Дзе вы, 37 небаракаў?

Міністэрства адукацыі шукае 37 не даехаўшых да месцаў разьмеркаваньня выпускнікоў, паралельна распрацоўваючы сыстэму падачы заяваў на паступленьне ў ВНУ праз Сеціва. Аб гэтых і іншых цікавых рэчах казаў на мінулым тыдні міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў на сустрэчы з актывістамі і іншымі БРСМаўцамі з розных рэгіёнаў краіны.

Аляксандар Радзькоў

На жаль, пад вызначэньне “актывіст” у нашай краіне падпадаюць далёка ня ўсе студэнты. Некаторыя з тых, чый аўтарытэт у студэнцкім асяродзьдзі зьяўляецца сапраўды вялікім, але ж палітычныя ці нейкія іншыя погляды не супадаюць з поглядамі адміністрацыі ўнівэрсытэта, застаюцца ў вачах рэктаратаў простымі навучэнцамі, а, бывае, штучна пераводзяцца ў ранг прагульшчыкаў і двоечнікаў. Такім чынам, на сустрэчы прысутнічалі пераважна актывісты БРСМу.

Шмат прыгожых словаў было сказана на гэтай сустрэчы. Студэнтам зь Віцебску Максімам Кавалёвым было паднятае пытаньне аб студэнцкім самакіраваньні:

«Давайце створым каардынацыйную студэнцкую раду пры міністры адукацыі!» - заклікаў ён.

Некаторыя студэнты падтрымалі маладога чалавека. Але ж толькі некаторыя, і толькі студэнты. Ні выкладчыкі, ні міністар не выказалі аптымізму ў гэтым пытаньні. Нават болей: міністар адзначыў, што ў беларускіх студэнтаў і так занадта самакіраваньня, і зь ім яны не надта добра спраўляюцца.

У прыклад была прыведзена праца некаторых прафкомаў, сябры якіх “нават бізнэс-плян” скласьці ня могуць. Сапраўды, і хто ж пасьля гэтага студэнт радыётэху, калі ён элемэнтарны бізнэс-плян ня ўмее складаць!

У адказ па крытыку Радзькова, студэнтка Гарадзенскага мэдыцынскага ўнівэрсытэта Сьвятлана Дудук нават пахвалілася, што

“нумар мясцовай студэнцкай газэты падпісвае ў друк не рэктар, не дэкан, а першы сакратар БРСМ, звычайны студэнт”.

І ні ў каго нават сумненьня не выклікае той факт, што выбар і цэнзуру публікацый у газэце робяць самі студэнты, без дапамогі з боку адміністрацыі. Чым не самакіраваньне?

Такім чынам, нэакамсамольцы пагадзіліся, што самакіраваньне ім зусім і не патрэбнае, хопіць і ўзаемадзеяньня з адміністрацыяй вучэбных устаноў. Але ж кожнаму студэнту вядома, што ніякага самакіраваньня ва ўнівэрсытэтах Беларусі і так няма. І не чакаецца, бо меркаваньне і незалежнае дзеяньне моладзевых актывістаў, якія б кіраваліся выключна патрэбамі студэнцтва, зусім не даспадобы ўладзе.

Большасьць пытаньняў аб жыцьці студэнцтва, аб ахове правоў маладых людзей вырашаюць там, дзе гэтыя правы часьцей і парушаюцца. І сустрэча з актывістамі БРСМу яшчэ раз пацьвердзіла адсутнасьць палітычнай волі ў міністэрства адукацыі павялічыць магчымасьці самакіраваньня студэнтаў.

Міністра адукацыі папыталі, ці сочыць хто-небудзь за лёсам выпускніка, які прыехаў пасьля сканчэньня ВНУ на працу, скажам, у глыбінку?

"Вядома, сочым! — адказаў міністар. — Сёлета на працоўных месцах не зьявіліся 37 выпускнікоў. Зараз мы высьвятляем, чаму."

Не абмінуў Радзькоў і папулярную зараз тэму электроннай адукацыі. Вядома, што дыстанцыйная форма навучаньня апошнім часам атрымала вялікі распаўсюд у розных краінах сьвету. Беларусы зараз маюць магчымасьць атрымліваць адукацыю, не адыходзячы ад кампутара, дзякуючы намаганьням БДУІР і ЭГУ, а Ельскі ўнівэрсытэт выкладае відэазапісы лекцыяў у інтэрнэт.

Але ж міністар выказаўся вельмі скептычна адносна магчымасьцяў такой адукацыі, адзначыўшы, што

якасная адукацыя магчымая толькі пры непасрэдным кантакце навучэнца і настаўніка”.

Па словах міністра, ужо ў хуткім часе даведацца аб выніках цэнтралізаванага тэставаньня можна будзе пры дапамозе мабільнага тэлефона, а заяву на паступленьне ў той або іншы ВНУ — падаць праз Сеціва, не выходзячы з хаты.

Аб спробах палепшыць якасьць выкарыстаньня сучасных тэхналёгіяў Міністэрствам адукацыі кажа і той факт, што на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта плянуецца ўвесьці новыя спэцыяльнасьці – уэб і онлайн-журналістыкі.

Апошнія месяцы беларускі міністар адукацыі быў добрым ньюсмэйкерам і нарабіў шмат гучных заяваў: аб тым, што ўмовы ЦТ зьменяцца і ў гэтым годзе і аб тым, што сучасны нізкі ўзровень платы за адукацыю не адпаведае вялікім даходам насельніцтва.
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0069 seconds.