Нататкі з сямі вяршыняў (частка І)

22 беларусы з клюбу “Надзір” – альпіністы і альпіністкі розных узростаў і заняткаў – гэтым летам зьдзейсьнілі чарговую вылазку ў горы Каўказу – 21 маршрут ад катэгорыі 1Б па 4Б. А трое заўзятараў скарылі Эльбрус! Сярод іх – Зьміцер Гліндзіч – сябра альпінісцкага клюбу “Надзір”, удзельнік Community Studenty.by і аўтар “Нататак з сямі вяршыняў” у трох частках. 

Зьміцер Гліндзіч

Даведка: усе альпінісцкія маршруты падзяляюцца па складанасьці па катэгорыях 1Б, 2А, 2Б, ..., 6А, 6Б пачынаючы з самай простай – 1Б, і скончваючы катэгорыяй 6Б (адтуль вяртаюцца далёка ня ўсе).
 

НАТАТКІ З СЯМІ ВЯРШЫНЯЎ
Частка І 

Некалькі хвілінаў менская вакзаля неcпакойна сьпіць, цяжка ўдыхаючы гарачае ліпеньскае паветра. Цягнік раптам спаўзае зь месца, каўтае чараду заціснутых паміж вагонамі гукаў і, не заўважаючы парадзеўшы за апошнія хвіліны натоўп на пэроне, рушыць наперад.  

Без мяне...”, – думаецца так жа ж раптоўна недзе там, дзе сьпіна сутыкаецца з шыяй. Але чапляесься, пасьпяваеш.  

Наступныя некалькі дзясяткаў гадзінаў – плынь разнастайных думак, пралятаючых празь сьвядомасць з хуткасьцю будынінаў, падкошаных на адзін бок ля невялікіх станцыяў, якіх так шмат настаўлена на шляху хуткаснага цягніка. Адчыненая кніга, сьціснутыя рухі побач, голас правадніцы і пэрыядычны стук зьнізу неверагодна наганяюць сон. Размовы зь людзьмі, падрыхтоўка і праверка амуніцыі; на станцыях, дзе цягнік стаіць, час ад часу заўважаеш новыя рухі, шэраг гукаў, што напаўняюць гарачае паветра. Бабулькі ашалела гандлююць напоямі і нейкай ежай.

Калі едзеш – усё прасьцей, жыцьцё кіруецца толькі раўнамэрным грукатам колаў і хуткімі штуршкамі ветру, які сьлізгае па мокрым ілбе і няголенай шчацэ. Час ад часу побач праходзяць людзі ў форме, спыняюцца і, прытомлена гледзячы ці то ў вочы, ці то далёка за межы цягніка, аддаюць пазначаны пашпарт. Яны ўвесь час напружаныя.

...Праходзіць час. Аўтобус хутка вязе па паўразбуранай месцамі дарозе. Час ад часу крута зварочвае, каб абмінуць каменьні ці не зьляцець з паласы ў раку, якая грыміць побач унізе. Падскокваючы на купінах, аўтобус скрыпіць і хістаецца, і тады адчуваеш як раптоўна закладае вушы. Па баках, амаль над самім шляхам, стаяць скалы, якія паступова набіраюць вышыню, ствараючы глыбокую і вузкую парослую невялікімі дрэвамі і рознатраўем цясьніну, якая ўпіраецца ў заледзянелы галоўны Каўказскі хрыбет. Празь некалькі гадзінаў мы сярод невялікіх будынкаў. Пусты аўтобус хаваецца за паваротам дарогі. 

Паўночная Асеція, раён Дзігорыі, вышыня ля 1800 мэтраў. Зь нізкіх і шчыльных хмараў, якія ляжаць на вяршынях дрэваў і хатаў, што побач, крапае дробны дождж. Хочацца як сьлед выспацца. Зьлева, нібы шматтонны цягнік, грукоча рака.

Пачатак

Дзень пасьля пераезду. Зь цікавасьцю назіраю за зьменамі ў працы свайго цела. Верагодна, калі аднойчы так углядзецца ў сябе там, дома, то адшукаеш шмат новых асаблівасьцяў, аб якіх ніколі ня ведаў. Аб адноснасьці ўсіх зьменаў думаць ня хочацца; шмат азіраесься па бакох, глядзіш на ўсё напрост.

