100 мільёнаў чалавек абралі сем новых цудаў сьвету

І вось, нарэшце, сьвет мае новыя Сем цудаў! У ноч на нядзелю, у апошнія хвіліны магічнага дня, калі на календары сустрэліся тры сямёркі, на ўрачыстай цырымоніі ў Лісабоне з 21 фіналіста былі абвешчаны сем пераможцаў.

І хаця Нацыянальная бібліятэка туды не патрапіла, наступная Сямёрка выглядае ня меней уражваючай:

  • Горад маяў Чычэн Іца (Chichén Itzá) у Мэксыцы

  • Статуя Хрыста, якая абараняе Рыо-дэ-Жанэйро, ў Бразіліі

  • Вялікая кітайская сьцяна

  • Горад інкаў Мачу Пікчу (Machu Picchu) у Перу

  • Горад Петра (Petra) у Іарданія, што высечаны ў камяні

  • Амфітэатар Калізэй у Рыме

  • Індуісцкі маўзалей Тадж Махал (The Taj Mahal)

Галасаваць за Сем новых цудаў сьвету прыйшлося таму, што са старых засталася толькі піраміда Хэопса ў Гізе (дарэчы, за яе таксама можна было галасаваць). Ня дзіўна, бо абраныя Сем цудаў былі Філонам Візантыйскім ажно ў 200 годзе да нашай эры. А створаныя яны былі ў пэрыяд з 2500 году да 200 году да нашай эры! Аднаўляючы ідэю цудаў сьвету Бэрнард Вэбэр унёс прынцыповае адрозьненьне – зараз выбар рабіў не адзін чалавек.

Такія вынікі былі атрыманыя паводле галасаваньня 100 мільёнаў чалавек. Зразумела, што вынікі даволі ўмоўныя, бо з болей чым шасьці мільярднага насельніцтва Зямлі, безьліч людзей ня тое што да Інтэрнэту, да звычайнага тэлефону ня маюць доступу.

Тыя, хто галасаваў за свой любімы помнік даўніны праз Інтэрнэт, маглі проста пакінуць голас, або набыць сэртыфікат – усяго за два даляры. На э-мэйл дасылаўся імянны сэртыфікат у pdf-фармаце, які можна было раздрукаваць – і ганарыцца спрычыненьнем да гісторыі. Больш таго, кожны, хто аддаў свой голас, аўтаматычна стаў сябрам Клюбу Сямі цудаў.

Паводле свабоднага галасаваньня былі абраны 77 лідэраў, зь якіх напрыканцы 2005 кампэтэнтнае журы абрала 21 помнік. Да ўвагі прымаліся зьнешні выгляд, архітэктурнае выкананьне, гістарычная і культурніцкая каштоўнасьць. Потым абраныя фіналісты зноўку былі прапанаваныя на галасаваньне.

Зь верасьня 2006 па сакавік 2007 адбыўся сусьветны тур: у кожнай з 21 краіны, якія прадстаўлялі свай цуд, прайшлі ўрачыстыя акцыі падтрымкі.

Ну і адмыслова 07.07.07 на стадыёне Бэнфіка, у Лісабоне адбылася фінальная цырымонія. Вялі ўрачыстае мерапрыемства актрысы Хілары Свонк, Біпаша Басу і актор Бэн Кінсьлі. Было шмат музыкі, танцаў, сярод выступоўцаў была, прыкладам, Джэніфэр Лопэс. Сьвяточны салют, спэцэфэкты – карацей, незабыўнае відовішча, якое здараецца раз на жыцьцё.

Таксама ініцыятар абраньня Сямі новых цудаў сьвету Бэрнард Вэбэр абвясьціў новы праект – Сем цудаў прыроды.

Адметна, што абраньне Сямі новых цудаў сьвету не падтрымала ЮНЭСКА, што займаецца ў тым ліку і захаваньнем культурных каштоўнасьцяў. У чэрвені арганізацыя заявіла, што «праект зьяўляецца прыватнай ініцыятывай і выбар Сямі новых цудаў сьвету істотна не паўплывае на захаваньне абраных помнікаў.»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0525 seconds.