Заўтра стануць вядомыя новыя сем цудаў сьвету
Заўтра – вельмі незвычайная дата. Сёмы дзень сёмага месяца (дзьве тысячы) сёмага году. Менавіта ў гэты дзень ў Лісабоне адбудзецца ўрачыстае падвядзеньне вынікаў інтэрнэт-апытаньня на тэму «Сем новых цудаў сьвету».
«Сем цудаў сьвету» – сьпіс самых знакамітых і слаўных помнікаў антычнай культуры. Напэўна, усе чулі пра іх, хаця зь пералікам усіх сямі могуць быць праблемы. Гэта былі:
- піраміда Хэопса ў Гізе
- вісячыя сады Сэміраміды
- храм Артэміды ў Эфэсе
- статуя Зэўса ў Алімпіі
- Александрыйскі маяк
- Радоскі калёс
- маўзалей ў Галікарнасе.
Зь іх ліку, у выніку розных катаклізмаў, да сёньняшняга дня захвалася толькі піраміда ў Гізе. Калі нехта ня мог іх усіх узгадаць – не бяда, бо заўтра стане вядомы абноўлены, сучасны сьпіс цудаў сьвету.
Сем гадоў таму швэйцарскі дасьледчык і рэжысэр Бэрнард Вэнгэр вырашыў правесьці глябальнае апытаньне і даведацца, што сучасныя людзі лічаць галоўнымі цудамі сьвету. Ён адкрыў адмысловы фонд і сайт, на якім кожны можа скласьці свой ўласны сьпіс сямі самых знакамітых помнікаў мінуўшчыны.
Арганізатары апытаньня лічаць, што для таго, каб скласьці новы сьпіс цудаў сьвету ня трэба пытацца экспэртаў, гісторыкаў ці археолягаў. Гэта мае быць проста меркаваньне звычайных людзей. Прадстаўніца фонду Тыя Фірынг патлумачыла, што ўдзельнікі апытаньня абавязкова павінны назваць не адзін цуд (італійцы пераважна называюць рымскі Калізэй), але сем цудаў з усяго сьвету. Калі нехта не карыстаецца інтэрнэтам, ён можа назваць сваіх фаварытаў па тэлефоне.
Удзельнікі апытаньня абіраюць зь ліку 21-го помніка мінуўшчыны. На першым месцы знаходзіцца Акропаль ў Атэнах, затым Альгамбра ў Гішпаніі, Ангкор ў Камбоджы, піраміда маяў ў Мэксыцы, статуя Хрыста ў Бразыліі, рымскі калізэй. Піраміды ў Эгіпце апынуліся ўсяго на 16-м месцы, што абурыла міністра культуры Эгіпту Фарука Гасьні.
«Піраміды занялі трывалае месца ў сэрцах людзей, і яны не патрабуюць галасаваньня, каб апынуцца сярод сямі цудаў сьвету,» – заявіў міністар.
У новым сьпісе кандыдатаў – кітайская сьцяна, храм Агія Сафія ў Стамбуле, статуя Свабоды ў Нью-Ёрку. Апошнія тры помнікі ў сьпісе – гэта опэра ў Сыднэі (Аўстралія), індуісцкі маўзалей Тадж Махал, а таксама Тымбукту ў Малі.
Заўтра ў Лісабоне адбудзецца ўрачыстае падвядзеньне вынікаў апытаньня, у якім узялі ўдзел мільёны людзей з усяго сьвету. Частка прыбытку з трансьляцыі імпрэзы пойдзе на рэстаўрацыю і захаваньне існуючых помнікаў даўніны, у прыватнасьці, на адбудову разбуранага талібамі ў 2001 годзе помніка Буды ў Аўганістане. Дарэчы, рэканструкцыя гэтага аб’екту ўжо пачалася.
Радыё Свабода
фота egyptos.net