Студэнты за талібскімі часамі

«Яны выкінулі суседку з другога паверху. У іх былі нейкія дручкі, пераробленыя з цаглянае арматуры. Калі маю суседку давалаклі да выхаду, яна была ўжо мёртвай». Вучаніц не чапалі, але амаль насьмерць зьбівалі бацьку, дочкі якога вучыліся ў такой падпольнай школе. Маўляў, парушэнец сьвятых запаветаў Карану. Але школы ўсё адно працягвалі дзейнічаць. Фаціма згадала, што на 2001 год у Кабуле такім чынам навучалася да 10 000 дзеўчын.

Унівэрсытэты й інтэрнаты

Адным ясным сонечным днём 2006-га года (тут улетку ўсе такія) да мяне датэлефанаваўся адзін са студэнтаў Кабульскага ўнівэрсытэту. Пытаньне было наконт сайту. Яны плянавалі перарабіць яго на нешта прэзэнтабэльнае. На жаль, паводле іх словаў, ніводны з студэнтаў ня мог зрабіць, бо лябараторыі не ставала грошаў, каб набыць кампутары, а прафэсуры – ведаў. Вялізныя плыні грошаў ад міжнародных фундатараў мінаюць унівэрсытэт, які за царскім часам лічыўся найлепшым у рэгіёне. Зараз найлепшаю засталася толькі архітэктура. За парлямэнтам створаная выспачка зеляноты, празь якую не пранікае пыл старых кабульскіх вуліц, а кампус больш нагадвае гарвардзкі, як апынесься ўсярэдзіне.

Уваходжу праз галоўны ўваход. Звонку той больш нагадвае КПП. Толькі жаўнеры на ўваходзе маёй асобай не зацікавіліся, заплечнік не прыцягнуў іх увагі. А вось на кабульскіх вулках ад гэтае ўвагі становіцца ня надта прыемна.

Даўгая алея распачынаецца ад галоўнага ўваходу ды атачае ўвесь парк; сьцежачкі адгаліноўваюцца ад яе стаўбура да асобных будынкаў. Шыбы не павыбіваныя, на сьценах ня бачна адтулінаў ад куляў. Адно бялізна, што сушыцца проста над будынкам рэктарату, падвешаная на дзьвюх лінах, нагадвае, што я яшчэ ў Аўгане, і гэта далёка не кампус унівэрсытэта Брэндайс, у якія я аплікаваўся нейкі час таму. Ну й магчыма хусткі на галовах дзеўчынаў. А так – студэнты сядзяць на траўніках, бачныя зьмяшаныя кампаніі, раскладзеныя лэптопы, паперкі, падручнікі. Адно што падручнікі старыя, а лэптопы жывяцца ад аўтамабільных батарэй – электрычнасьці ў хрушчобных раёнах, дзе жыве большасьць гэтых хлопцаў і дзяўчатаў, няма 22 гадзіны на суткі. Унівэрсытэт для іх – адзіная магчымасьць папрацаваць на кампутарах.

Інтэрнатаў 4, наўсьцяж Сарак-і-Палітэкнікі, Палітэхнічнае вуліцы. Усе былі адрэстаўраваныя год таму за кошт грантаў ЮНЭСКА, і выглядаюць больш-меньш прыстойна. Чатыры паверхі, францускія вокны ад столі да падлогі, невялічкія лоджыі. У праходзе – вартаўнік. Аднак ён нават не запытаўся мяне, куды я іду.

Пакоі прыблізна памерам з нашы – але жыве там да 6 чалавек. Каму больш пашэнціць – атрымае залю на 20 чалавек, з выглядам на Тэлевізіную Гару (так у Кабуле празвалі гару-пагорак, дзе стаяць тэле- ды радыё вежы). Людзі сьпяць на тапчагах, якія працягнутыя наўсьцяж сьценаў, галава да галавы. Звычайная рэч, якую я часьцяком меў магчымасьць назіраць у меймон-хана, гасьцінных дамох у аўганскай правінцыі. Кожны заможны чалавек там імкнецца да таго, каб мець тры дамы: для сябе, для жанчынаў ды для гасьцей.

Але там, дзе зьмесьцяцца 20 – зьмесьцяцца й сорак. Такую выснову зрабілі для сябе аўганскія студэнты. Такая рэч, як нелегальнае пражываньне, досыць распаўсюджаная і ў іх. Народ караскаецца праз вокны, праходзіць паўз вартаўніка, калі нехта адцягвае яго ўвагу, ды не выходзяць. Дый вартаўніку нічога ня трэба, абы не будзілі па сёмай увечары. Я неаднаразова правакаваў скандалы, як прыяжджаў туды на прысьмерку. Нават аднойчы параілі пераехаць і не турбаваць людзей :)

Цэнтральнага ацяпленьня няма – канструкцыйна. Таму ўзімку народ грэецца ля бухары, грубцы, што працуе на дровах, якія прадаюцца на кампусе па даляру за сем кіляў. Звычайна гэтага хапае на дзьве ночы, калі тыя ня будуць надта халоднымі.

Інтэрнэт?

Сеціва ёсьць! Падобна таму, як у ЗША ды Эўропе сеціўны дасяг стаў каштаваць меней за бохан хлеба, то й тут міжнародныя асацыяцыі, і найперш ЮСЭЙД вырашылі: «А навошта ставіць ацяпленьне, бо гэта так дорага, калі можна працягнуць Сеціва?» І працягнулі. Каб вырашыць праблемы сілкаваньня, паставілі дзесяць танкавых акумулятараў. Калі тыя выснажваюцца, унівэрсытэт за свае грошы пераналаджвае іх ды вяртае назад, для далейшага карыстаньня.

