Імгненьні нямецкай літаратуры ў Менску

У межах году нямецкай культуры ў Беларусі «Kulturmomente 2007 – Vier Jahreszeiten Deutscher Kultur» у бібліятэцы інстытута імя Гётэ ў Менску ўчора прайшла сустрэча з нямецкім журналістам і пісьменьнікам Фалько Хэнігам. На імпрэзе гучалі расповеды аб літаратурных пляцоўках у Бэрліне і творы аўтара.


Атмасфэра літаратурнага Бэрліну

У невялікім фільме, што быў паказаны напачатку імпрэзы, распавядалася пра літаратурныя пляцоўкі і пра іх ўдзельнікаў. «Альтэрнатыва» і «правакацыя» гучалі з вуснаў герояў фільму і ад Фалько Хэніга.

Такія падзеі звычайна праходзяць у фармаце вельмі блізкім да пэрфомансу: выступоўцы ня проста зачытваюць тэкст, а граюць яго. Тэкст, у сваю чаргу, мусіць быць "сьвежым" і актуальным. Тады імпрэза нагадвае "вусную газэту".

«Гэты фэномэн сам па сабе яшчэ невядомы. Імпрэза адбываецца кожную суботу, вечарам у Бэрліне. Звычайна ў ёй бяруць удзел ад пяці да дзесяці чалавек. Яны сядаюць за круглы стол і кожны па чарзе выходзіць на сцэну, бярэ мікрафон і чытае свой тэкст, альбо сьпявае. Пачынаецца імпрэза ў пятнаццаць хвілінаў на дзевятую. Гэта зьвязана з традыцыяй, паводле якой раней, перад пачаткам заўсёды паказваліся вечаровыя навіны,..» -- распавёў беларусам Фалько Хэніг (Falko Hennig)

Сам Фалько зьвязаны з літаратурнымі пляцоўкамі яшчэ з 1995 году. Ён выдаў кнігу «Volle Pulle Leben», прысьвечаную гэтаму фэномэну. 

«...У дзяцінстве я сьпісваў цэлыя ролікі касавых чэкаў, розныя нататнікі, дзёньнікі. Большасьць з таго, што я тады пісаў, недзе зьнікла, альбо я проста выкідваў гэта ў часы духоўнага прасьвятленьня, а нешта і захавалася...»

Для studenty.by Фалько Хэніг падзяліўся і больш прыватнай інфармацыяй. Чалавек першы раз у Беларусі і ніколі ня быў ні ў якой іншай постсавецкай краіне. Жыхарамі Менску ўражаны, бачыў «уражлівасьць і зацікаўленасьць» у аўдыторыі.  

Але ж адрозьненьне паміж беларускімі і нямецкімі слухачамі бачыць: 

«Адзінае адрозненьне ў тым, што ў Нямеччыне я ніколі не прамаўляю лекцыю за трыбунай, як сёньня. Я проста граю.»  

Аўтар фота Алесь Герасіменка

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0548 seconds.