Віленскі кірмаш Kaziukas: шкарпэткі ёсць нават для прэзідэнта

Калі б перад тым, як наведаць Kaziukas, вы вырашылі азнаёміцца з апісаннем падзеі ў якой захапляльнай кнізе пра Вільню, то пабачылі б прыкладна наступнае: «Kaziukas — гэта самая важная падзея года. Цягам Казюкаса мы, тутэйшыя, у поце чала робім сабе вясну метадам шматгадзіннага бадзяння па горадзе, штурхання ў святочным натоўпе, закупкамі керамічных місак, паглынаннем абаранкаў і размахваннем Казюкамі».

Больш дакладнае апісанне таго, што адбываецца кожныя першыя веснавыя выходныя ў Вільні, уявіць складана. Дзясяткі тысячаў людзей з Літвы і навакольных краін накіроўваюцца ў гэтыя дні ў Вільню, каб разам з вясной сустрэць чарговы буйнейшы ў дзяржаве, а, можа быць, ва ўсім рэгіёне, рамесны кірмаш пад назовам «Казюкас».

І няхай дзіўнае спалучэнне літар з характэрным літоўскім канчаткам не засмучае вас: калі ад канчатку гэтага пазбавіцца, то з балтыйскага назову лёгка выплыве імя вялікага князя Казіміра — гістарычнага персанажу, аднолькава блізкага як літоўцам, гэтак і беларусам.

Яшчэ сярод віленчукоў ёсць меркаванне аб тым, што хто не бачыў Казюкас, той наўрад ці мае шанцы займець поўнае ўяўленне пра сутнасць літоўцаў. Гэты народ сапраўды гатовы шэсць гадзін таўчыся ў вялізным натоўпе сабе падобных, а таксама абаранак, свечак, гліняных талерак, чыгунных місак, фарбаваных яек, табурэтак, сыроў, цукерак, мыла, вербаў і іншых надзвычай патрэбных у кожнай хаце тавараў, каб абысці ўсю гэтую гіганцкую выставу творчасці рамеснікаў ці простых фанатаў хэнд-мэйду. І набыць адну-адзіную каляровую кветку-вярбу, што яшчэ завуць казюкам.

Аднак слова «Казюкас» паходзіць не ад гэтага фірмовага атрыбуту Віленшчыны, актуальнасць якога расце штодня з набліжэннем свята Вялікадня. Прынамсі афіцыйная версія тлумачыць паходжанне назову кірмашу ад імя таго самага князя Казіміра. Так супала, што кананізавалі яго прыкладна ў менавіта гэтыя дні ранняй вясны, калі яскравае сонца імкнецца прагнаць надакучлівы снег. З часоў кананізацыі прайшло болей за чатыры стагоддзі. А свята, якое паступова перарасло ў кірмаш, усё яшчэ пазначаецца ў календары за важную дату.

У пошукі найпрыгажэйшай вярбы пускаецца нават прэзідэнтка Літвы Даля Грыбаўскаце. І не для сябе шукае яна кветку: Даля спадзяецца падараваць адзін з самых знакамітых сімвалаў Вільні новаму Папе, якога з дня на дзень мусяць абраць у Рыме. Аднак лёс складаецца так, што замест вярбы прэзідэнтка знаходзіць шкарпэткі з цудоўным узорам, якія неадкладна ж вырашае прыдбаць. Вярба адступае на другі план перад талентам рук аднаго з рамеснікаў.

Акрамя засушаных кветак з Казюкасу проста нельга сысці без абаранкаў і пернікаў з біблейскімі цытатамі ці простымі прызнанні ў каханні. Гэта з абавязковага. Апцыянальныя пакупкі могуць вар’іравацца ад гіганцкага коміну з развалаў антыкварыяту да добрага свінога кумпяка з аднаго з дзясяткаў мясных намётаў, што чаргуюцца з гэткімі ж шматлікімі хлебнымі, сырнымі, кавальскімі і ганчарскімі сталамі.

Хаця большасць прыходзіць на кірмаш хутчэй як на выставу пад адкрытым небам ці нават у парк забаваў. Наведвальнікі не спяшаюцца ператварацца ў пакупнікоў: іх рухі разняволеныя, вочы не засяроджваецца на вывучэнні коштаў, а ўсміхаюцца пад першым веснавым сонцам. Калі ж пераход у стан пакупніка ўсё ж адбываюцца, дыялог з прадаўцом можа зайсці далёка за тэму гандлю. Апошнія таксама не вельмі напружваюцца: здаецца, што прыйшлі сюды не дзеля прыбытку, а найперш для дэманстрацыі ўласнага, няхай і невялікага ў колькасці, але дарагога сэрцу вырабу. Нехта з гандляроў ужо ад раніцы пачынае з дэгустацыі ўласнага тавару (як яшчэ, калі гэты тавар — найсмачнейшае хатняе піва?), што непазбежна вядзе да далучэння да дэгустацыі выпадковых мінакоў. Усмешлівыя півавары нават самі не заўважаюць, як палова іхняга пеністага тавару разыходзіцца па натоўпе.

Усё яшчэ мітусіцца толькі ўкраінка, што спрабуе распрадаць свой вялізны запас хустачак і сукеначак самых розных варыяцыяў украінскіх арнаментаў. Але таварам мала хто цікавіцца. Можа, справа ў тым, што ейная пазіцыя аказваецца не ў самым выгодным становішчы: напрыканцы кіламетровага праспекту Гедыміна ля сейма рэспублікі там, дзе сканчаецца адно з адгалінаванняў вялізных шчупальцаў Казюкаса?

Іншыя часткі кірмашу, сёлета рэкорднага па памерах, захапілі такія цудоўныя раёны Вільні, як Зарэчча — дагэтуль незалежнае ад усяго свету, з уласнай Канстытуцыяй і міністрам замежных справаў (тут бясплатна раздаюць гарбату з нейкіх дарэвалюцыйных самавараў) — Ратушную плошчу з бясконцым канцэртам артыстаў з усіх канцоў краіны, Кафедральную плошчу, дзе роўна ў 11 гіганцкая фігура Казіміра, гэтаксама як і ў 17 стагоддзі, пачынае шэсце праз увесь Стары Горад. Ідэальны сюжэт для казкі.



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0467 seconds.