Студэнцкія ільготы ва Ўкраіне: у цэнтры спрэчак два летнія месяцы

Пытаньне скасаваньня ільготаў можа набіць аскоміну, калі б не набліжэньне часу, калі ў касе менскага мэтро ня будзе падзелу на «талёнчыкі і жэтоны» і ўсе будуць езьдзіць за поўны кошт. Якая сытуацыя ў суседняй Украіне? Якія ільготы маюць украінскія студэнты і за што яны зараз змагаюцца якраз у сфэры сацыяльных ільготаў? Гісторыя пытаньня і меркаваньні ўкраінцаў - у матэрыяле Generation.by.

Гісторыя пытаньня і хроніка змаганьня

Пытаньне ільготаў праблемнае для любога Ўраду. Ва Ўкраіне неаднаразова былі спробы скасаваць студэнцкія ільготы на праезд у грамадзкім транпарце. Але ўладальнікі ільготаў бароняць свае правы. І часта пасьпяхова.

Так, у 2000 годзе праз студэнцкія акцыі, ільготы былі захаваныя. У канцы 2003 года ўкранскі міністар адукацыі Васіль Крэмень (зараз міністар Станіслаў Нікалаенка) заявіў пра скасаваньне студэнцкіх ільготаў. Але ўжо праз 10 дзён з-за ціску студэнтаў ад намеру скасаваць студэнцкія ільготы міністэрства адмовілася.

А ўвосень 2004 Кабінет Міністраў Украіны прыняў пастанову, аб тым, што студэнты недзяржаўных ВНУ і навучэнцы ПТВ усіх формаў уласнасьці з 1 студзеня 2005 года будуць атрымліваць ільготы на транспартны праезд на роўні з навучэнцамі дзяржаўных вышэйшых установаў. Дагэтуль права на ільготы мелі толькі студэнты дзяржаўных ВНУ.

Зараз сытуацыя са студэнцкімі ільготамі выглядае хутчэй не як пытаньне "быць ці ня быць", а як дыскусіі/спрэчкі/змаганьні па пытаньню ільготаў студэнтам на праезд у два летнія месяцы - ліпень і жнівень. Бо паводле дзейнага ўкраінскага заканадаўства, права ільготнага праезду студэнтам прадастаўляецца з 28 жніўня па 28 чэрвеня.

Актыўныя ўкраінскія студэнты праз свае студэнцкія арганізацыі ўжо другі год патрабуюць ад Ураду адмяніць пастанову Кабінэта Міністраў Украіны ад 05 красавіка 1999 г. № 541 «Аб зацьвярджэньні Парадку прадастаўленьня ільготнага праезду студэнтам вышэйшых навучальных установаў», бо якраз яна і абмяжоўвае студэнцкія ільготы ў два летнія месяцы.

Кіраўнік Украінскай асацыяцыі студэнцкага самакіраваньня (УАСС) Аляксей Кляшторны лічыць, што гэтая дзейная пастанова супярэчыць артыкулу 9 закона Ўкраіны «Аб садзейнічаньні сацыяльнаму станаўленьню моладзі ва Украіне», што гарантуе вучням і студэнтам ільготы на праезд па тэрыторыі Украіны чыгункай, водным, аўтамабільным, гарадзкім (акрамя таксі) транспартам на працягу ўсяго году.

«У ліпені і жніўні большасьць студэнтаў праходзіць практыку, што зьяўляецца афіцыйнай часткаю вучэбнага працэсу, а таму яны маюць поўнае права карыстацца зьніжкамі на праезд. Больш таго, студэнтам зьніжкі патрэбны і для паездак на адпачынак, бо дзяржава мусіць клапаціцца пра захаваньне іхняга здароўя», – лічыць Кляшторны.

У выпадку бязьдзейнасьці Кабінэту Міністраў наступным крокам УАСС абяцае падачу  грамадзянскіх зыскаў. Зараз студэнты могуць адпраўляць на адрэсу Асацыяцыі квіткі, што былі набытыя за поўны кошт. Інфармацыйную падтрымку забясьпечыць Студэнцкая рада Кіеву.

У пачатку ліпеня Віктар Юшчанка накіраваў ліст прэм’ер-міністру Віктару Януковічу з просьбай асабіста пракантраляваць фінансаваньне бюджэтных праграмаў, арыентаваных на сацыяльную падтрымку студэнцтва. У лісьце адзначалася, што фінансаваньне некаторых з гэтых праграмаў знаходзіцца на нізкім узроўні.

