Першыя крокі ў падрыхтоўцы Басовішча-2007

Якім будзе сёлетні лягатып фэстывалю музыкі маладой Беларусі, хто выступіць на Басовішчы-2007, ці будзе Вольная сцэна? Арганізатары адказваюць на пытаньні.

Як адзначыў Generation.by кіраўнік Беларускага аб'яднаньня студэнтаў у Польшчы Радаслаў Дамброўскі, сёлета на конкурс лягатыпаў Басовішча пададзена шмат вартых матэрыялаў, «таму выбар складаны, але 11 траўня лягатып сёлетняга фэсту будзе абраны».

У гэты час працягваецца збор заявак ад маладых гуртоў на ўдзел у «Адборышчы-2007», які працягнецца да 28 траўня.

Шмат дыскусіяў на фэсьце штогод выклікае наяўнасьць Вольнай сцэны – першай часткі 2-хдзённага Басовішча, калі выступаюць маладыя каманды, якія ня ўдзельнічаюць у конкурсе, але хочуць выступіць на буйной пляцоўцы. Як адзначае Радэк Дамброўскі «сёлета наяўнасьць у праграме фэсту Вольнай сцэны будзе залежыць ад гуртоў, якія пададуць заяўкі на ўдзел. Будуць вартыя гурты – будзе Вольная сцэна, калі ж не, тады праграма Басовішча-2007 будзе складацца з двух буйных частак – конкурснай і выступаў гуртоў-зорак з пераможцамі Басовішча мінулых гадоў».

Традыцыйна ўдзельнікі Вольнай сцэны падаюць заяўкі арганізатарам фэсту і самастойна дабіраюцца непасрэдна да Гарадка ў Польшчы.

Што да праграмы фэсту, то яна канчаткова будзе вызначаная напрыканцы траўня. Але ўжо зараз вядуцца перамовы зь вядомымі беларускімі гуртамі, якія традыцыйна выступаюць на Басовішчы: «Крама», N.R.M., Neuro Dubel і іншыя. Мінулым годам у праграме фэсту былі вядомыя беларускія гурты «Troitsa» і Drum Ecstasy. Не абыйдзецца без новых прыемных сюрпрызаў і сёлета. Але афіцыйны рэліз будзе пасьля завяршэньня перамоваў з гуртамі. Таксама арганізатары плянуюць запрасіць да удзелу ў фэсьце гурты зь іншых краінаў – Польшчы, Украіны, Літвы і Італіі.

tarka 14:30, 08/05/2007 | Басовішча |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0593 seconds.