Дзеці: кветкі і кактусы
Чым жывуць дзеткі, якія ў іх мары ды пляны, што яны ведаюць пра нашу краіну і сьвет увогуле, чаму пад вокам фінгал і каго пакусала сабака, хто лепш за ўсіх вучыцца і нічога не баіцца – у Дзіцячым доме № 6 у Менску можна знайсьці ўсе адказы, калі завітаць у госьці.
Прагуляць пары і спазьніцца на працу – не дзеля двух-трох гадзінак лішняга сну. Пяцёра вясёлых ды крэатыўных сяброў – Мара, Віка, Андрусь, Лёша ды Даша - вырашылі наведаць Дзіцячы дом № 6, каб разам зь дзеткамі сустрэць новы тыдзень, пагуляць у вясёлыя гульні ды болей даведацца пра нашу краіну.
Нягледзячы на ранішні час, дзеці, а іх было чалавечкаў 20, былі празьмерна актыўнымі ды няўрымсьлівымі. Падавалася, будзе вельмі цяжка заваяваць іхнюю ўвагу. Пры тым, што ўсе яны былі такія розныя і самадастатковыя – яўна выдзяляліся лідэры, хуліганы, разумнікі, ціхоні ды модніцы.
Увогуле, паколькі некаторыя ўжо ў другі раз прыехалі да гэтых самых дзетак, адносіны склаліся хутчэй сяброўскія й даверлівыя. Дзеці не баяліся задаваць пытаньні, часам падавалася, што яны ведаюць больш за нас, а нашыя гульні ды малюнкі – як арэшкі для іхняга вострага дзіцячага розуму.
Чэсна – прасьцей напісаць сто курсавых прац, ды прабегчы сто кілямэтраў вакол плошчы Бангалор, чым утрымаць увагу дваццаці дзяцёнкаў, тым больш няпроста іх перакрычаць – бо адказаць хацеў кожны. Мы распавялі ім пра Беларусь. Дарэчы, на пытаньне, а ці ведаеце, хто нашыя суседзі, нехта адказаў «Магілёў», а адзін хлопчык канкрэтна зазначыў – «Чыжоўка». У адмысловай прэзэнтацыі мы паказалі ім традыцыйныя строі нашага й суседніх народаў. Большасьць усё ж такі вырашыла, што сучасныя апранахі круцейшыя, тым больш за вакном сьпёка.
У Беларусі жывуць беларусы, ва Украіне – украінцы... Нехта адказаў, што ў Расеі жывуць – дзівакі :) Крышачку зьбянтэжыла дзяцей пытаньне пра мовы, але шмат хто адказаў, што ў нас беларусы размаўляюць па-беларуску. Як кажуць, дзіцячымі вуснамі кажа ісьціна – гэтыя словы ды Богу ў вушы.
Быў адзін хлопчык – выдатнік групы, пакуль ён з купкай адказных дзяўчатак шукаў лягічныя варыянты, два самых гарэзьлівых хлопцы – Лёха з Валеркам - сьцягнулі аркуш з адказамі – адразу бачна, хто ва ўнівэры будзе іспыты здаваць сам, а хто са шпораў катаць. Лішні раз стала зразумела – ў дзяцей свая лёгіка. Часам нават і не паспрачаесься, а падумаеш: «о-ё-ёй, а я б і не падумаў» :)
З тэстам на веданьне казачак маладая генэрацыя справілася: ня толькі шрэкаў ды джэкаў-вараб’ёў, але і Старыка-Хатабыча ведае. Ну і напрыканцы гулялі ў «Кракадзільчыка» – шумна ды весела адгадвалі імбрык, котку, спайдэрмэна...
На жаль, час хутка скончыўся – дзеткі атрымалі падарункі, а нам трэба было вяртацца ў дарослае жыцьцё, на сьпякотныя вуліцы з заўсёды сьпяшаючыміся людзьмі. Добрая парада тым, каму не хапае пазытыўных эмоцыяў, дабра й энэргіі – вазьміце ўдзел у жыцьці маленькіх дзяцей і дакладна не пашкадуеце. У дзіцячы дом патрапіць ня так проста, але пры вялікім жаданьні кожны можа гэта зрабіць.