Сёньня - Дзень Пацалунка!

Сёньня – сусьветны Дзень Пацалунка! Прыкладна два тыдні свайго жыцьця чалавек цалуецца. У тых, хто ня ведаў, яшчэ ёсьць час распачаць сьвяткаваньне і расьцягнуць гэты сьціплы тэрмін. Дзень Пацалунка прыдумалі брытанцы, а дваццаць год таму ён быў зацьверджаны Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый. Сёньня ў шматлікіх гарадах ладзяцца конкурсы пацалункаў з прызамі і падарункамі.

Гістарычныя факты

Дакладна не вядома, як і калі зьявіўся пацалунак. Таксама няма адзінага меркаваньня, чаму людзі гэта робяць.

Хтосьці лічыць, што гэта закладзена прыродай, іншыя шукаюць прычыну ў культурніцкіх традыцыях. Некаторыя тлумачаць патрэбу ў пацалунках тым, што людзі штодня бачаць тых, хто цалуецца, на экранах тэлевізараў, на вуліцах і г.д. У выніку, у пэўных сытуацыях пацалунак успрымаецца як абавязковая іх складаючая. Гэта падсьвядомы стэрэатып і людзі цалуюцца нават калі ім гэта не патрэбна :)

Існуе і шмат прыгожых легендаў. Напрыклад, быццам бы ў дыханьні жыве душа чалавека, таму спалучэньне дыханьняў – гэта шлюб душаў.

Дарэчы, пацалункі ў розныя часы і ў розных народаў мелі сваё выражэньне. Так, у Эгіпце ў часы фараонаў нікому б і ў галаву не прыйшло датыкацца вуснамі да твару блізкага чалавека.

Тое самае і ў большасьці сучасных чарнаскурых афрыканцаў, якім цалавацца гідка.

Аўстралійскія абарыгены цалуюцца, прыклаўшы лоб да ілба.

Маоры Новай Зэляндыі, эскімосы й малайцы труцца насамі.

У старажытных рымлянаў існавала некалькі відаў пацалункаў: сяброўскі пацалунак твару або шчакі – osculum, стрыманы пацалунак у вусны – basium і інтымны пацалунак – suavium. У сучаснай Амэрыцы і Эўропе пацалунак – неад’емная частка культуры.

Вядомыя цалавальнікі:

  • Амэрыканец А.Е. Вольфрам за 8 гадзінаў пацалаваў 8001 чалавек 15 верасьня 1990 падчас фэсту, што ладзіўся ў штаце Мінэсота.

  • Першы пацалунак на экране: 1896 – цалаваліся Мэй Ірвін і Джон С. Райе ў 30-сэкундным роліку Томаса Эдысана «Пацалунак».

  • Самы насычаны пацалункамі фільм: «Дон Жуан» (1926), у ім налічылі 191 пацалунак.

  • Самы доўгі пацалунак у гісторыі кіно: Рэджыс Тумі і Джэйн Ваймэн цалаваліся цягам 185 сэкундаў у фільме «You’re in the army now» (1940), што складае 4% усёй працягласьці фільма.

  • У адным з штатаў Амэрыкі ёсьць закон які забараняе вусатым-барадатым мужчынам цалаваць чалавечыя істоты.

  • У мінулым годзе адмыслова да Дня Пацалунку кампанія Café Kiss правяла вызначыла самыя лепшыя вусны. Бясспрэчнай лідаркай стала Анжаліна Джалі. Менавіта яе большасьць апытаных, а іх было дзьве тысячы, хацела б пацалаваць у вусны. Сярод мужчынаў перамог вядоўца ТВ-праграмаў Джонатан Рос.

А яшчэ літаральна праз 12 з паловай гадзін споўніцца 100 год сусьветна вядомым цукеркам Hershey's Kisses.

Ну а калі няма Hershey's пад рукой, у любой (ну, амаль) беларускай краме можна знайсьці неверагодна смачнае суфле «Мішкін пацалунак»:)

У Беларусі пра гэтае сьвята мала хто ведае. Няма ні конкурсаў з падарункамі, ні вулічных сьвяткаваньняў. Таму – запомніце гэтую дату, каб у наступным годзе адарвацца напоўніцу. Глядзіш, і паставім які сусьветны рэкорд.

SlaDa 20:20, 06/07/2007 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1243 seconds.