Культаваму «Графіці» - 8 год!

У пятніцу 13-га легендарны калісьці клюб, а зараз – культавая закусачная Графіці адзначае свой восьмы Дзень народзінаў. Як заўсёды – цёплая атмасфэра, вузкае кола сяброў... Ды і дзе таму колу быць шырокім? Часам думаеш, як усе гэтыя людзі тут зьмясьціліся? У гутарцы з колішнім і цяперашнім арт-дырэктарамі Пашам Кашырыным і Янкам Буслом, якія разам ладзяць сьвяткаваньне, вы даведаецеся пра ўсе сюрпрызы пятніцы і што для іх значыць «Графіці».

На пятніцу колькасьць месцаў разьлічана чотка – кожны, хто прыйдзе павіншаваць любімую закусачную, сам атрымае падарунак – келіх піва. А піва, як вядома, заўсёды не хапае. Таму акурат – 60 месцаў. Зь іх чалавек 20 – віпы. Ужо забілі месцаў 20 – застаецца прыкладна столькі ж.

У праграме – неабходны мінімум на сталах (шампань і ўсё такое...), максымум пазытыву, падарункі-пацалункі і, зразумела, добрая музыка. Дакладна будзе джаз, Postscriptum – гурт, які першы выступіў у сьцянох Графіці, гурт Consul B. Але і не без імправізацый.  Мо хто з гасьцей, разгарачыўшыся падаруначным півам, выйдзе на сцэну, то бок – да бару. Запрашэньні атрымалі, напрыклад, гурт Дзеці Дзяцей, Вайцюшкевіч, Варашкевіч, Хаменка...

«Я НЕ МАГУ СКАЗАЦЬ, ШТО ГРАФІЦІ - СПРАВА МАЙГО ЖЫЦЬЦЯ»

Для многіх людзей Графіці назаўсёды зьнітавана зь імём Пашы Кашырына. Надышоў час сьлёз, дзяўчаткі, – Пашачка надумаў ажаніцца! Дакладна не вядома, калі гэта зь ім здарылася, таксама выведка не дакладвала, што за яна, абраньніца кашырынскага сэрца. Праверылі  – дакладна не з каманды Generation.by :) Пакуль яшчэ сямейнае шчасьце не паглынула Пашу з галавой, у яго знайшлося колькі часу распавесьці пра Графіці і клюбнае сьвята:

«Наагул, Дзень народзінаў у Графіці 8 чэрвеня, але мы дамовіліся не сьвяткаваць, пакуль зноўку не дазволяць прадаваць піва. І вось два тыдні таму піва зьявілася! Таму адначасова сьвяткуем Дзень народзінаў і заканчэньне сэзону.»

Паша, шырокай душы чалавек, так і ня змог вылучыць лепшы канцэрт:

«Бо гэта так жа сама немагчыма, як сказаць, каго са сваіх дзяцей або сяброў ты любіш болей. Адныя канцэрты былі лепшымі за іншыя, а за некаторыя нават сорамна. Але гэта – як жыцьцё: сёньня лепей за ўчора, заўтра – лепей за сёньня.»

Хаця, усё ж такі ёсьць канцэрт, на дзень якога Паша не забываецца: 9 сьнежня 2001 у Графіці выступіла Крама. Хай сабе і невялічкі, але гэта быў першы выступ зоркі беларускага року такога маштабу. Ну а пасьля Кашырын стаў проста майстрам арганізацыі маленькіх сустрэчаў зь вялікімі гуртамі – ўсе выбітныя каманды гралі ў сьцянох Графіці. Хаця выбітнасьць, часам, справа густу. Паша запрашае толькі тых, хто яму самому падабаецца: N.R.M., Neuro Dubel, Вайцюшкевіч, Троіца, Палац, Крыві... З музычным густам у Пашы ўсё нармалёва.

«Я пачаў працаваць фактычна зь першага ліпеня 2001 і да лістапада 2005. На маё месца прыйшоў мой намесьнік Ян. Сышоў я сам. Вырашыў далей пайсьці самастойна. Зрабіў сабе індывідуальнага прадпрымальніка»

Ага, мо тут і разгадка таямніцы Пашавай жаніцьбы – па новым заканадаўстве, індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць працаваць толькі з членамі сваёй сям’і.

«Я не магу сказаць, што Графіці – гэта справа ўсяго майго жыцьця. Але зараз цяжка спрагназаваць, што тут у нашых умовах будзе адбывацца. Немагчыма штосьці загадваць... Зараз ідуць перамовы аб пераезьдзе Графіці з пашырэньнем жылплошчы.»

Хто ведае, а мо гэта будзе апошні Дзень народзінаў закусачнай у звыклых сьцянох?

«ПА СУТНАСЬЦІ - ГЭТА МАЯ МАЙСТЭРНЯ»

Янка Бусел

Як ужо зазначалася, пасьля сыходу Пашы Кашырына, арт-дырэктрам стаў Янка Бусел, ужо добра вядомы «лунны хлопчык» які ладзіць тут, у нас на Зямлі, незямныя канцэрты:

«Закусачная Графіці для мяне ў першую чаргу – месца рэалізацыі творчых думак, і толькі ў другую – праца. Па сутнасьці – гэта мая майстэрня, дзе я магу экспэрымэнтаваць, прыдумляць штосьці новае. Зразумела, памеры памяшканьня і іншыя своеасаблівасьці закусачнай не дазваляюць рэалізаваць усё, што назапасілася ў галаве, але лепшае – наперадзе. Графіці – мой другі дом. А па сутнасьці я ў ім часу праводжу болей, чым там, дзе я ночу»

Янка ня можа з дакладнасьцю назваць колькасьць канцэртаў за ўсю гісторыю Графіці – мо нават і болей за тысячу. У сэзон здараецца, што вечарыны ладзяцца штодня. Найбольш запомнілася Янку вечарына Halloween Party 2006, якая ладзілася ў межах Творчага дому. Было яшчэ зь дзесятак незабыўных імпрэзаў, але менавіта гэта ўзгадваецца часьцей. Як і зачыненая вечарына з Billy’s Band усё ў тым жа 2006. Янка тады яшчэ і Дзень Народзінаў сьвяткаваў :)

Распавядаючы пра пляны на будучыню, Янка, перш за ўсё просіць не асацыяваць MoonchildGroup з Графіці. Графіці – гэта пляцоўка, а MoonchildGroup – гэта «я і мая каманда, якая ладзіць вечарыны».

Навядзем храналягічны марафет: спачатку былі вечарыны ў межах Творчага дому, потым усё паступова перарасло ў новы фармат і Янка пачаў займацца канцэртамі, а пасьля яго запрасілі ў Графіці:

«У будучыні хачу зрабіць акцэнт на трыбьютах, асабліва тых гуртоў, якіх крыху падзабылі. А таксама працягнуць папулярызацыю джазу. Досьвед сьведчыць, што многія закахаліся ў гэтую музыку менавіта пасьля джазавых вечароў у Графіці.»

Закусачнай Графіці Янка жадае доўгіх год жыцьця і здароўя.

А Generation.by зычыць, каб у легендарных сьцянох адбылося яшчэ болей незабыўных канцэртаў, цёплых вечарынаў і каб не адно пакаленьне беларускіх мэляманаў, аматараў джазу і року, лічылі сваім домам Графіці. І каб у закусачнай не мянялася коштавая катэгорыя і заўсёды было што і чым закусваць (ох ужо гэтыя знакамітыя капэрцікі)...

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0683 seconds.