«Хата Рабіно» — месца, дзе няма часу
У пакоі, які нагадвае звычайную студэнцкую здымную кватэру, сядзяць паўтара дзесяткі чалавек. Наперабой зь венскімі сымфоніямі гучыць няўцямны бэльгійскі альтэрнатыўны рок. Пакой, абвешаны такім ж альтэрнатыўным мастацтвам і шыльдамі, што звычайна выкарыстоўваюць спыншчыкі, каб паказаць кіроўцам, куды едуць: «Лісабон», «Амстэрдам», «Анкара», — напаўняе італьянская, галяндзкая, беларуская і эстонская гаворка. Увесь гэты лінгвістычны разнабой ачольвае ангельская. Так пачынаецца звычайная вечарына ў адным з самых цікавых вандроўных месцаў сучаснага Амстэрдаму Casa Robino.
«Casa» у перакладзе зь гішпанскай — «хата». А Robino — гэтай даволі рэальны гішпанскі хлопец, які пару гадоў таму асеў у Амстэрдаме і вырашыў арганізаваць нешта кшталту гасьцявой кватэры для аўтаспыншчыкаў і вольных вандроўнікаў.
На мапе сьвету Casa адзначаныя дзесяткі гарадоў. І толькі два беларускіх
За два гады тут пабывала болей за 7 соцень вандроўнікаў з усяго сьвету. Паліцы Касы заваленыя кнігамі пра стопераў, вандроўнікаў, халодную вайну і пакаленьне X. Кухня гэтага месца кожны вечар напаўняецца дзесяткам людзей, якія адначасова спыняюцца тут. Яны разам гатуюць вячэры, звычайна скончваючы «глыбока за поўнач». І яшчэ доўга за вячэрай працягваецца «гаварыльня да відна».
«Калі ласка, не прыносьце ў Касу забітых жывёлаў», — стаіць у галаве другі пункт правілаў гэтага месца ў час, калі схаваўшыся ад усіх на другім паверсе гэтай шматпакаёвай кватэры, мы з асалодай спажываем бутэрброд з маастрыхцкай вяндлінай.
Casa Robino — гэта не тое каб сквот (закінутае памяшканьне, ператворанае ў калектыўнае жытло і цэнтар вольнага мастацтва), але і не кватэра ў звычайным сэнсе. Гэта зьява, што ўзьнікла на аскепках сквотэрскага руху ў цэнтры Амстэрдаму.
«Ложак, стол і крэсла»
Раней у Нідэрляндах быў вельмі добры закон, які дазваляў любому назваць пэўнае месца сваім домам, пасьля таго, як у доме зьявяцца яго ложак, стол і крэсла. Адпаведна, каб засяліць нейкае пустуючае памяшканьне («засквоціць»), патрабавалася ўнесьці туды тры гэтых вельмі неабходных прадметы, патэлефанаваць у паліцыю і пацьвердзіць, што працэс скватаваньня адбыўся адпаведна з законам. Усё, пасьля гэтага дом пераходзіць з катэгорыі пустуючых у катэгорыю сквотаў.
Практыка стварэньня сквотаў асабліва пашырылася ў 70-х і 80-х гадах. Улады падтрымлівалі нефармалаў, зялёных, левых і арыстакратычную багему, што скватавалі даўно пустыя будынкі: так домаўладальнікі-спэкулянты не маглі падоўгу прытрымліваюць дамы, штучна ўзьнімаючы і без таго высокія кошты на жыльлё. Акрамя гэтага лічылася, што сквотэры абараняюць гістарычныя будынкі ад руйнаваньня, а таксама дазваляюць разьвіваць мастацтва.
Але з часам асноўнымі насельнікамі сквотаў сталі эмігранты, мастацтва пачало затухаць, а на месца яго прыйшло ўзрастаньне гвалту на свабодных тэрыторыях сквотаў. У выніку паўгады таму ў Нідэрляндах быў прыняты «антысквотаўскі закон», які зрабіў іх існаваньне вельмі цяжкім. З мапы Амстэрдаму зьніклі апошнія сквоты.
Пароль «Беларусь»
«Зараз вельмі шмат людзей, якія хочуць прыехаць і пажыць, але мы звычайна адмаўляем. Але вы зь Беларусі, а гэта вельмі цікавая краіна, амаль нікога адтуль у нас не было, таму вас запрасілі», — кажа адзін зь ідэолягаў Касы Марк.
І пачынаюцца доўгія пытаньні пра цэнзуру ў беларускім інтэрнэце і будучыню беларускага дыктатара. Марк аказваецца дастаткова моцна паглыбленым у сытуацыю, прыемна чуць яго неабыякавыя патаньні.