На самой справе, фінансаваньне ня проста на нізкім узроўні, а нават адсутнічае па некаторых праграмах. Мінулым годам выдаткі, зьвязаныя з прадастаўленьнем ільгот на праезд чыгункай увогуле не былі заяўлены Міністэрствам па справах сям’і, моладзі і спорту ў дзяржбюджэце на 2007. Тады прэс-служба «Укрзалізныця» (украінская чыгунка) заявіла, што такая бязьдзейнасьць міністра Юрыя Паўленка прывядзе да таго, што дзеці і студэнты ільготнікі будуць плаціць поўны кошт.

Больш таго, адпаведныя міністэрствы вінныя вялікія сумы чыгунцы Украіны. На 1 жніўня 2006, запазычанасьць Міністэрства адукацыі і навукі Украіны перад чыгуначнікамі за ільготныя перавозкі з улікам запазычанасьцяў мінулых гадоў склала 48,5 мільёнаў грыўняў (ля 9,7 мільёнаў даляраў). Міністэрства Украіны па справах сям’і, моладзі і спорту на тую ж дату было віннае 34 мільёны грыўняў (6,8 мільёнаў даляраў). А па апошніх дадзеных да канца 2007 страты «Укрзалізныця» будуць складаць ужо каля 4 мільярдаў грыўняў.

Пры тым, зыскі чыгункі да міністэрстваў судамі задаволены не былі.

Праблему зь ільготным праездам абяцалі вырашыць да канца навучальнага году. Генэральны дырэктар «Укрзалізныця» Уладзімір Козак заявіў, што ён і міністры змогуць дамовіцца.

Сам жа міністар адукацыі і навукі Ўкраіны Станіслаў Нікалаенка заявіў, што падтрымлівае прадастаўленьне транспартных ільготаў студэнтам цэлы год:

«Тэарэтычна, я лічу, што можна падтрымаць студэнтаў, і такую ініцыятыву буду праяўляць.»

«Дзяржаве студэнты рэальна па барабану»

І вось навучальны год скончыўся, а зь ім – і ільготы. Да восені студэнты будуць аплочваць увесь кошт квіткоў на грамадзянскі транспарт.

Сытуацыю вакол студэнцкіх спраў патлумачыў нам Ігар Сымчыч, намесьнік старшыні Суполкі ўкраінскай моладзі (СУМ):

«Дзяржаве студэнты рэальна па барабану. Палітыкі дбаюць пра інтарэсы студэнтаў толькі перад выбарамі, а паколькі выбары ў нас даволі часта, то ў студэнтаў ёсьць магчымасьць штосьці для сябе выгадаць.

Але сэсія скончылася, студэнты распаўзьліся па барах – і пытаньне павісла. Захаваньня ільготаў і на лета дамагчыся не атрымалася. Тое, што робіць УАСС – добрая справа адмыслоўцы, але мала зьнітаваная са студэнцкім жыцьцём. Таму зараз няма чаго чакаць – хутчэй, у верасьні, бліжэй да выбараў.

Зразумела, што любы ўрад будзе старацца пазбавіцца ад ільготаў. Таму і «забываюць» уключыць некаторыя зь іх у бюджэт. У 2000, калі было прынята рашэньне скасаваць цэлы шэраг сацыяльна важных ільготаў, мы дамагліся захаваньня студэнцкіх наступным чынам: перад вокнамі Кабінэту сабралася моладзь, прывялі казла і кабаньчыка, расфарбавалі і павесілі на жывёлак шыльдачкі зь імёнамі міністраў. У выніку пад вечар было прынята рашэньне захаваць ільготы студэнтам :)»

Сёньня кошт, напрыклад, поўнага жэтончыка ў кіеўскім мэтро  – паўгрыўні, то бок, ля 200 - 250 беларускіх рублёў, гледзячы, па якім курсе лічыць. Студэнтам зьніжак няма. Але ільготныя праязныя разьмяркоўваюцца праз студэнцкія прафкомы – галоўнае не спазьніцца з заявай. Самы распаўсюджаны від наземнага транспарту – маршруткі. Зразумела, яны прыватныя – і тут таксама ніякіх палёгкаў.

Але калі чыгунка, нягледзячы на ўсе даўгі міністэрстваў, усё ж захавала ільготы, то большасьць міжгародніх аўтобусных перавозчыкаў – прыватныя і зьніжак не даюць, бо страты перавозчыка дзяржавай не кампэнсуюцца.

Насамрэч, мясцовыя ўлады самі вырашаюць пытаньні з аплатаю праезду, напрыклад, у Хэрсоне няма аніякіх ільготаў, а ў Львове – ёсьць ільготныя квіточкі за 30 капеек.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0633 seconds.