Ідзе пошук новых сямі цудаў сьвету
Працягваецца сусьветнае галасаваньне па новых сямі цудах сьвету. Кожны можа прагаласаваць online ці па тэлефоне. На дадзены момант застаецца 214 дзён да сканчэньня галасаваньня і сьпіс з 21-га ўдзельніка.
З сямі цудаў сьвету, складзеных некалі Філонам, на сёньняшні дзень захаваліся толькі піраміды Гізы ў Эгіпце.
“Наша спадчына – ваша будучыня” - пад такім лёзунгам разгарнуў швэйцарскі аўтар, стваральнік фільмаў Bernard Weber яшчэ ў 2000 годзе вялікую інтэрнэт-кампанію "New 7 Wonders of the World"- 7 новых цудаў сьвету.
Ужо ў 2005 годзе можна было абіраць сярод 200 будынкаў і манумэнтаў. Каля 20 мільёнаў чалавек сваім інтэрнэт-галасаваньнем паменшылі гэты сьпіс да 77. Журы з 7 міжнародных архітэктараў пад старшынствам Federico Mayor - былога генэральнага дырэктара Юнэска, пакінулі толькі 21 фіналіста.
На дадзены момант Bernard Weber і яго каманда наведваюць 21 кандыдата. Завяршыцца іх вандроўка 6 сакавіка 2007 года ў Нью-Ёрку, дзе знаходзіцца адзін з прэтэндэнтаў - Статуя Свабоды.
Частка грошаў, атрыманых ад гэтай акцыі пойдзе на рэстаўрацыю культурных помнікаў, другая частка - на аднаўленьне статуй Будды ў Аўганістане, разбураных талібамі у 2001.
Прагаласаваць за свае сем цудаў сьвету можна online: www.new7wonders.com
7 ліпеня 2007 году будзе абвешчаны новы сьпіс сямі цудаў сьвету.