Рок-кола – Рок-каранацыя

Дажджы… Паўсюль калюгі... На тэрмомэтры зноў +5. І вось у такі “марозны і сьнежны” дзень акурат пасярэдзіне першага месяца зімы – 16-га – невялічкая купка людзей накіроўвалася ў ДК МТЗ, дзе меў месца адбыцца канцэрт “Рок-кола – Рок-каранацыя”.

Primus inter Pares

Напачатку падавалася, быццам бы знаходзісься ў тэатры: 3 званкі, бабулька ля ўвахода ў залю рве квіточкі, павольна людзі праходзяць і займаюць месцы (пакуль тыя, якія напісаны на іх паперачках). Але гэта ілюзія зьнікае, калі ўсьведамляеш: маладыя людзі з байкамі “Псіхея” на “Згублены рай” не пайшлі б. І вось 3-і званок, дзьверы залі зачыняюцца, сьвятло гасьне, ты можаш перасесьці з апошніх месцаў на самыя першыя – на жаль, гледачоў прыйшло занадта мала, больш за палову крэслаў пуставала.

Што за... зноў нейкае “дэ жа вю”: на сцэне “МЫ”, Аніса, а заля страшэнна нагадвае полацкі Гарадзкі палац культуры. Што ж: ПРЫВІТАНЬНЕ РОК-КОЛА!!!

У сваім уступным слове вядучыя, а імі былі нязьменны бацька полацкага фэсту і яшчэ чатырох ці пяці дзяцей (лічбы падчас канцэрта мяняліся:) Сяргей Іванавіч Анішчанка (ці даўно ўжо Аніса) і VJ Каця Пытлева, выказалі задавальненьне тым, што ўрэшце рэшт Менск можа пазнаёміцца зь лепшымі гуртамі паўночнай сталіцы беларускага року, і тым, што падтрымаць музыкаў прыйшлі і іншыя ўдзельнікі сёлетняга Рок-Кола. Так, напрыклад, яны ўгледзелі ў залі вакалістку гурта Lilith, выступ якога на фэстывалі Каця назвала “самым эратычным”.

Але размова не пра гэта...

Гасьцямі на імпрэзу былі запрошаныя навапалачане “Primus inter Pares” і “Амальгама”, а таксама гурты з Полацку “Тихий Час” і “Мы”. “Рок-Каранацыю” ж мусяць прадставіць “Indiga”, “Куклы” і “Мадэра Хард Блюз”. 

Разам зь вядучымі на сцэне зьявіліся музыкі  наваполацкага гурта “МЫ”. Бальзам на маю атручаную душу! І ўсё ж такі жыве стары добры рок-н-рол! Быццам бы і не было занудных параў, праблемаў з транспартам... Усё зьнікла, як толькі “МЫшкі” зайгралі. Магу зазначыць, што іх музыка стала заўважна цяжэйшай, але гэта ніякім чынам не сапсавала агульнае гучаньне. Ды й што яго сапсуе, калі ты ведаеш сваю справу ўжо больш за 10 год? І наагул, рэдка канцэрты пачынаюцца з такой хвалі пазытыву, якая накрывае цябе з галавой. Малайцы, брава і дзякуй!

Далей разам з новым гуртом на сцэне зьявіўся і новы ўдзельнік – капялюш, які прынесла Каця. Ён павінен быў мужна і церпяліва прымаць і захоўваць да запатрабаваньня паперкі з парадамі, крытыкай, падзякамі і агульнымі ўражаньнямі, што гледачы вылівалі ў пісьмовай форме і клалі туды ў загорнутым выглядзе. Насамрэч, канцэрт прымаў выгляд ці то сяброўскай вечарыны, ці то інтэракрыўнай у нечым гульні. І капялюш стаў мосьцікам паміж сцэнай і заляй.

А тым часам Каця прадстаўляла гурт “Тихий час”. Дарэчы, хлопцы на Рок-Кола ўзялі прыз глядацкіх сымпатый. Музыка іх, як адзначыла Каця, нагадвала па сваёй мэлёдыцы ВІА ўжо так званай “эпохі рэтра”. Але ўсё ж такі падавалася, што не хапае ім чагосьці. Ці то няма яшчэ дастатковага вопыту выступаў па-за межамі “2гарадоў” ці то дзьве акустычныя гітары напружвалі, калі ў большасьці сваёй граюць аднолькавыя акорды. Але пачатак пакладзены, і дастаткова неблагі.

