Мінадукацыі Беларусі прапануе стыпэндыі для навучаньня ў Кітаі
Міністэрства адукацыі Беларусі прапануе стыпэндыі студэнтам, асьпірантам і стажорам для навучаньня ў Кітаі ў 2007-2008 навучальным годзе.
У межах Пагадненьня аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі адукацыі Беларусі і Кітая прадастаўляюцца стыпэндыі на навучаньне для студэнтаў, а таксама стажыроўкі для асьпірантаў і стажораў у КНР на тэрмін ад 3 месяцаў да 1 года. Студэнты, якія накіроўваюцца ў Кітай, павінны валодаць кітайскай мовай, стажоры і асьпіранты – ангельскай.
Па гэтай праграме сваіх студэнтаў плянуе накіраваць на навучаньне ў Кітай Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Прычым БДУІР аплачвае праезд ад Мінска да Пэкіна і назад. Транспартныя выдаткі ў Кітаі аплачвае кітайскі бок. Стыпэндыяты вызваляюцца ад платы за навучаньне, пражываньне, карыстаньне падручнікамі, ім выплачваецца стыпэндыя кітайскім унівэрсытэтам.
Плянуецца, што асьпіранты і стажоры БДУІР будуць накіроўвацца ў першую чаргу ва ўнівэрсытэт Сідзянь горада Сіань, Сіаньскі політэхнічны унівэрсытэт, унівэрсытэт электронных навук і тэхналёгій Кітая г. Чэнду, Чанчуньскі палітэхнічны ўнівэрсытэт, Жэйяньскі ўнівэрсытэт г. Ханчжоў.