ЖЖ дапамагае зьдзейсьніць мары хворых дзяцей

У апошнія дні ў беларускім жж назіраецца неверагодная салідарнасьць і актыўнасьць. На пост Тамары Лісіцкай у ейным дзёньніку адгукнулася процьма людзей. Справа ў тым, што Тома выклала сьпіс мараў маленькіх пацыентаў анкадыспансэра ў Бараўлянах. І больш за сотню людзей захацела дапамагчы зь іх ажыцьцяўленьнем.

Каля двух год Тамара Лісіцкая дапамагае дзеткам з анкадыспансэра ў Бараўлянах. Маленькія людзі трапляюць туды са страшнымі дыягназамі, але пры гэтым застаюцца дзецьмі – зь іх марамі, жаданьнямі і сьветапоглядам. Яны жывуць пад пастаяннай пагрозай сьмерці, але ў іх маленькім жыцьці ёсьць месца ўсьмешкам і радасьці, якія ім дораць неабыякавыя людзі.

Дык вось, у сваім жж Тома Лісіцкая выклала сьпіс мараў дзетак. Таксама пазначаны ўзрост і хвароба дзіцяці.

Праз два тыдні Лісіцкая ладзіць чарговы канцэрт для пацыентаў дыспансэра і прапанавала ўсім жадаючым дапамагчы з выкананьнем запаветных мараў.

І жадаючых знайшлося нечакана шмат – больш за сотню. А мары ў дзяцей самыя розныя: ад ровара да дзіцячага плястмасавага крэсьліца. Ёсьць тут і вялікі Мікі Маўс, і вельмі прыгожая папруга з джынсу, і нязьменная мара дзяўчынак – барбі, і вялікія лялькі, і мяккія цацкі, кніжкі ды плыты, плэеры і кампутары...

Пакуль не заняты цягнік з пультам, дзіцячыя цацачныя кампутары, хадункі, вялікі цацачны гэлікоптар, флэшка, мр3 плэер, прафэсійны мікрафон, сынтэзатар, ноўтбук...

Карацей, лепш самі наведайце жж Томы і паглядзіце на ўласныя вочы.

Сама Тома не чакала такіх актыўных водгукаў і неверагодна ўсім удзячна. Але ёсьць у яе і хваляваньні:

«Гэта першы маштабны досьвед выкарыстаньня жж для такога кшталту акцыі. Я разьлічвала, што некалькі чалавек набудзе лялькі, машынкі... Я прыемна зьдзіўлена! Але апасаюся, што другі раз так ужо не атрымаецца. Зараз гэты восеньскі канцэрт пачынае анансавацца як нешта маштабнае. Я не хачу, каб гэта стала чымсьці, да чаго людзі далучаюцца дзін раз у жыцьці. Дзецям патрэбна пастаянная ўвага ў спакойнай атмасфэры.»

За тры месяцы існаваньня жж Лісіцкай, у яе атрымалася знайсьці неабходныя лекі для сьмяротна хворых дзяцей, а таксама грошы на аплату гэтых лекаў. З дапамогай «жывога дзёньніка» вырашылася некалькі побытавых пытаньняў.

Наконт канцэртнай часткі Тома непакоіцца меней за ўсё – ў яе хапае сяброў, якія з задавальненьнем возьмуць удзел у канцэрце. Тым больш, што ён ня можа быць масавым па азначэньні – дзеткі ж хворыя, хутка стамляюцца. Ужо зараз вядома, што фокусьнік Пётр Стасевіч пагадзіўся зьдзівіць малых, далучыцца і гурт DaVinci. Але асноўныя дамовы будуць потым, калі артысты вернуцца з адпачынку.

Зараз галоўны клопат для Томы – правільна ўсё разьмеркаваць і арганізаваць, каб нікога не забыць і не пакрыўдзіць. На ейнае шчасьце, на дапамогу прыйшлі людзі, у якіх ужо ёсьць досьвед арганізацыі жж-акцый.

Таму – дзякуй Томе і ўсім, хто не застаўся абыякавым да мараў дзетак. Давайце зробім дабро пастаяннай складаючай нашага штодзённага жыцьця.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1828 seconds.