Зламалася галоўная камэра тэлескопа «Хабл»
Любіце добрыя фотаздымкі космасу? На жаль, новых якасных здымкаў давядзецца чакаць амаль год, бо асноўная камэра касьмічнага тэлескопа «Хабл» перастала працаваць з-за праблемаў з электрычнасьцю.
Адмыслоўцы Нацыянальнага агенцтва па аэранаўтыцы і касьмічным дасьледаваньням ЗША гавораць аб гэтай падзеі як аб сур'ёзнай страце, бо менавіта пры дапамозе гэтай камэры атрымоўваліся самыя выразныя касьмічныя здымкі.
Камэра, па сутнасьці, складалася з трох падкамэраў, здольных улоўліваць і адфільтроўваць сьвятло - ад ультрафіялетавага выпраменьваньня амаль да інфрачырвонага.
У NASA спадзяюцца, што траціна функцый усталяваных у 2002 годзе ў камэры, магчыма, усё жа атрымаецца аднавіць.
Тэлескоп «Хабл» быў выведзены на арбіту ў 1990 годзе, што дазволіла навукоўцам атрымоўваць здымкі, на якіх малюнкі касьмічных аб'ектаў не скажоныя пад уплывам зямной атмасфэры.
За гады сваёй працы тэлескоп «Хабл» змог зрабіць вельмі шмат здымкаў, якія дапамаглі навукоўцам лепш зразумець гісторыю і пабудову Сусьвету.
Новая камэра на «Хабл» будзе усталяваная толькі ў 2008 годзе.