Марк — чалавек шматлікіх інтарэсаў, праводзіць большую частку жыцьця за маніторам альбо за маленькім экранчыкам свайго смартфону. Яго амэрыканскі акцэнт, гішпанская зьнешнасьць і вялікая вандроўная біяграфія не дазваляюць усталяваць дакладнае месцанараджэньне гэтага аднаго зь першых насельнікаў Сasa. Некаторыя людзі ў гэтым месцы ня надта любяць адказваць на асабістыя пытаньні, і расколваюцца «па-троху». Цяпер Марк жыве тут пастаянна. Праца раней была, але цяпер няма.
Большасьць насельнікаў Касы зарабляюць на часовых працах, а жывуць па прынцыпе «жыцьцё адбываецца тады, калі плянаў няма». Напрыклад 22-гадовы эстонец Олар мусіць працаваць кожны дзень для таго, каб, у тым ліку, перадаць крыху грошай на аплату кватэрных плацяжоў, якія пакуль ніхто не адмяняў.
«Вы бярэце тое, што жадаеце, і дзеліцеся тым, чым хочаце падзяліцца», — кажуць тут. І правіла дзейнічае!
Нехта робіць унёсак на паліцу Буккросінгу, а нехта вязе буккросінгавыя кнігі ў халодную Беларусь. Нехта, як галяндзец Максім, цягне ў Касу два заплечнікі даволі яшчэ ядомага, але не прыдатнага для продажу супэрмаркэтаўскага хлебу, а пасьля сядае за ноўтбук і ўсе наступныя суткі праводзіць за чарговай неверагодна займальнай кампутарнай стратэгіяй.
Леона-Антысквотэрка
На самым поўдні Нідэрляндаў у маленькім студэнцкім Маастрыхце жыве першакурсьніца Леона. Яе дом, пяціпавярховы гмах з двума дзесяткамі пакояў і паддашкам з выхадам да зор, амаль пусты. У ім чыста і прасторна, але там ніхто не жыве, акрамя самой студэнткі і яе сяброўкі Рамінты зь Вільні. За ўсё задавальненьне дзяўчыны плацяць 125 эўра ў месяц — нішто ні па галяндзкіх, ні нават па нашых мерках.
Некалькі гадоў таму, толькі паступіўшы ў мясцовы каледж, Леона распачала пошукі жытла. І наткнулася на абвестку ў газэце, якая абяцала неверагодна нізкую арэндную плату за цэлы дом у цэнтры Мастрыхту ў абмен на тое, каб за домам больш-менш даглядалі. Так Леона стала антысквотэркай.
Пад даглядам Леоны апынуўся цэлы касьцёл. Яна прынесла туды батут і пачала ладзіць паці
Галоўны яе абавязак — назіраць за тым, каб дом і прылеглы касьцёл не занялі сквотэры. Але Леона, дзякуючы папулярнаму сярод бэкпэкераў сайту CouchSurfing, ператварыла свой антысквот у сапраўндны сквот з усімі наступствамі гэтага кроку. У яе доме рэдка не бывае гасьцей, а сама яна штодзень атрымлівае дзесяткі запытаў на магчымасьць спыніцца. Асабліва шмат жадаючых пагасьціць у яе вялізным доме ўлетку. Але ўжо празь некалькі тыдняў яна будзе вымушаная шукаць новае жытло: уладальнік дому вырашыў шукаць больш выгоднае яго ўжываньне.
Адзін з пакояў маастрыхтскага антысквоту прыстасаваны да прагляду фільмаў
Аўстралійка Сара прыехала ў Амстэрдам тры месяцы таму, знайшла начную працу і засталася ў Casa Robino. Празь некалькі дзён яе эўрапейскія вакацыі скончваюцца, яна едзе да сваёй сяброўкі ў Данію, а адтуль вылятае ў Сыднэй.
«Амстэрдам надта добры горад, каб заставацца ў ім так доўга», — кажа Сара.
Калі Амстэрдам — гэта край сусьвету, то Casa Robino — яго апошні каўчэг. Карабель, дзе ўсё зьмяшалася ў вялікай міжнацыянальнай салаце, якую аўстралійка Сара старанна прыгатавала для кампаніі з двух беларусаў і амэрыканцаў, аднаго эстонца і галяндца. Дзякуй, Сара.
П’ю лагодна-цёплую гарбату, хутаюся ў футра. Рукі мерзнуць, аднак… І усё ж неверагодна радасна! Бо я ў самым сапраўдным СКВОЦЕ - маленькай высьпе анархіі ў горадзе Варшава...
У 2007 годзе Каця Безмацерных і Алесь Герасіменка трапілі ў маленькі варшаўскі сквот. Цяпер яны дабраліся і да сквотаў галяндзкіх. Пра тое, што яшчэ здарылася зь імі ў Амстэрдаме летам 2010-га, чытайце ў артыкуле «Чувакі, вы ў Амстэрдаме. Так трэба!»