«Загіну за Birkin!»

Безумоўна, кожны чалавек мае сваю – непаўторную й запаведную – мару. Не проста жаданьне мае ці жыцьцёвую мэту – менавіта мару, у зьдзяйсьненьне якой усім навокал верыцца зь цяжкасьцю, але ж сам летуценьнік упэўнены: калі-небудзь ягоная мара стане рэальнасьцю. Хтосьці марыць пра ўсясьветны пацыфізм, хтосьці бачыць у снах экзатычныя берагі Міжземнага мора. А мая мара – гэта Birkin. Мая. Уласная. Непаўторная. Самая Лепшая ў Сьвеце Сумка.

Майму сябру цяжка зразумець, як сучасная, разумная, самастойная дзяўчына (натуральна, маючы на ўвазе мяне:) можа марыць пра якуюсьці сумку. Але яму сваім мужчынскім розумам ніколі і ня ўцяміць: калі ты маеш Birkin ад Hermes, ты маеш увесь сьвет! Безумоўна, я разумею, што наўрад ці калі-небудзь смагу атрымаць ва ўласнасьць сьвет, набыўшы Birkin – калі я і назьбіраю грошы на сумку (сапраўдная мадэль каштуе ад 6 да 150 тысячаў эўра!), то прыйдзецца яшчэ і пастаяць у чарзе. Чаму? Бо, ня гледзячы на зусім не дзіцячыя кошты, жадаючых мець глямурны аксэсуар вельмі шмат – на сёньняшні дзень сьпіс чаканьня зачынены да 2012 года. 

Прыхільніцы Birkin любяць распавядаць такую неверагодную гісторыю. Адна дзяўчына – даволі вядомы пэрсанаж заходняй багемы (прычым імя яе ніколі не называецца) – расчараваўшыся ў сваім жыцьці, вырашыла скончыць яго самагубствам. А тут якраз тэлефануе сяброўка і – гэта проста цуд! – кажа: “Дарагая! Слухай: ты атрымаеш сваю Birkin не праз тры гады, як плянавалася, а ўсяго праз 18 месяцаў!” Гэтая навіна вярнула дзяўчыну да жыцьця – магчымасьць гэтак хутка стаць уладальніцай Birkin усе жыцьцёвыя праблемы зрабіла проста бязглуздымі.

Birkin ад Hermes вось ужо трэцяе дзесяцігодзьдзе – самая жаданая сумка ў сьвеце. Калі звычайна аксэсуары падбіраюць пад вопратку – сукенку, спадніцу, паліто, то ў выпадку зь Birkin усё наадварот – глямурная й прэстыжная сумка кіруе вашым гардэробам, патрабуючы ня толькі адпаведнага сукня, але і бездакорнага манікюру, мэйк-апу, фрызуры і нават выразу твару.

На Захадзе існуе сапраўдны культ Birkin: так, у Ангельшчыне нават адзначаюць нацыянальны дзень сумак. 4 кастрычніка на вечарыны з гэтае нагоды ангельскія моднікі прыходзяць у футболках з надпісамі “Загіну за Birkin!” альбо “Душу прадам за Birkin”.

Jane BirkinМіж іншым, культавая сумка зьявілася ў 1984 годзе. Прэзыдэнт кампаніі Hermes Жан-Луі Дзюма-Гермес ляцеў у самалёце са знакамітай актрысай і сьпявачкай Джэйн Біркін. Вядомы дызайнэр з жахам назіраў, як спадарыня Біркін спрабуе запіхаць у сваю сьціплую сумачку безьліч усякіх жаночых дробязяў. У выніку яны пазнаёміліся, пагутарылі і вырашылі разам стварыць што-небудзь больш прыдатнае для разьмяшчэньня ўсяго дзявочага “мінімума”. І ў супрацы стварылі культ на ўсе часы!

Можна назваць яшчэ дзьве культавыя сумкі – Kelly (калісьці такую сумку – дарэчы, таксама ад Hermes – набыў манаскі князь Рэнье сваёй нявесьце галівудзкай актрысе Грэйс Кельлі) і Camat ад Bottega Veneta. Прычым у сьпісе чаканьня апошняй – 15 тысячаў жанчынаў і дзяўчын. Два майстра уласнымі рукамі плятуць штогод толькі 500 сумак – і не адной звыш гэтай нормы. Такім чынам хвасту чаргі прыйдзецца чакаць зьдзяйсьненьня сваёй мары яшчэ 30 год!

Сумкі ад Prada, Louis Vuitton, Dior, Miu Miu, D&G, Sonia Rykiel, Gucci, Ungaro, Chanel – модніцы па ўсім сьвеце набываюць іх, каб заўсёды мець пры сабе касмэтычку, сурвэткі, мабільны тэлефон, нататнік, люстэрка, сонечныя акуляры, любімую кніжку, iPod, ключы і безьліч іншым патрэбных і маючых спатрэбіцца бліжэйшым часам рэчаў:) Набываюць іх пад свае сукенкі, абутак, футры, матузкі гадзіньнікаў, завушніцы, лак, колер валасоў і духі… У рэшце рэштаў – проста пад настрой! Бо мы жанчыны, а таму можам сабе гэта дазволіць:)

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0914 seconds.