Учора споўнілася 83 гады з дня нараджэньня Васіля Быкава

Да магілы пісьменька прынесьлі кветкі родныя, сябры, літаратары, палітыкі, журналісты, ды проста людзі, якія з павагай ды любоўю ставяцца да творчасьці Васіля Быкава.­

Учора, 19 чэрвеня, быў дзень нараджэньня Васіля Бык­ава. Вельмі цяжка штосьці казаць або пісаць з тае нагоды. Таму што ніякімі словамі не выказаць напоўніцу той удзячнасьці за ўсё, што рабіў Васіль Быкаў пры жыцьці, і за ўсё тое, што ён пакінуў.

Сумна, але павіншаваць з 83–годзьдзем Васіля Быкава людзі прыходзілі на могілкі. А шостай вечара ля магілы Быкава сабралася невялікая група людзей – родных, сяброў ды проста людзей, якія з павагай ды любоўю прынесьлі кветкі любімаму пісьменьніку. Сярод іншых – жонка Ірына Міхайлаўна, Генадзь Бураўкін, амбасадар Ізраіля сп-р Бэн-Ар’е, літаратары, журналісты, палітыкі, выкладчыкі.

Мабыць, у кожнага Быкаў свой. Таму магу казаць толькі за сябе. Там, на могілках, ня моцна адчувалася, што няма яго. Зь дзяцінства яшчэ пісьменьнік быў нечым велічным, прарочым, быў насамрэч сымбалем незалежнай Беларусі. А тут – кветкі, фотаздымак, словы страты... Неяк не зьнітоўваецца гэты чалавек, так прагнуўшы жыцьця, са словам сьмерць.

Вярнуўшыся дахаты, праглядзела ў кніжцы здымкі апошніх год Васіля Быкава, пачытала – і стала так неверагодна сумна і балюча. Са старонак глядзіць сумнымі вачыма чалавек, такі просты і добры. І яшчэ больш цяжка чытаць. Таму што разумееш, наколькі ён адзін быў мудрэйшы за мільёны. І можна было б напісаць што-небудзь кшталту «ён жывы, ён між намі, ён – у сваіх творах». Але тое – хіба самасуцяшэньне.

Кожны з нас нават зараз можа зрабіць падарунак Васілю Быкаву: проста сесьці і пачытаць яго творы. Сёньня ягоныя кнігі перакладаюцца на шматлікія мовы сьвету. Так, амбасадар Ізраіля сп-р Бэн Ар’е, які добра ведае беларускую мову, пераклаў некалькі аповесьцяў на іўрыт. Але, безумоўна, Васіль Быкаў пісаў для нас, для беларусаў, на нашай мове.

«Толькі злыдзень ці дурань можа быць задаволены гэтымі пражытымі гадамі. Гадамі зь безьліччу трывог, надзеяў і расчараваньняў. Хіба тое грэе, што найлепшыя гады Беларусі ўсё ж наперадзе. Толькі як доўга ісьці да іх – во ў чым праблема. Многім ужо не дайсьці». З інтэрвію «Радыё Свабода». Жнівень 1993г.

Мо гэта і занадта пэсымістычна прыводзіць менавіта гэтыя словы Быкава. Але ён ня быў аптымістам, ён толькі хацеў, каб «самыя змрочныя прадчуваньні не спраўдзіліся».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0644 seconds.