Цуды сьвету расчароўваюць турыстаў

Так і ня здолелі вырвацца на адпачынак і наведаць якое культавае турыстычнае месца? Ня варта сумаваці - большасьць турыстаў расчароўваецца, калі ўвачавідкі бачыць знаёмыя па паштоўках і кніжках мясьціны і забудовы. У «чорным сьпісе» нават Эйфэлева вежа і Мона Ліза.

Эйфэлева вежа, Букінгемскі палац, Стоўнхэдж… Мільёны людзей вандруюць па сьвеце, каб убачыць культавыя турыстычныя месцы. Але, на жаль, доўгае чаканьне спатканьня з легендай абарочваецца глыбокім расчараваньнем. У Брытаніі правялі дасьледваньне, у выніку якога сталася, што большасьць людзе не знаходзіць таго, што шукала, выпраўляючыся за сотні кілямэтраў ад дому.

Прывабнасьць таямнічых старажытных забудоваў альбо вялікіх дасягненьняў інжынэрнай думкі не вытрымлівае сутыкненьня з такімі раздражняльнікамі, як аўтамабільныя пробкі, натоўпы турыстаў і надакучлівыя гандляры.

Рэспандэнты апытанкі назвалі Стоўнхэдж, Эйфэлеву вежу, Таймс-сквэр і эгіпэцкія піраміды сярод тых турыстычных аб’ектаў, якія больш за ўсё іх расчаравалі.

Дасталася і Мона Лізе: неабходнасьць праціскацца да зусім маленькай, як сталася, карціне, яшчэ раз спраўдзіла, што ў Лувр хадзіць – толькі час марнаваць.

Стоўнхэдж - першы ў чорным сьпісе па Вялікабрытаніі. Ужо даўна наведвальнікі скардзяцца, што ён заціснуты між дзьвюх вялікіх аўтастрад.

Праблема ў тым, што турысты чакаюць занадта шмат ад выдатнасьцяў сьвету. Да таго ж яны спадзяюцца ўбачыць культавыя месцы не сутыкаючыся з натоўпам іншых турыстаў. А гэта немагчыма.

Больш за ўсё брытанцаў за мяжой расчаравалі:

  1. Эйфэлева вежа (Парыж)
  2. Мона Ліза (Лувр, Парыж)
  3. Таймс-сквэр (Нью-Ёрк)
  4. Лас-Рамблас (Барсэлёна)
  5. Статуя Свабоды (Нью-Ёрк)
  6. Гішпанская лесьвіца (Рым)
  7. Белы дом (Вашынгтон)
  8. Піраміды (Эгіпет)
  9. Брандэбургская брама (Бэрлін)
  10. Пізанская вежа
SlaDa 19:52, 20/08/2007 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0649 seconds.