У ценю Быкава

«Валя», — па-простаму нас вітае Валянцiна Ўладзiмiраўна Быкава, сястра славутага пісьменьніка, у сваёй самотнай сьціплай хаце ў вёсцы Ваўчо ў 170 кілямэтрах ад Менску. Сястра Васіля Быкава пражыла тут большую частку жыцьця, тут засталося нямала рэчаў, зьвязаных з народным пісьменьнікам: фотаздымкі, газэтныя выразкі, лісты. Але самае галоўнае — унікальныя ўспаміны самой Валянцiны Ўладзiмiраўны — нідзе не пачытаеш і не паглядзіш, затое іх, расказаныя мяккім голасам, усё яшчэ можна пачуць ад яе самой.

У халодных сенцах хаты Валянціны Ўладзіміраўны вісяць партрэты Васіля, яго сябра Рыгора Барадуліна, вокладка часопісу «Беларусь» з выявай Быкава. За апошні час 83-гадовай Валянціне Ўладзіміраўне ўсё цяжэй трымаць гаспадарку. Хата патрабуе рамонту, прыбіральня зусім развалілася. Раней мясцовыя ўлады ігнаравалі яе, але апошнім часам сытуацыя, не без умяшаньня журналістаў, пачала выпраўляцца.

«Ніводны вучань да мяне не зайшоў, быццам і няма», — бяз крыўды кажа Валянціна Ўладзіміраўна. Бачна, што крыўдна ёй толькі за брата, у гонар якога названыя вуліцы ва ўкраінскіх гарадах, але ў Менску нават праз 7 гадоў пасьля яго сьмерці такой няма. Мясцовая адміністрацыя калі і дапамагае, то выключна як шараговай пэнсіянэрцы (а пэнсія, трэба сказаць, у Валянціна Ўладзіміраўна невялікая — у верасьні 2010 налічылі толькі 290 тысячаў).

«Цяпер райсабес стаў дапамагаць: даюць, па 30 000 рублёў у месяц, цэлую машыну дроваў прывезьлі. З райсабеса жанчына ходзіць да мяне два разы на тыдзень — дапамагае па хаце».

Нягледзячы на выключную беднасьць, у якой апынулася гэта жанчына, што шмат гадоў прапрацавала ў саўгасе, яна не згубіла таго гонару, унутранага пачуцьця чалавечнасьці, што так было важнае для Васіля. «Газэты чытаю, раней выпісвала за свае грошы, але цяпер Сярэдзіч падпісаў на цэлае паўгодзьдзе, і я бясплатна атрымліваю. А так мала хто ў нашай вёсцы выпісвае «Нашу Ніву» і «Народную волю».


«А ў мясцовай раёнцы нічога ж пра іншых кандыдатаў не напісалі!» — сястру Быкава моцна турбуе перадвыбарчая кампанія [мы сустрэліся яшчэ да сьнежаньскіх выбараў]. Яна добра знаёмая з апошнімі падзеямі кампаніі, на памяць ведае прозьвішчы ўсіх асноўных кандыдатаў, колькі подпісаў хто сабраў і дзе адбыліся парушэньні закону. Здаецца, любога масьцітага аналітыка на лапаткі ў гэтых пытаньнях пакладзе.

Пра ініцыятыву кампаніі Някляева надаць адной з вуліцаў Менску імя Быкава сястра чула, але ў посьпех яе ня верыць:

«Добра, што хоць кнігі яго [Быкава] не забаранілі». У 20 кілямэтрах ад вёскі, дзе цяпер жыве Валянціна Ўладзіміраўна, у Бычках — там яна з братам вырасьлі — на месцы згніўшай хаты пісьменьніка ўзьвялі новую, з вышэйшымі столямі, і зрабілі там музэй. Але сястра незадаволеная экспазыцыяй: «нічога аб тым, што было пасьля вайны, там няма».

Аднак Валянціна Ўладзіміраўна не стварае ўражаньне чалавека, які мае ў радаслоўнай фігуру маштабу быкаўскай. Наадварот, абсалютна простая ў камунікацыях і сьціплая ў жыцьці, яны вымушае празь сябе прапусьціць тую несправядлівасьць, зь якой разьмяркоўваецца ўвага і падтрымка ў нашым грамадзтве.

Быкаў пачынаў пісаць вершы, але кінуў

Сястра Быкава, бачна, ужо ня першы раз паўтарае тое, што просім распавесьці яе і мы: пра дзяцінства Быкавых, пра вайну і цяжкія пасьляваенныя гады. Але робіць гэта з удзячнасьцю і цікаўнасьцю. І слухаць яе таксама цікава. А ў блакітных вачах яе, падаецца, усё яшчэ жывы быкаўскі агонь.

«Так добра вучыўся, і настаўнікі хвалілі. І рысаваў дужа добра. Але не паказваў, што маляваў. А я дастала ягоны сшытак і паглядзела. Рысаваў і чалавека партрэт, так і зьвяроў, — распавядае пра Васіля Валянцiна Ўладзiмiраўна. — Баціначкі былі парваныя зусім, дык яму як выдатніку бацінкі падаравалі».

«А як падрос — стаў пісаць. Спачатку дзёньнік вёў, я таксама падглядала, але ён хаваў. Некалькі разоў прачытала дзёньнік яго. Яшчэ ён сшытак вёў — цэлы сшытак сьпісаны. Я гляджу і думаю: што ён там напісаў, ня з кніжкі ж ён сьпісваў, а нешта сваё! Паглядзела: напісаў апавяданьне, толькі ня памятаю ўжо пра што: пра лес там ці нейкая прырода».

«Вершы пачаў крыху пісаць. Але не ўдаліся — ну і слава Богу. Даслаў у газэту „Чырвоная зьмена“, але яны не надрукавалі. Дык ён і кінуў іх пісаць».

«А, не надаела вам гэта слухаць!» — у хату заходзіць няголены бяззубы сусед і сваяк Валянціны Ўладзіміраўны. Калісьці ён вучыўся ў школе разам з Рыгорам Барадуліным. Але цяпер Рыгор «слабы», таму прыяжджае ня так часта.


Гэты рэгіён, Вушаччыну, завуць краем паэтаў. Тут нарадзіліся такія вядомыя літаратурныя постаці, як Рыгор Барадулін, Пятрусь Броўка, Васіль Быкаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0593 seconds.