Менск. Партрэты: вядомыя беларусы ў працах францускага фотамастака Джэфа Баніфасіна

У паветры Менску пераплялося францускае і беларускае, а магчымы дождж прынёс лёгкую прахалоду. Адкрыцьцё выставы партрэтаў вядомых беларусаў фотамастака з Парыжу і вечаровыя сьпевы аднаго зь герояў сэрыі «Менск. Партрэты» – Зьмітра Вайцюшкевіча, зьнітаваныя з уражаньнямі ад францускага ваяжу – ўсё гэта 15 жніўня.

15 жніўня адбылося адкрыцьцё выставы «Менск. Партрэты» францускага фотамастака Джэфа Баніфасіна. Яму ўсяго 30, але ён пасьпеў павандраваць па сьвеце. Напрыклад, Джэфа моцна ўразіла Бурація, якая цалкам зьмяніла ягоны сьветапогляд. А потым у францускай прэсе Баніфасіну патрапіліся артыкулы пра Беларусь, у якіх аўтары намагаліся выклікаць спачуваньне чытача, і тым самым прыніжалі краіну. Джэф адчуў, што ў Беларусі мусяць быць творчыя таленавітыя людзі, якія робяць сваю справу насуперак усім цяжкасьцям. І вось два гады таму Джэф Баніфасіна наведаў Беларусь – і пазнаёміўся з гэтымі людзьмі. Вынікам стала сэрыя з 25 партрэтаў.

Уладзімір Арлоў на фота Джэфа Баніфасіна

Лявон Вольскі на фота Джэфа Баніфасіна

Сьвятлана Сугака на фота Джэфа Баніфасіна

Нічога мудрагелістага – схадзіў да іх у госьці, падлавіў характар. І вось зараз мы можам убачыць усе гэтыя працы: Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, Міхал Анемпадыстаў, Уладзімір Арлоў, Адам Глёбус з дачкой Ядзяй, Андрэй Дынько і іншыя выбітныя твары.

Джэф Баніфасіна распавёў Generation.by аб тым, як ішла праца над партрэтамі:

«У асноўным мне было важна сустрэцца зь людзьмі, пра якіх мне распавялі. І, канешне, мне хацелася, каб яны былі шчырымі. Таму было істотным ня толькі тое, што яны робяць, але і атачэньне: у месцах, дзе яны жывуць і працуюць, ім было лягчэй раскрыцца. Я не магу сказаць, што я добра ведаю гэтых людзей. Але калі між намі ўзьнікла пэўная шчырасьць, яны паказалі свой характар.»

Гэта другая вандроўка Джэфа ў Беларусь. Па ягоным прызнаньні, першы раз ён «доўга ня мог уехаць, дзе можна папіць кавы альбо знайсьці патрэбную краму». Але зараз ён адчувае сябе камфортна. Тым больш, што ў Джэфа тут зьявіліся сябры.

Джэф Баніфасіна і Міхал Анемпадыстаў

Пад самы канец прыйшоў Міхал Анемпадыстаў. Яго настойліва клікалі выпіць кілішак за адкрыцьцё, але спачатку Міхал усё ж вырашаў падрабязна азнаёміцца з выставай. І вось, у пустой залі, пад гукі раялю, Міхал падзяліўся з намі ўражаньнямі ад фотасэсіі.

Джэф завітаў да яго ў госьці, сонейка сядала і трэба было лавіць момант. Таму доўга Анемпадыстава ня мучылі – здымалі на ягоным гаўбцы. Міхал распавёў, што год 10 таму ў яго была ідэя зрабіць сэрыю партрэтаў вядомых беларусаў. Нават ужо дамовіўся з шэрагам фатографаў так званай «менскай школы». Але праект так і не пераўтварыўся ў жыцьцё. Потым сышла з жыцьця Станюта – яна была натхняльніцай і мусіла распачаць шэраг партрэтаў. Справа сапраўды была патрэбнаю – за гэты час ня стала столькіх выбітнейшых людзей, і ўжо ніколі ня будзе магчымасьці назаўсёды перанесьці асобу чалавека на фотапаперу.

