Зьміцер Вайцюшкевіч запрашае на свой Дзень Народзінаў
20 ліпеня, а 19:00, Зьміцер Вайцюшкевіч запрашае ўсіх прыхільнікаў і сяброў на свой Дзень Народзінаў. Традыцыйна сьвяткаваньне пройдзе ў Малой Залі КЗ «Мінск». У гэтым годзе сьпеваку спаўняецца 36 год. Зьміцер да гэтага ставіцца аптымістычна: «У мяне шмат часу – у 35 год Мулявін толькі пачынаў працаваць зь «Песьнярамі». Я магу напісаць мюзікл, альбо засьпяваць гіп-гоп, альбо скласьці сымфонію».
Сярод тых, хто прыйдзе павіншаваць Тодара будзе гурт «Серебряная свадьба» і Сяргей Пукст. Паспрабуе Зьміцер сабраць у залі і сваіх калегаў-паэтаў – Рыгора Барадуліна, Уладзімера Някляева, Леаніда Дранько-Майсюка, Алеся Камоцкага ды іншых.
Вялікімі сольнымі выступамі сьпявак адзначае Дзень Народзінаў ужо чацьверты год запар. Прычым Вайцюшкевіча ніколькі не бянтэжыць, што якраз у гэтыя ліпеньскія дні ў Польшчы праходзіць музычны фэстываль «Басовішча» і шмат хто зь ягоных аматараў зьязжае туды.
«Лічыце гэта маім альтэрнатыўным басовішчам», - жартуе Зьміцер і дадае: «Некаторыя скардзяцца, што падчас выступаў WZ-Orkiesrta ім мяне «не хапае» – прыходзьце 20-ага ды слухайце. Мяне будзе шмат!»
Падрабязьней на афіцыйным сайце сьпевака todar.net.Квіткі можна набыць у касах Менска – ЦУМ, падземныя пераходы ля ГУМа і на плошчы Якуба Коласа і КЗ “Мінск”. Даведкі па тэлефонах: (029) 69 88 277, 77 88 277.