Студэнты – народ трывалы. Праблема адсутнасьці сьвятла вырашаецца не керасынкамі, а ліхтарыкамі, што сілкуюцца ад usb-партоў. Аднаго такога ліхтарыку хапае на паўнавартаснае працоўнае месца аднаму грызцу навукі, а калі ўсе падлучаюць, то заля становіцца падобнаю да навагодняй. Асаблівую кемлівасьць праявілі фізыкі: яны стварылі гірлянду з такіх ліхтарыкаў ды падсілкавалі іх да аднаго парта usb на нечыяй машыне. Гірлянды хапіла на 2 гадзіны, пасьля чаго порт перагарэў. Але няма межаў дасканаласьці, і пошукі працягваюцца.

Інтэрнаты адасобленыя – хлопчыкі направа, дзяўчынкі налева. Мабыць, дзявочы інтэрнат і падобны да мужчынскага, але на ўласныя вочы я яго не пабачыў. Прарывацца праз кардон на галоўнае энтрадзе небясьпечна для замежніка, свае ж аўганцы й выкінуць. Але калі хлопцу ды дзеўчыне карціць сустрэцца, то ў такім выпадку яны карыстаюцца старым будынкам інтэрнату, у якім зараз месьцяцца сквотэры. Калі іх знойдуць разам – гэта пагражае адлічэньнем з унівэрсытэту, хаця я чуў, што рэктар (дарэчы, з ташкенцкаю адукацыяй) негалосна распарадзіўся не чапаць народ.

Падпольныя дзявочыя вучэльні

Я шукаю Фатыму К., выкладчыцу на факультэце журналістыкі. Гэтая жанчына ў сваіх 40-х у талібскія часы патаемна выкладала дзяўчатам на сваёй кватэры матэматыку ды фарсі.

Талібы занялі Кабул з сакавіку 1996 году. Першаю справай жанчынам было забаронена зьяўляцца ў грамадзкіх месцах без канвою са сваяка-мужчыны ды без буркі, якая пераўтварала яе ў сінію здань без твару. Наступным крокам было закрыцьцё ўсіх школаў для дзяўчат і ўвядзеньне абавязковае рэлігійнае адукацыі для хлопчыкаў. Хаця талібы не аспрэчвалі, што ў Каране нічога не кажацца што да забароны адукацыі, яны меркавалі, што сьвятая кніга забараняе сумесную адукацыю, а для навучэньня паасобку ў іх не стае грошаў. Маўляў, пазьней, калі нас вызнаюць іншыя ўрады ды збудуем новы газаправод – тады арганізуем й дзявочыя інстытуты, а пакуль што сядзіце дома ды нараджайце дзяцей.

Такім чынам, шмат жанчынаў, у тым ліку выкладчыц, засталіся без працы. Калі мінуў шок, шмат хто арганізаваўся. Сустракаючыся, яны стварылі ў сябе на дамох школы для дзяўчатак. Талібы забаранілі гэтыя школы, а тых, хто іх вёў ці наведваў, каралі.

Фаціма К.: «Талібы прыйшлі да мужа суседкі. На яго паступіла скарга, што той займае не свой дом. Маўляў, калі пачалася грамадзянская вайна, Ахмад скарыстаўся з уцёкаў свайго сябра ды заняў яго камяніцу на вяршыні пагорку. Яны знайшлі там кніжкі, матэматыку, фізыку, раскіданыя пасьля ўроку, а побач сшыткі з нарыхтоўкамі. Дзьве дзяўчынкі схаваліся ў шафе, яшчэ дзьве пасьпелі зьбегчы праз паркан ды схавацца ў нас. Яна трымала школу для дзяўчат, мы выкладалі там разам. Я неаднаразова бачыла, як туды прыходзілі іншыя выкладчыцы з унівэрсытэту.»

«Яны выкінулі суседку з другога паверху», – працягвала мая суразмоўца. – «У іх былі нейкія дручкі, пераробленыя з цаглянае арматуры. Яны скарысталіся зь іх напоўніцу. Калі маю суседку давалаклі да выхаду, яна была ўжо мёртвай».

Вучаніц не чапалі, але амаль насьмерць зьбівалі бацьку, дочкі якога вучыліся ў такой падпольнай школе. Маўляў, парушэнец сьвятых запаветаў Карану. Але школы ўсё адно працягвалі дзейнічаць. Фаціма згадала, што на 2001 год у Кабуле такім чынам навучалася да 10 000 дзеўчын.

«Ведаеце, як яны выдавалі заробак за мінулыя месяцы выкладчыцам? Мы павінны былі станавіцца ў вялізную чаргу перад шапікам, у якім было закратаванае вакенца 10 на 10 сантымэтраў, і ў якім сядзеў таліб. Ён настолькі баяўся дакранацца да нас, што выкідваў грошы праз вакенца, а варта не дазваляла нам падыходзіць бліжэй чым за 3 мэтры. Потым мы падыходзілі, падымалі грошы, і разыходзіліся. Муж ці сын чакаў паблізу».

Ва ўнівэрсытэтах былі забароненыя ўсе згадкі на заходніх аўтарытэтаў, забаронена слухаць замежныя радыёстанцыі, прыймачы былі сканфіскаваныя адусюль, спадарожнікавыя антэны пабітыя, тэлевізары – паламаныя. Такім чынам яны пераўтваралі ўнівэрсытэты ў мэдрэсэ пакістанскага капылу. Не рэлігійныя вучэльні, а нешта, дзе асноўным прадметам было цемрашальства, а адзінаю ідэалёгіяй – падпарадкаваньне правадыру.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0614 seconds.