Стары Ольса рыхтуе новы відэакліп

Што такое “канты”, каму належыць гімн “Багародзіцца”, што за калярытная асоба зьмешчана на вокладцы апошняга альбома Старога Ольсы “Гераічны эпас”, расповед пра тэатар “Яварына”, а таксама пра тое, якое піва любяць удзельнікі гурта чытайце ў інтэрвію Хрысьціны Марчук зь Ільлём Кубліцкім.

Стары Ольса ў Горадні

Сярэднявечная  музыка ў шляхецкай Горадні

Аднойчы, выступаючы ў Берасьце, гурт беларускай сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса” зьвярнуўся ў залю: “Прывітаньне, Гродна!” Напэўна, музыкі даўно хацелі наведаць наш старажытны горад над Нёманам. Што і казаць, гарадзенцы самі зь нецярпеньнем чакалі іх канцэрта. І, нарэшце, у адзін лютаўскі вечар жыхары Горадні цягам двух гадзін атрымлівалі асалоду ад чароўных гукаў мэдывалі.

Старадаўнія беларускія ды эўрапейскія танцы, рыцарскія баляды, ваярскія песьні, творы прыдворнай музыкі XV-XVI стагодзьдзяў перанесьлі гледачоў на княжацкі баль. Напэўна, кожны аматар сярэднявечнай музыкі адчуў сябе сапраўдным ліцьвінам, жыхаром Вялікага княства Літоўскага...

“Стары Ольса” працуе ужо больш за сем гадоў. За гэты час музыкі запісалі восем музычных альбомаў. Істотнай асаблівасьцю гэтага гурта зьяўляецца тое, што ўсе без выключэньня музычныя інструмэнты робяцца па старадаўніх тэхналёгіях дзеля таго, каб рэканструяваць аўтэнтычны тэмбар і гук. У Горадню “Стары Ольса” прыехаў у поўным складзе: Зьміцер Сасноўскі, Ільля Кубліцкі, Андрэй Апановіч, Алесь Чумакоў, Сяргей Тапчэўскі і Аксана Касьцян.

Мне удалося пагутарыць з люстністам і ударнікам гурта – спадаром Ільлём Кубліцкім.

-- Ільля, скажы, калі ласка, якія уражаньні застануцца ў цябе ад сёньняшняга канцэрта і гарадзенскай публікі? 

-- Было вельмі нечакана, што ўсе квіткі прадаліся. Мы тут першы раз. У Менску мы выступаем часта. Нас там ведаюць, а ў Горадні – толькі па запісах, напэўна. Так што, вельмі прыемна было. 

-- У адным з інтэрвію ты зазначыў, што мара кожнага артыста – калі паўнюсенькая заля і квіткоў вольных няма. Я думаю, што сёньня гэта мара зьдзейсьнілася...

-- О, ну так! (сьмяецца)

-- Скажы, калі ласка, а чаму менавіта Сярэднявечча? Чым цікавая гурту “Стары Ольса” гэта эпоха? 

-- Гэта вельмі цікавы напрамак насамрэч. Тым больш, ён вельмі мала распрацаваны ў Беларусі. У нас усё больш зьяўляецца гуртоў, якія цікавяцца сярэднявечнай музыкай. У Расеі, напрыклад, больш цікавяцца ірляндзкай музыкай. Дзякуй Богу, што ў нас зьявіліся гурты, у якіх не толькі эўрапейская музыка сярэднявечная, але яны шукаюць і беларускія песьні.

-- Адзін з жанраў рэпэртуару “Старога Ольсы” – беларускія канты. Дарэчы, яны сёньня не выконваліся...

-- Канты – гэта духоўныя сьпевы. Мы асабліва не выконваем іх. У нас ёсьць адна песьня  “Багародзіца”  ў апошнім альбоме. Духоўны гімн Вялікага княства Літоўскага.

-- Дарэчы, палякі лічаць, што гэта іх старажытны гімн...

-- Насамрэч гэта не так. Ёсьць некалькі вэрсій зьяўленьня гэтай песьні. Але ўсе дасьледчыкі пацьвердзілі, што гэты чалавек ня мог яе напісаць. На жаль, я не памятаю яго прозьвішча. Гэта нейкі польскі сьвятар. У “Багародзіцы” выразна выступаюць беларусізмы. Трохі ёсьць і польскіх словаў, але гэты твор быў менавіта ў княстве Літоўскім.

