потым – бах! І няма чалавека: аказалася, што ў яго пухліна. Калі ты сябе адчуваеш добра, гэта яшчэ ня значыць, што ў цябе насамрэч усё добра. Можа быць, Крыс пэдант. Каб займацца усімі гэтымі дыетамі добрасумленна, патрэбна шмат часу. А ў мяне, напрыклад, дзесяцігадзінны працоўны дзень.»

Дык на твой погляд, вэгетарыянства шкодна для здароўя?

«Маё суб’ектыўнае меркаваньне: вэгетарыянства як карысна, так і шкодна. У мясаедаў таксама ёсьць нэгатыўныя праблемы: атлусьценьне, лішняя вага, рак страўніка можа быць, таму што мяса доўга пераварваецца. І ў вэгетарыянстве, і ў мясаедзтве ёсьць нэгатыўныя моманты.

А на думку традыцыйнай мэдыцыны…

Вядома, традыцыйная мэдыцына супраць вэгетарыянства. Урач-пэдыятар дзіцячай паліклінікі №3 Суднік Ірына Аляксееўна:

«Бялкі – аснова будовы клеткі і тканкі. Бялкі ёсьць, вядома, і ў расьліннай ежы, але жывёльныя ўсё адно арганізму патрэбныя. І ніякія вітаміны іх не заменяць. Можа зьмяншацца вага, праблемы з пячонкай могуць быць… Ды ўсім ворганам патрэбныя бялкі. Я супраць вэгетарыянства.»

Найзнакаміцейшыя вэгетарыянцы сьвету

Сакрат і Платон. Леанарда да Вінчы: добразычлівая ж эпоха. Адраджэньне як ніяк!

Франц Кафка. Леў Талстой. Бэрнард Шоў. Мадонна. Актор Хоакін Фэнікс. Крыс Марцін – вакаліст гурта Coldplay. Эдзі Вэдэр – гурт Pearl Jam. Боб Дылан. Том Ёрк (Radiohead).

І шмат, шмат-шмат-шмат, хто яшчэ.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0647 seconds.