Дарэчы, Джэф Баніфасіна зьбіраецца і найдалей рабіць партрэты беларусаў. З нашай гутарцы вынікла, што ніякага новага праекту ад гэтай вандроўкі на Беларусь не нарадзілася. Але выстава паедзе далей: зноўку пройдзе ў Францыі, потым у Вялікабрытаніі і яшчэ ў шэрагу краінаў. Да Менску «Партрэты» ўбачылі наведвальнікі парыскай галерэі «Лядоўня» - стартавай пляцоўцы маладых францускіх талентаў.

Зьміцер Вайцюшкевіч на фота Джэфа Баніфасіна і ў кавярні

Яшчэ адзін партрэтны герой, Зьміцер Вайцюшкевіч, быў выпадкова знойдзены з кубачкам эспрэса і гітарай у «Старым Менску». Крыху офтопіку: выглядаў Зьміцер проста цудоўна, дый у музычным пляне даў жару. Мабыць, нават сам не чакаў, што так добра пойдзе. Распавёў, як перакладаў для французаў зьмест песьні «Прыйдзі, мой каханы». У адаптаванай пад францускія рэаліі вэрсіі, гіт пра «сэрца, што грукоча і хочацца шчасьця», стаў гімнам беларускай фэміністкі, якая змагаецца за свае ідэалы і месца ў жыцьці. Французам песьня спадабалася. Увогуле, неяк шмат французаў было ўвечары 15-га ў горадзе Менску: хто на выставу, хто на міні-канцэрт Вайцюшкевіча. Дарэчы, яшчэ адзін герой партрэтаў Баніфасіна, Мікалай Халезін, таксама прыйшоў паслухаць Зьмітра.

Было некалькі ўжо клясычных шэдэўраў. Напрыклад кампазыцыя, якую сам Зьміцер абазваў песьняю «пра дзевачак, якія ўжо...», карацей – «Пані трошкі ў гадах». А так – лёгкі эратычны падтэкст (як піць даць, закахаўся) і імправізацыя. Угадай мэлёдыю: «тое, што зараз стаіць, калі-небудзь будзе вісець»... Адгадка: сьцяг (правільны). Песьня – «Мірныя людзі».

Усё. Офтопіку канец. Вяртаемся да выставы Джэфа. Зьміцер запэўніў, што «Джэф – класны хлапец». Як і ў выпадку з Анемпадыставым, усё здарылася хутка. Праца вельмі спадабалася Зьмітру. Нам, дарэчы, таксама. Падаецца, што сапраўды адлюстроўвае вайцюшкевічаскую аўру. Здымак быў зроблены ў матчынай хаце Зьмітра, у вёсцы Бярозаўка, дзе прайшло слаўнае дзяцінства куміра жаночых сэрцаў.

Выстава фота Джэфа Баніфасіна

Сама галерэя Шчамялёва, дзе праходзіць выстава, знаходзіцца ў маляўнічым раёне, проста такі ў культурніцкім цэнтры Менску – ў Серабранцы, акурат побач з цырульняй. Нягледзячы на складаны лёс галерэі, якая раней месьцілася ў самым цэнтры Менску, нават са шматлікімі перасадкамі туды дабіраюцца госьці. Акрамя экспазыцыі мастака, імём якога і названа галерэя, там адбываюцца цікавыя выставы, а таксама ладзяцца музычныя вечары. Дарэчы, нядаўна ў галерэі зьявіўся раяль. Таму адкрыцьцё выставы «Менск. Партрэты» прайшло ў гуках раялю і саксафону, а таксама казачная дзеўчына кранальна выканала францускую песьню.

Выстава будзе доўжыцца па 30 жніўня, працуе галерэя да 19 вечара, акрамя нядзелі і панядзелку.

Так што сачыце за падзеямі на праcпэкце Ракасоўскага, 49.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0587 seconds.