Нататкі з сямі вяршыняў (частка ІІІ)

Ёсьць, напэўна, аматары, якія сустрэнуць новы год ня ў цёплых кватэрках, а на вышыні 5642 мэтры - на Эльбрусе. Каманда ж беларусаў, сьвяткуючы новы год дома, сярод дасягненьняў года будзе ўзгадваць і пра скарэньне Эльбруса. Апошняя частка нататак з вандроўкі Зьмітра Гліндзіча разам з групай іншых беларускіх альпіністаў у горы Каўказу.

22 беларускія альпіністы з клюбу “Надзір” – людзі розных полаў, узростаў і заняткаў – гэтым летам зьдзейсьнілі чарговую вылазку ў горы Каўказу. А трое заўзятараў скарылі Эльбрус! Сярод іх – Зьміцер Гліндзіч – сябра альпінісцкага клюбу “Надзір”, удзельнік Community Studenty.by і аўтар “Нататак з сямі вяршыняў” у трох частках.

Нататкі з сямі вяршыняў. Частка І >> 

Нататкі з сямі вяршыняў. Частка ІІ >> 

 

НАТАТКІ З СЯМІ ВЯРШЫНЯЎ
Частка ІІІ 

 

Скарэньне Эльбруса

Раніца. З дзьвюма дзядзькамі: лекарам Зьмітром і старым турыстам Сярогам, накіроўваемся на фінальную гару Лета-2006 - Эльбрус, што знаходзіцца ў суседняй Кабардына-Балкарыі на мяжы з Грузіяй і троху адсунута на поўнач ад галоўнага хрыбту Каўказа. На мікрааўтобусе даяжджаем да Нальчыку і пасьля некалькі гадзінаў ляцім на маршутным аўтобусе па цясьніне Баксан да пасёлку Церскол, дзе ставім намёт на базе МНС у сасновым лесе.

 

На наступную раніцу, набыўшы неабходныя прадукты, садзімся на пад’ёмнік у пасёлку Азаў і ўздымаемся да базавага лагеру “бочкі” на 3800. У гэты ж дзень, усталяваўшы на каменьнях намёт, робім акліматызацыйны выхад да скалаў Пастухова на 4700. Надвор’е цудоўнае. Побач нязвыкла шмат людзей, якія рознакаляровым натоўпам рушаць то ўверх, то ўніз.

 

Вярнуўшыся адтуль, амаль адразу кладземся спаць, рыхтуем троху кавы і сухарэй на раніцу. Устаем а 2.00 і ўжо праз гадзіну ў поўнай цемры зь ліхтарамі рушым наверх. Наперадзе Эльбрус.

Ля “Прытулку Адзінаццаці” на 4100 нас абганяе некалькі “Буранаў”, бітком набітых соннымі турыстамі, якія выглядаюць нібы васкавыя лялькі. З захаду, у левую шчаку, бесперапынна дзьме дужы вецер, і здаецца, што тэмпература паветра не вышэй за -20-15 градусаў. Праз гадзіну пачынае сьвятлець, мы падыходзім да скалаў Пастухова і абганяем натоўп турыстаў зь інструктарамі.

З-за гарызонту ўзыходзіць сонца і фарбуе ўсходнюю вяршыню Эльбруса ў мяккія ружовыя цені, а зьлева вялікай трохкутнай плямай лягла па-над засьнежанымі гарамі, зыходзячы ўдалеч на дзясяткі кілямэтраў, магутная цень заходняй вышэйшай вяршыні. Да перамычкі паміж вяршынямі ідзем у кошках, час ад часу абганяем групкі людзей, ідучых у калёну адзін за адным. Шмат людзей сядзіць ці ляжыць на сьнезе з амаль не сфакусаванымі позіркамі, пераводзячы подых, і адпачывае. Многіх ванітуе, месцамі на сьнезе сустракаюцца жоўтыя плямы.

 

 

 

Вышыня 5000 мэтраў. Уздымаемся ўверх і застаемся ў адзіноце. Добра адчуваецца недахоп кіслароду, часта б’ецца сэрца і праз кожныя пару крокаў вымушаныя рабіць прыпынак, каб аддыхацца.

Выходзім на перамычку, 5100. Навокал аблокі, моцны вецер прадзьмувае куртку наскрозь. Азіраесься: побач нікога няма, цемра. Сядаю на заплечнік, чакаю, пачынаючы мерзнуць. Празь некаторы час з-за грэбня ў шчыльных аблоках зьяўляецца постаць Сярогі, які выбіраецца на перамычку, кладзецца на заплечнік і нібы сьпіць. Зьміцер крыху адстаў і  недзе за перагінам працягвае ўздым з групай немцаў.

Ідзем уверх удваіх. Вышыня 5300 мэтраў. Час ад часу кошкі ці трэкінгавыя палкі, зачапіўшыся за фірн, выпускаюць гучны, даволі дзіўны скрып, падобны на крык жывёліны. У галаве то пустэча, то невядома адкуль наплывае хуткая плынь думак. Каб ісьці рытмічна вымяраеш пэўную колькасьць крокаў, пасьля якіх дазваляеш сабе зрабіць прыпынак на кароткі тэрмін, падчас якога часта дыхаеш і шукаеш вачыма зьверху новую кропку адпачынку.

Вышыня 5600 мэтраў. Апошнія крокі да вяршыні ідуцца лягчэй, амаль не адпачываеш. Наперадзе бачна некалькі ўздымаў, сярод іх выразна высіцца вяршынны ўзгорак. Раблю апошні мэтар, кладуся на сьнег…

Моцны вецер разганяе аблокі, сонца асьляпляе нават праз акуляры. Некалькі хвілінаў адпачываю, пасьля ўсталёўваю на адной з палак сьцяг, выбіўшы глыбокую дзірку ў цьвердым сьнезе. Падыходзіць Сярога, умацоўваем расьцяжку. Знаходзімся на вяршыні - пад намі Эльбрус Заходняя, 5642 мэтры, ззаду застаўся маршрут 2А, час – 9.30 раніцы. Праз паўгадзіны падыходзіць Зьміцер і група немцаў. Замежнікі бязьмежна радыя, некалькі жанчын амаль што плачуць. У твар б’е халодным ветрам.

Робім сэрыю фотаздымкаў і хутка, каб не зьмерзнуць, накіроўваемся ўніз. Зямля адсюль выглядае нібы фізычная мапа, срэдку пакрытая ланцужкамі невялікіх аблокаў, высока над якімі па-над усёй Эўропай на вяршыні апошняй, сёмай гары свабодна ў промнях сонца лунае сьцяг.

 

 

 

 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0613 seconds.