Студэнты за талібскімі часамі. Частка 2

Як атрымлівалі адукацыю студэнты Аўганістана за талібскім часам (1996-2001гг) і асаблівасьці жыцьця ў Кабуле – у другой частцы матэрыяла Аляксея Eolonirа, якому давялося пажыць у гэтай неспакойнай краіне.

Панаваньне талібаў у Кабуле пачалося ад 1996 году, калі войскі Ахмад-Шаху Масуду здалі горад, і працягвалася да 2001 году, калі ўвосені кааліцыя пры паветранай падтрымцы НАТА выгнала талібаў назад да Пакістану.

Буйны горад на поўначы, Мазары-Шарыф, які аўганцы часьцяком клікалі “маленькай Масквой” празь яго тыпова савецкія простыя праспэкты ды вялікую колькасьць унівэрсытэтаў, заставаўся непадкантрольным ім яшчэ паўтары гады. Мазор паў у 1998 годзе ў выніку здрады хаўрусьніка Масуда генэрала Рашыда Дустума. З таго часу панаваньне талібаў ахапіла ўсю краіну, за выняткам маленькае правінцыі Пандшэр, якую талібы пакінулі Масуду наўзамен ненападу.

Асаблівасьці жыцьця ў Кабуле

Жыцьцё Кабулу звонку моцна не зьмянілася – ну хіба што зьнізілася злачыннасьць, бо талібы адсякалі прылюдна рукі рабаўнікам, а забойцу мусіў прылюдна расстраляць блізкі сваяк забітага.

Гавораць, што ў тыя часы можна было беспраблемна пакінуць машыну з валізкаю грошаў з адчыненымі дзьверцамі, бо ніхто й наважыцца ня мог пакрасьці рэчы.

Паліцыянты талібаў зь неадрозным ад іншых абліччам й вопраткай патрулявалі кожную вуліцу сталіцы. Дарэчы, прыклад меў працяг – тое ж здарылася два месяцы таму ў Магадышу (Самалі), дзе пасьля семнаццаці год грамадзянскае вайны Зьвяз ісламскіх судоў заняў сталіцу.

І ўсё ж такі, нягледзячы на рэпрэсіі супраць настаўніц падпольных школаў, яны працягвалі дзейнічаць. Часткова тут згуляла салідарнасьць саміх жыхароў, якія прызвычаіліся да лібэралізму, які панаваў тут за каралеўскім ды савецкім часам, часткова – традыцыйна вірлівае жыцьцё сталіцы, у якой было цяжка адсачыць, куды кіруюцца тыя ці іншыя здані ў сініх накідах.

Для жыхароў аўганскіх мястэчак уласьціва кожны дзень хадзіць пагасьцяваць, і жанчыны былі самымі зацятымі гасьцёўкамі. Натуральна, што гэтым разам вучаніцаў да школы й назад мусіў суправаджаць нейкі мужчына, але й гэтая праблема была вырашальнаю. Нягледзячы на тое, што прыхільнікаў талібаў было болей сярод мужчынаў, чым жанчынаў, мала хто зь сярэдняе клясы вітаў прыход талібаў.

Адукацыя за талібамі

Для студэнтаў прыход радыкалаў стаўся й канцом міжнародных абменаў. За каралеўскім часам найбольш папулярнаю кропкай прызначэньня былі ўнівэрсытэты Турцыі (традыцыя пачалася яшчэ ў 1852 годзе), Саудаўскай Арабіі ды Ірану, за савецкім часам дадалася Масковія, Харкаў, Кіеў, Адэса.

Шмат хто паехаў да Ташкенту ці Алматы, але з Сярэдняе Азіі збольшага народ хутка вяртаўся – якасьць адукацыі там была ненашмат вышэйшая, чым зараз. Дый кошты былі ніжэй, чым у Кабуле. Часьцяком студэнты, што вучыліся ў Ташкенце – а самымі папулярнымі спэцыяльнасьцямі былі нафта й газ – маглі пражыць там нават на эквівалент 20 рублёў, без падтрымкі зь сям’і. Настолькі бедна жылі тады, на прысьмерку CCСР, тыя рэспублікі.

