Жаночыя сумкі: галоўнае – што ўнутры?
Жаночая сумка – таямніца, дзіўнейшая за неапазнаны лятальны аб’ект: ніколі ня ведаеш, што там унутры… І вось, зазірнуўшы, падумалася – навошта нармальнаму чалавеку ўсё гэта?
Жаночая сумка… Коко Шанэль лічыла – нельга быць шыкоўнай без добрай сумкі. Гэтая неад'емная частка жаночага вобразу мусіць быць адначасова фунцыянальнай і практычнай, моднай і стыльнай, падкрэсьліваць індывідуальнасьць. Дзяўчына Кася дык увогуле жыцьцё за знакамітую сумку Біркін аддаць гатовая, мяркуем, яна не адна такая апантаная.
Але спачатку – слова псыхолягам.
Сумка і характар
Некаторыя дзяўчаты цёгаюць з сабой чамаданы, а некаторым дастаткова і гаманца.
Першыя характарызуюцца падвышанай самастойнасьцю, схільнасьцю да пэрфэкцыянiзму, так званаму сындрому «выдатніцы». Яны звычайна дасягаюць вялікіх посьпехаў у справах.
Другія ж - звыклыя да мужчынскай увагі, чакаюць іхняй дапамогі. Прыкладам, парасон ніяк ня месьціцца ў мініяцюрны Луі Вуітон у колер з Манола Бланікам – але ж на прыпынку заўжды знойдзецца джэнтэльмэн… Галоўнае, на люстэрка не забыцца. Назіраньне з жыцьця – хлопцы калі і прапаноўваюць дапамагчы пранесьці сумку, то памераў невялікіх (рыцар з фрызурай пад “нуль”, у востраносых ботах і дублёнцы, з цыгарэткаю ў зубох ды з маленькай дамскай, чорненькай такой, лакіраванаю сумачкаю – шык, бляск, прыгажосьць). Дзяўчына са зграбнаю сумачкаю звычайна добра выходзіць замуж.
Невялікая й ахайная сумка без прэтэнзіяў – уладальніца стрыманая і арганізаваная. Здольная вылучаць галоўнае і не зьвяртаць увагі на другаснае. Яна ведае, што ёй трэба і дасягае гэтага.
Самаробная сумка звычайна належыць творчай асобе. У любімай справе дзяўчаты з хэнд-мэйд торбаю дасягаюць вялікіх посьпехаў, але з большага любяць займацца сваёю хатаю.
Манэра насіць сумку таксама характарызуе жанчыну
За ручку – стрыманасьць, пунктуальнасьць, сумленнасьць.
Рука прасунута праз ручку і локаць прыціснуты да таліі – арганізаванасьць, пачуцьцё ўласнай годнасьці.
Праз плячо, а рука нерухомая – сьціпласьць і няўпэўненасьць. Калі рука рухаецца лёгка – жыцьцярадаснасьць. Такая дзяўчына задаволеная сабою, неабыякавая да камлімэнтаў. Рука паднятая да пляча – сьмеласьць ды энэргічнасьць, але боязь адзіноты.
Культ сумак
А ўвогуле, патрэба трымаць сумку ў рукох – гэта покліч продкаў. Покуль мужчыны ганяліся за мамантамі, жанчыны зьбіралі ўсё, што можна сабраць, у вялікія скручаныя лісты – танна, проста і функцыянальна. Ну а потым пачаліся ўсе гэтыя модныя забабоны. Ад маленечкіх кішэняў да вялікіх рыдыкюлей – і пакацілася!
«Торбачная» мода вельмі хутка рэагуе на любыя зьмены ў вобразе сучаснай жанчыны. Так, у нашым жыцьці імкліва зьяўляюцца, напрыклад, ноутбукі. І вось дызайнеры прапаноўваюць стыльныя і функцыянальныя дамскія сумкі – скураныя, аздобленыя каштоўнымі камянямі, вышыванкі… Гэта ня проста сумка для ноўтбуку: месца знойдзецца і для мабілкі, акумулятара, МР3-плээра, касмэтыкі, дзелавых папераў – для ўсяго, карацей.
Сумка да такой ступені неад’емная частка нашага жыцьця, што ў гонар яе адкрываюцца музэі, а ў Брытаніі нават ёсьць Нацыянальны Дзень Сумкі – чацьвертага кастрычніка.
Тым, хто зьбіраецца ў Галяндыю, можна параіць нанесьці яшчэ адну кропку на сваю мапу – Tassenmuseum Hendrikje у г.Амстэлвен, дзе сабраная ўнікальная калекцыя з 2000 сумак – ад сярэднявяковых да апошніх вынаходак дызайнераў.
У Токіё таксама ёсьць адпаведны музэй – ажно 3000 сумак. Яны адлюстроўваюць гісторыю сумак у Японіі і яшчэ ў 46 краінах сьвету. Напрыклад, можна пабачыць традыцыйную сумачку для тытуню. Штогод абіраецца 300 экспанатаў для выставы.
Generation.by зазірнулі ў сумку самай загадкавай асобы – шыкоўнай, непаўторнай, цудоўнай Бенькі, прыхільніцы рарытэтных рэчаў, моцных напояў, чамаданаў ды барахолак. Пры адным позірку на Бенечку падаецца, што ў ейнай сумачцы мусіць быць нейкі казачны сьвет. Так яно амаль і ёсьць.
У маленькай сумачцы гэтай кранальнай жанчыны можна знайсьці нажніцы, іголку зь ніткамі (Беня ўвесь час што-небудзь майструе), клей-аловак, што-небудзь тэхнічнае, кшталту пласкагубцаў. Маленькая дачушка Ульянушка ўвесь час штосьці падсоўвае – апошнім разам гэта быў леў. Яшчэ ў Бенькі ёсьць нататнік, у якім ейнае ўсё, там таксама ульянкіны малюнкі: гарошынкі, сьлімакі, маміны партрэты. А яшчэ ў сумцы Беня носіць Эйфелеву вежу, хай сабе і зусім маленькую.
Ну а чамадан – дык увогуле радасьць. Там, згодна «Серебряной свадьбе» «можа жыць сава, і дзьве савы і двойчы дзьве савы, а пяць ўжо ня ўмесьціцца, на жаль», «натура чамадана так мудра, што ў ім магчыма жыхарства бабра, а вось сям’і баброў ужо ніяк, бо чамадан, прабачце, не паддашак».
А ўвогуле, чужая сумка – цёмны лес. Як кажуць ангельцы, у кожнага свой шкілет у шафе. Лічыцца, быццам сумка жанчыны – гэта ейны партрэт. Такім чынам, рабіце высновы пра сябе самі :)=
А мы паказваем, што творыцца ў сумках трох дзяўчынаў з каманды Generation.by ;)