Упершыню гімн быў засьпяваны на Грундвальдзкай бітве. І пасьля Грундвальскай бітвы яго сталі дапрацоўваць, прыдумваць новыя слупкі. Мы выканалі менавіта тое, што запісана было ў ХV стагодзьдзі, пасьля Грундвальдзкай бітвы. Менавіта так яно выконвалася. А потым палякі пачалі ужо называць “Богородзіца”, хаця ў іх такога слова канешне няма. Гэта беларускае слова. Яны сталі прыдумваць дадатковыя мэлёдыі. Стагодзьдзі ішлі, і гімн усё больш распрацоўваўся. Але я яшчэ раз хачу падкрэсьліць, што мы выканалі варыянт самы старадаўні, як гэта і было ў XV стагодзьдзі.

 

-- “Стары Ольса” мае за плячыма досьвед у здымках відэа-кліпаў. Ролік “У карчме” стаў першым кліпам на беларускую сярэднявечную музыку. А ці могуць аматары гурта чакаць у бліжэйшым  часе зьяўленьня новых відэа-ролікаў? 

-- Так, могуць, канешне. Ужо ёсьць матэрыял для новага кліпа. Толькі трэба зрабіць мантаж. Гэта кліп на песьню “Літвін” са “Скрабаў літвінаў”. Мы перапісалі нанава фанаграму. Па-новаму загучала песьня. У праекце ўдзельнічалі беларускія рыцарскія клюбы. Спадзяемся, атрымаецца добры кліп.

-- Будзем чакаць! Скажы, калі ласка, што за калярытная асоба зьмешчана на вокладцы апошняга альбома гурта “Гераічны эпас”?

-- Фёдар Міхееў, кіраўнік “Княжага Гуфа”. Мы з гэтым клюбам пастаянна супрацоўнічаем. І ў кліпе яны здымаліся. Адны з арганізатараў будучага кліпа “Літвін”, дарэчы.

Гэта фігура вельмі падыходзіць да музыкі, сьпеваў. Нам падалося, адлюстроўвае зьмест. Альбом дастаткова “крывавы” атрымаўся.

-- Пра ваяроў? 

--Так.

-- Цікава даведацца пра тэатар “Яварына”: хто гэта, чым займаецца калектыў, дзе выступаюць?

-- Яны выступаюць з намі па фэстывалях. Вельмі часта Польшчу наведваем разам. Нядаўна ў Эстоніі былі. Мы пастаянна праводзім сярэднявечныя дыскатэкі ў Менску: раз на год, напэўна, ці два нават бывае. І яны таксама ўдзельнічаючь. Людзі прыходзяць, хочацца патанчыць, і “Яварына” гучыць. Потым тэатар займаецца агнявым шоў. Fire-show паказвалі не раз у Польшчы. Таксама ў іх ёсьць задумкі рабіць мініятуры на старадаўнія беларускія тэмы. Такія сярэднявечныя міні-спэктаклі будзем рабіць.

-- А ці можна далучыцца да гэтай творчай  суполкі, каб навучыцца таньчыць?

-- Ну, як бы майстар-клясы яны не праводзяць. Тут прафэсійныя танцоры, навучэнцы унівэрсытэта культуры.

-- То бок, як у фітнэс-клюб, каб навучыцца лацінскім танцам, у “Яварыну” дзеля сярэднявечных танцаў  прыйсьці нельга?

-- Пакуль такой ідэі я не чуў. Можа, калі і гэтым зоймемся...

Мы наступны альбом зьбіраемся рабіць танцавальным: эўрапейскія танцы. Тут быў альбом сьпеваў, а зараз будзе альбом танцаў.

-- Кшталту як сёньня гралі?

-- Так, але гэта будуць новыя творы. Акрамя адной, якая гучала, -- “Сьцяжынкай д′ябла”. Вугорскі танец.

-- “Мочыць вусны пенна цёмна піва...” – пяецца ў адной песьні “Старога Ольсы”. Дарэчы, яна не выконвалася сёньня. І усё ж, якім півам любяць пачаставацца самі спадары музыкі?

-- Самае любімае – “Аліварыя”. Я люблю цёмнае, а астатнія – сьветлае. А гэта песьня проста не наша, а Сідаровіча. І не сярэднявечная. Яна пад акардыён выконваецца.

-- Але усё роўна страшэнна папулярная.

-- Так, мы ведаем. (усьміхаецца) Але я думаю, што ёсьць вельмі добрыя сярэднявечныя песьні. Усё ж такі мы прапагандуем сярэднявечную культуру.

-- Вялізны дзякуй за такое цікавае і зьмястоўнае інтэрвію, спадару Ільля! 

Фотаздымкі Волі Галубец

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0584 seconds.