У пошуках ДАКаў

ДАКі (доўгачасовыя агнявыя кропкі) можна знайсьці па ўсёй краіне. Яны стаяць на беларуска-польскай мяжы 30-х гадоў, па абодвух баках. У адных ішлі баявыя дзеяньні, а ў іншых – не. Пабачыць на ўласныя вочы сумныя помнікі вайсковых дзеяньняў – з такой мэтай мы выправіліся ў вандроўку.

Ёсьць ДАКі і ля вёскі Магільна, Узьдзенскага раёну Менскай вобласьці. Менавіта пра іх  і пойдзе гаворка. Усяго каля гэтай вёскі 13 ДАКаў, але я з сябрамі пабываў толькі ў 8 самых малазнаёмых, бо за дзень абыйсьці ўсе вельмі складана.

Першы ДАК, у які нам давялося патрапіць, стаіць у 50 мэтрах ад лясной дарогі і яго лягчэй за ўсіх знайсьці.

ДАК уяўляе сабой жалеза-бэтоннае збудаваньне з таўшчынёй сьценаў каля 1,5 м. Усяго там два ці тры паверхі. Але палазіць магчыма толькі па двух. Адзін над зямлёй, другі падземны. Хады ніжэй ці заваленыя, ці затопленыя. Таксама ёсьць дзьверы і вокны (ці кулямётныя байніцы). Мясцовыя кажуць, што гэтыя ДАКі будавалі палякі. Але дзьверы глядзяць у беларускі бок, а вокны - ў польскі, хаця кулямёты ставілі менавіта на вокны.

З аброслага імхом даху ДАКу вельмі маляўнічы від на лес. Наверх прыходзілася ўзьбірацца па вельмі небясьпечнай лесьвіцы, а вышыня гэтага будынку каля 7 мэтраў.

Пабываць у ДАКу і не злазіць у падвал – гэта змарнаваны час. Таму мы вельмі асьцярожна туды палезьлі.

Унутры ДАКа вельмі файна хавацца ад летняй сьпёкі: таўсьценныя сьцены не даюць будынку нагрэцца. У 8 будынках мы налічылі толькі 3 тыпы пабудовы ўнутраных памяшканьняў.

Але ва ўсіх ДАКах ёсьць памяшканьні для снарадаў, якія знаходзяцца амаль у цэнтры будынку, і цёмны кут (архітэктары прадугледзелі, як будзе падаць сьвятло ад вокнаў і дзьвярэй і калі стаіш у гэтым куце, цябе ня бачна, але ты бачыш усё).

Калі на першым паверсе ёсьць хоць кропля сьвятла ад вокнаў і дзьвярэй, то на другім, які знаходзіцца ўжо пад зямлёю, нічога ня бачна. Нас выратавалі ліхтарыкі, якія мы ўзялі з сабой.

Другі паверх нагадвае першы, але калі на першым паверсе ўсе сьцены з бэтону, то на другім вельмі шмат сьцен з ліставога жалеза, таўшчынёй каля 10 мм.

Яшчэ на другім паверсе ёсьць калодзежы. Часьцей яны не затопленыя, але заваленыя розным хламам.

Таксама мы знайшлі лазы на трэці паверх. Але праходы былі затоплены. Кол Вырашыўшы даведацца, якая там глыбіня, мы змаглі усунуць туды кол, даўжынёю каля 3-х мэтраў – і даўжыні кала не хапіла.

І вось ён, апошні, восьмы за гэты дзень, ДАК. Самы вялікі! Там затапілі ня толькі трэці, але і другі паверх. Пахла там кепска, дый мы стаміліся, таму ўнутр не палезьлі. Толькі сфатаграфавалі яго.

Усе ДАКі ахоўваюцца дзяржавай. Як кажуць шыльды: «За разбурэньне - пад суд».

Яшчэ ў 80-х усе вокны і дзьверы ДАКаў заклалі цэглай і каменьнем, якія народ хутка парасьцягваў. Кажуць, што пасьля распаду СССР гэтых будынкаў афіцыйна няма. Але ж мы на ўласныя вочы бачылі гэтых маўклівых, змрочных сьведкаў жудасных падзеяў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0696 seconds.