Што здарылася? На сцэне усё ж такі спэктакль? Не... гэта Аніса зноў вырашыў паглядзець, што ёсць ў яго гардэробе, і зьявіўся ў вобразе афіцэра, які абараняў Полацак ад Напалеона ў 1812 годзе. Кароценькі экскурс у гісторыю плаўненька перайшоў да выступу "Мадэры Хард Блюз". Хаця задавальненьне ад музыкі , як і іншыя гледачы, атрымала (а вы б бачылі, як кіўбасіла за сцэнай Анісу :)), але было крыху адчуваньне, што музыкам было ўсё роўна: што граць, як на гэта адрэагуюць... А гітарыст дык дакладна быў не ў гуморы і ўсё нэрваваўся з-за апаратуры.

Наступнымі на сцэне зьявіліся “Куклы”, “Лялькі”, як хто хоча... Але пасьля іх выступу бяру на сябе грэх сказаць: я ніяк не хачу. Прымушаць астатнія гурты чакаць і думаць, як парэзаць праграму, нахабна піць на сцэне піва (не для Рок-Кола, дый тым больш не для Каранацыі такія паводзіны)... “Сьвінства!” – не вытрымаў мой сусед. І наагул цікава, што падумаў Аніса, калі пачуў ад музыкаў, што Рок-Кола – фэст альтэрнатыўнай музыкі?!

Далей на сцэну выйшлі Indiga. І пакуль яны наладжваліся, Каця пайшла “ў народ”, каб той змог скарыстацца магчымасьцю распытаць Рок-князёўну аб набалелым. “Інтым не прапаноўваць” – з усьмешкай папярэдзіла Руся. Але штосьці інтэрвію не ладзілася... Але гэтага нельга сказаць пра выступ: як заўжды прафэсійна, загадкава, з элемэнтамі шаманства. Мантры ў пачатку на самой справе супакоілі і цела, і душу.

А напрыканцы ў выкананьне просьбы, адзначанай у паперцы з залі, Аніса ўзяўся граць на бубнах, чым зьдзівіў ня толькі сваю калегу па амплуа, але й гледачоў. Такім чынам кампазыцыя “Smoke on the water”, якую разам з Анісам зьімправізавалі басісты “Primus inter Pares” перайшла ў найлепшы інструмэнтал, пакаштаваўшы які, публіка засталася задаволенай. І ўсё ж такі “P.I.P.” – гэта нешта ўнікальнае. Ну дзе вы яшчэ бачылі гурт, які без праблем абыходзіцца без гітарыстаў, вакалістаў? І тым ня менш, яны “сьпяваюць”, але кожны ў іх музыцы чуе свае словы. Гукі працінаюць цябе наскрозь, ты адчуваеш іх кожнай клетачкай свайго цела... Шкада толькі, што яны мала каму вядомы гурт у Беларусі. На самой справе, іх месца сярод найлепшых, як на маю думку.

Далей паперка, знойдзеная ў капялюшыку, патрабавала: “Боровкова на сцену!” І вось яны – ляўрэаты "Рок-Кола 2006". “АМАЛЬГАМА”. Што пісаць, калі гэта ня проста слухаць, а на самой справе глядзець трэба (у асноўным на Бору-Бору, г.зн. на вакаліста)?! Такое ўражаньне складваецца, што перад вамі ці то актор, які пераўвасабляецца з дыктара радыё ў шамана з хуткасьцю сьвятла, ці то чарговы вар’ят, ці то ўсё ж такі вакаліст, якому, у прынцыпе, мікрафон не патрэбен (паверце мне, ад яго голаса трасуцца шыбіны ў вокнах, і людзі ва ўсіх куточках трохпавярховага дома ведаюць, што гэта Ігар сьпявае :)). Нездарма ж узяў восеньню лепшы вакал.

Усё добра, усё выдатна. Толькі людзей у залі замала.

Канцэрт скончыўся, але працяг будзе... І ў Менску, і ў Полацку...

Хутка ;)

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0627 seconds.