Наступныя некалькі дзён праходзяць у падрыхтоўках, занятках на скалах і сьнезе ў суседняй цясьніне Тана, дзе паміж дзьвюма змрочнымі і зьледзянелымі зьверху хрыбцінамі па зеляніне альпійскіх лугоў шчыра раскіданы сузор’і рознакаляровых горных кветак. Ярка і горача сьвеціць сонца, але паветра сьвежае і прыемна напаўняе легкія; і толькі часам, прытуліўшыся сьпіною да вялікіх валуноў, якія ўзвышаюцца над травой, адчуваеш усю сьпякоту паўднёвага сонцапёку.

Вакол прыемна зьвініць цішыня, па-за якой ледзь чуваць барматаньне ракі. Час ад часу гэта ідылія напаўняецца гучным, як грукат навальніцы, подыхам лавіны, што сыходзіць недзе ў гарах.


Першае ўзыходжаньне

Нехта сказаў, што ён непад’емны – заплечнік на плячох.

Пачынаецца дзень, наперадзе трэніровачнае ўзыходжаньне на вяршыню Айхва Малая па маршруце 2А катэгорыі цяжкасьці. Цэлы дзень да вечара абліваесься потам, набіраеш вышыню па бясконцаму ланцугу горнай сьцежкі, якая прабягае па невялікім пралеску, потым па схілу ўздоўж ракі да буйнога вадападу. Там шлях раздвойваецца, і адна са сьцежак, некалькі гадзін пятляючы па лугах і зялёных плячах Суганскага хрыбта, у рэшце рэшт, упіраецца ў айхвінскія начоўкі.

Зьнізу плывуць аблокі, і, часам, адна з хмар, узьняўшыся па-над сваёй чарадой, раптоўна ўрываецца ў лягер, спрабуючы забрацца ў пастаўленыя ня так даўна паміж каменьнем намёты.


...Сон перарываецца непрыемным гукам, які на доўгі час нібы замірае ў халодным начным паветры. Ускокваеш у намёце, спрабуючы вызваліцца са спальніку.

Зьвініць будзільнік, на ім 2:45. Пачатак першага ўзыходжаньня.

Хутка апранаю вопратку, зьверху накідваю пухоўку, бяру рукавіцы. Празь некаторы час пасьля сьціплага сьняданку ў цемры - першыя крокі па маршруце. Спачатку сыпуха, пасьля больш буйныя каменьні, якія неўзабаве пераходзяць у няцяжкі скальны ўздым, ярка асьвечаны першымі чырвона-аранжавымі промнямі ранішняга сонца.

Празь некалькі гадзінаў працы на скалах стаім увасьмярох на вяршыне, вышыня 3548 мэтраў. Надвор’е яснае, добра праглядаюцца пікі суседніх хрыбтоў. Недзе збоку ўнізе, можа на адлегласьці з кілямэтар, на белых языках сьнежніку ў некалькіх зьвязках хутка спускаюцца людзі.


Яшчэ празь некаторы час знаходзімся ля намётаў, віншуем адзін аднаго з першай гарой сэзону і зьбіраемся да спуску ў самы ніз. А ўвечары, спусьціўшыся, паўзем у душ і потым у сталоўку базы “Комы-Арт”, дзе нас ужо чакае вячэра. Наступны дзень - адпачынак і падрыхтоўка да новага, больш доўгага выхаду, прасушка мокрых рэчаў, рамонт і прагляд амуніцыі.

Галдорскія начоўкі

Ізноў раніца, пад нагамі ўжо знаёмая сьцежка, якую на працягу апошніх сутак бясконца палівае зацяглы дождж. Ззаду, нязграбна навісаючы над галавой, упіраецца яшчэ больш цяжкі заплечнік.

Наперадзе тры новых узыходжаньні. Фізычна падыход да начовак даецца не прасьцей за ўздым па маршруце ня самай лёгкай катэгорыі. Ля вадападу зварочваем убок і ідзем па буйной маляўнічай цясьніне ўздоўж ракі Харэс. Празь некалькі гадзінаў падыходзім да хуткага ручаю. Тут пачынаецца моташны ўздым, мэта якога - галдорскія начоўкі на вышыні 3200 мэтраў. Час ад часу здаецца, што моцы хопіць ня больш чым на некалькі крокаў, але пасьля тых крокаў амаль заўседы думаеш тое ж самае, працягваючы доўгі пад’ём.