З прыходам радыкалаў умовы зьмяніліся. Афіцыйна вандроўкі былі магчымыя толькі да Пакістану, ды й тое празь незьлічоную колькасьць КПП. Нават у Іран даводзілася вылятаць праз Лагор. Талібы не зрабілі нічога, каб палегчыць жыцьцё народа: напачатку ставілася вымога аб прызнаньні іх ураду на міжнародным узроўні. Таму тыя студэнты, што паехалі да Пакістану, ва ўнівэрсытэты ўладкавацца не маглі.

Напачатку патрэбная была папера, што ты жывеш там цалкам афіцыйна. За звычайнымі ўмовамі паліцыя краіны нават і не зважае на тое, ці ёсьць у цябе ўяздная віза. Гэта зручна – у любы момант можна зрабіць зь нелегаламі што заўгодна. Тым самым, запускаючы людзей у краіну, Пакістан меўся цалкам асыміляваць іх, а тых, хто не асыміляваўся – выслаць назад праз Ланды-Катал.

Калі з дакумэнтамі было ўсё выдатна, то патрабаваўся асабісты дазвол галавы мясцовае паліцыі на навучаньне чалавека ва ўнівэрсытэце. Апошні даваўся толькі за досыць вялікія грошы. За вельмі вялікія для кожнага аўганцу. Таксама прэтэндэнт павінны быў дасканала ведаць урду, хаця той зьяўляецца родным толькі для 10 адсоткаў насельніцтва, і прыкладаецца ў афіцыйных ліставаньнях, але не ва ўнівэрах Пешавару. І толькі пасьля гэтага малады чалавек мог паступаць, праплаціўшы ля 20000 рупіяў (3000 даляраў) на сэмэстар. Адкуль было ўзяць такія грошы?

Унівэрсытэты Пешавару, Лагору, Ізьлямабаду зьяўляюцца цалкам аўтаномнымі і могуць вызначаць сваю ўласную адукацыйную палітыку. Гэта не гарантуе ад нападаў на рэктарат – толькі ў 2003 годзе колькасьць нападаў незадаволеных радыкалаў на сьвецкім чынам налаштаваных сяброў рэктаратаў ды радаў унівэраў перавысіла 20. Але тым ня меней, гэта прынамсі пазбаўляе ад атакі з боку афіцыйных уладаў у рэчышчы “абразы прароку” ці “абразы Карану”. Менавіта праз тое Пешаварскі, Лагорскі ды Ізьлямабадзкі ўнівэрсытэты маюць праграмы, цалкам адпаведныя эўрапейскаму ўзроўню, маюць сучаснае абсталяваньне (нават каб ладзіць лекцыі тэлемастамі ў рэжыме рэальнага часу) й далёка не рэлігійныя праграмы.

Суіснаваньне збольшага радыкальна налаштаванае сельскае мясцовасьці, лібэральных гарадоў, кансэрватыўных вайсковых урадаў ды лібэральных унівэрсытэтаў і цягнула ў Пакістан усіх жадаючых. Кожны мог тут знайсьці хаўрусьнікаў і сяброў з падобнымі меркаваньнямі.

У 2000 годзе ўва ўнівэрсытэтах Пакістану вучылася меней за 10 адсоткаў тых маладзёнаў – уцекачоў з Аўгану, якія пасавалі па ўзросьце. Ў Іране сытуацыя была яшчэ больш складанай – ад 1992 году аўганскія дзеці маглі вучыцца ў іранскіх унівэрсытэтах толькі праз адмысловы асабісты дазвол мясцовае адукацыйнае акругі, а яго ніхто не даваў. На тле таго, што іх бацькі ніякім чынам не маглі павярнуцца дахаты, дзеці мусілі былі кідаць адукацыю.

Сытуацыю нейкім чынам меліся выправіць міжнародныя НКА. Але нават і тыя не маглі дзейнічаць адкрыта. Спроба анансаваць праграму абменаў для студэнтаў зь Іранам наткнулася на такі супраціў талібаў, што па трох месяцох ААН мусіла эвакуявацца з краіны.

Сытуацыя зараз значна палепшылася – гарантаваная магчымасьць атрымоўваць вышэйшую адукацыю для ўсіх. У Кабуле адчынілася некалькі першых прыватных унівэрсытэтаў. Але кошты за адукацыю на 1 год складаюць 3 сярэднія гадавыя прыбыткі звычайнага аўганца, і тэхнічнае абсталяваньне ўнівэрсытэтаў застаецца складаным…

Гл. таксама: Студэнты за талібскімі часамі. Частка 1.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0617 seconds.