Пахмурна, дзьме вецер.

Наступным днём адпачываем сярод вялікіх, часам зь невялікую будыніну, галдорскіх валуноў. Пад нагамі раскінуўся бясконцы зялёны дыван зь безліччу кветак і невялікім горным ручаём, напоўненым каламутна-белай з-за вымываемых з гор мінэралаў вадой. Нягледзячы на дрэннае надвор’е папярэдніх некалькі сутак, у гэты дзень ясна. Сонца пячэ дужа горача.


 

Пік Боткіна

Прачынаюся ад знаёмага гуку будзільніка, распальваю прымус, на хуткую руку гатую кашу і, грэючы гарбату, абуджаю астатніх. І ўжо а чацьвертай гадзіне раніцы групай з пяці чалавек пакідаем за сьпіной першыя мэтры маршрута 3А. Наперадзе, агароджаны ад кулюара і сьнежнага перавалу доўгім скальным грэбнем, хаваецца у ранішніх хмарах пік Боткіна вышыней у 3897 мэтры. Па грэбні ісьці цікава, не заўважаеш, як мінаюць гадзіны, у некаторых месцах прапаўзаеш скальныя сьценкі чацьвертай катэгорыі. На вяршыні надвор’е псуецца. З-за галоўнага Каўказскага хрыбта няспынна ляцяць хмары, што робіць немагчымым разглядзець рэчы ўжо ў 10-15 мэтрах ад сябе.

Амаль адразу, яшчэ як сьлед не пасьпеўшы звыкнуць з тым, што вышыня дасягнута, вырашаем рушыць ўніз. Хутка спускаемся ў лягер; падчас спуску чуем галасы іншай групы недзе на скалах за белай сцяной дробных, на колькі дазваляе ўбачыць вока, кропель вады. Група заблукала ў тумане, згубіла шмат часу і вярнулася ўніз ўжо ў прыцемках.


 

Новая вяршыня - Галдор Цэнтральная 

У намёце цёмна. Павольна расплюшчваю вочы, прыслухоўваюся. Недзе недалека над вяршынямі гор чуецца грукат грому. Няма ў сьвеце зьявы больш велічнай, да шалёнасьці прыгожай і напружнай, чым буйная навальніца ноччу ў гарах. Вецер паступова ўзмацняецца, і гучны звон будзільніка заглушаецца частымі ўдарамі кропель дажджу па тэнце. Гэтай ноччу выхад адкладаецца некалькі разоў. У рэшце рэшт, бліжэй да раніцы, асьцярожна вылез з намёту. Праз адзінокія разрывы ў плыні хмараў бачныя ўжо згасаючыя зоры. 

Раніца. Дзьвюма групамі ўздымаемся па шырокім скальным кулюары, які недзе наверсе пачынае пакрывацца шэрым паўрасталым сьнегам і далей, у зоне густых аблокаў, ператвараецца ў лядовы схіл, па якім сьціплымі ручаінамі цячэ вада і ляжыць значны пласт сьнегу.

У тумане цяжка разгледзець суседняга чалавека, таму, часам, замацоўваючы на буры новы ўчастак вяроўкі, адчуваеш сябе ў напружанай адзіноце.

Побач па сьнежным схіле пралятаюць розныя па памерах і форме каменьні пастаянных ў гэты час камняпадаў.

На перавале нашыя шляхі разыходзяцца па двум суседнім маршрутам. Зварочваем на даволі крутыя скалы, што зьлева, і пачынаем уздым на вяршыню Галдор Цэнтральная 3980 мэтраў вышынёй па маршруце 3А. Увесь маршрут прабіты крукамі і правешаны станцыямі з расходных петляў, таму даволі хутка прапаўзаем скалы да вяршыні, арганізоўваючы добрую страхоўку.

Апошнюю частку шляху ідзем троху ўбок, у выніку чаго скалы, ствараючы паўкола, не дазваляюць пачуць ніводнага гуку ад чалавека побач зьнізу. Дзіўны акустычны эфэкт навязвае замінку.

На вяршыні крыху адпачываем. Праз паўтары гадзіны сыходзім назад на сьнежны перавал, дзе нас ужо чакае другая група. Разам вешаем вяроўкі і ня вельмі спрытна спускаемся ў лягер. Нехта, здаецца, падмарозіў ногі, усе мокрыя. П’ем гарачую гарбату, перакусваем і валімся ў адпачынак.

  

У гарах лепш не памыляцца 

Празь дзень адпачынку апошняе з гэтых начовак узыходжаньне. Выхад не са сваёй, меньш вопытнай, групай у якасьці падтрымкі. У групе інструктар-стажор, тры хлопцы і дзьве дзяўчыны. Ідзем па знаёмым ужо шырокім кулюары і перад сьнегавымі языкамі зварочваем на скальны контрафорс, каменьні якога ружавеюць у промнях сонца.

Празь некалькі гадзінаў упіраемся ў маналітныя скалы, якія сваімі шэрымі ў паўразбураных трэшчынах вертыкалямі, праводзяць позірк да самай вяршыні. Робім памылку: не заўважыўшы даволі просты ўздым па сьнежніку, падыходзім да скальнай сьцяны. 

Хлопец, што выйшаў уверх, вяртаецца назад - шлях далей па скалах вельмі складаны. Губляем шмат часу. Робім спробу вылезьці на карніз у месцы замацаваньня апошняй станцыі. Наколькі бачыць вока - уверх і ўбакі скальныя сьценкі, часам з навісаньнем, з невялікімі паліцамі і паўразбуранымі ветрам і вадой прыступамі.

У адзін з момантаў камень, на які робіцца ўся апора, раскалываеца і, выходзячы са скалы, застаецца ў руцэ. У галаве нешта стукае, няма ніводнай думкі. Рэфлекторна, хутка сыходзячы ўніз, рука хапаецца за востры і адзіны побач выступ, пакідаючы на скалах чырвоныя малюнкі крыві.

...Замацаваўшыся, праходжу ўніз і троху лявей на ўсю вяроўку. Адсюль добра бачны правільны маршрут 2Б на вяршыню Галдор Малая, 3700 мэтраў, які пачынаецца на незаўважаным раней сьнежніку.

Надвор’е раптам псуецца: уздымаецца вецер, пачынаецца дробны, амаль мерзлы, дождж.

Празь некалькі гадзінаў працы ў моцным тумане ўзыходзім на вяршыню ўчатырох, дзяўчыны застаюцца ніжэй. У адной зь іх уздымаецца тэмпэратура, таму хутка, часам губляючы ў аблоках правільны шлях, сьпяшаемся ўніз.

Вяртаемся ў лягер даволі позна і адразу ж, без адпачынку і гарбаты, па загадзе спускаемся далей зь іншымі групамі ў базавы лагер “Комы-Арт”. Пад час спуску пачынаецца дождж, сьцежка губляецца ў бясконцай белай прасторы аблокаў. Хочацца легчы на сьпіну, раскідаць рукі і ногі ў бакі і доўга бяздумна глядзець у белае, як малако, неба. Целам кіруе моташная і нудлівая стома.

Вольны дзень 

Наступным днём адпачываем, гуляем па цясьніне, назіраем за паводзінамі і бытам мясцоўцаў. Побач знаходзіцца памяжоўная застава, недзе стаяць маладыя хлопцы са зброяй у ваеннай форме. Увечары сядзіш ля ракі ў кавярні, п’еш віно, частуесься мясцовымі пірагамі.

Калі глядзіш на схілы вялікай цясьніны, парослыя ў некаторых месцах дрэвамі, і на лінію электраперадач, якая губляецца ў змроку і смузе на фоне далёкіх гор, ці то ў грудзях, ці то над страўнікам пачынае нешта сьціскаць. Думкі коцяцца ў прастор даўна забытых яшчэ недзе ў дзяцінстве мараў і пачуцьцяў. Ад гэтага дарога да начлегу робіцца да немагчымасьці прыемнай...

 

Чакайце ў наступных частках "Нататак з сямі вяршыняў": 

    Найпрыгажэйшае месца на Каўказе - паляна Нахашбіта - рай на зямлі.
    Навальніца ў гарах і ноч беларусаў над аблокамі.Скарэньне Эльбруса.
    Беларусь на вышыні 5642 мэтры.
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.066 seconds.