Сваю любоў да мовы ў суседняй Украіне пішуць нават на прыпынках грамадскага транспарту.
Ваколіцы Львова, студзень 2014, фота: Юра Сідун
Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, які працуе на сваёй пасадзе толькі чацвёрты тыдзень, сёння ў Мінску асцярожна, але шматабяцальна, выказаўся ў падтрымку пашырэння беларускай мовы ў сферы адукацыі. Падобная ініцыятыва яго папярэдніка Сяргея Маскевіча праіснавала два месяцы.
«На мой погляд, мы прыйдзем да таго, што ў нас больш за палову прадметаў будуць на беларускай мове», – заявіў Жураўкоў 21 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Чыноўнік паабяцаў, што да канца студзеня прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, сярэдніх школ і раённых аддзелаў адукацыі абмяркуюць пытанне выкладання гісторыі Беларусі і геаграфіі на беларускай мове.
«Потому что надо понимать «родную мову», и говорить об истории Беларуси на другом языке – неправильно», – запэўнівае міністр.
Тэма беларускай мовы была ўзнятая на прэс-канферэнцыі пасля просьбы журналістаў аб каментары міністра наконт нечакана станоўчага выказвання Лукашэнкі пра беларускую мову на з'ездзе БРСМ:
«Культура – вось што робіць беларуса беларусам, а не проста «тутэйшым», у якой бы кропцы зямнога шара ён не знаходзіўся. Не толькі наша багацце – літаратура, музыка, архітэктура, – але і мова, якую мы павінны ведаць, гісторыя, якую мы павінны памятаць, і каштоўнасці, якія мы павінны паважаць».
Міністр стараўся выказвацца вельмі асцярожна: «Гэты працэс [падтрымку беларускай мовы] нельга насаджваць і ўкараняць сілай».
«Ёсць паняцце «мы беларусы». У душы мы ўсе беларусы і любім сваю краіну. Але ў нас большасць людзей рускамоўныя, і ў гэтым, напэўна, нічога дрэннага няма, – разважае Міхаіл Жураўкоў. – Самае галоўнае, каб мы адчувалі сябе грамадзянамі нашай краіны і любілі яе. Раз у нас дзвюхмоўе, натуральна, развіваючы сваю «мову», трэба яе больш прапагандаваць і паказваць прыклады, як прыгожа яна гучыць. Тады людзі загавораць на ёй».
Міхаіл Жураўкоў адзначыў, што назіраў за размовамі студэнтаў у сацыяльных сетках і пабачыў там групы студэнтаў, што камунікуюць беларускай мовай. Міністр бачыць у гэтым натуральны працэс і жаданне карыстацца беларускай сярод моладзі:
«Ён павінен ісці знутры – са студэнцкага асяроддзя. Я ўважліва глядзеў сацыяльныя сеткі. Ёсць групы студэнтаў, якія там маюць зносіны паміж сабой па-беларуску, і гэта нармальна. Працэс ідзе, ён ідзе нармальна».
На заўвагу журналістаў, што працэс пашырэння беларускай мовы ідзе без удзелу Міністэрства адукацыі, чыноўнік адзначыў, што так падаецца з боку. І на самой справе, напрыклад, у БДУ такімі пытаннямі займаюцца.
«У сістэме вышэйшай адукацыі, у БДУ, я назіраю, што непадагрэтая нармальная цікавасць да беларускай мовы сярод студэнтаў узрастае. На гістарычным факультэце, філалагічным усе студэнты размаўляюць на беларускай мове, але і студэнты тэхнічных спецыяльнасцей таксама гавораць па-беларуску. Выкладчыкі з задавальненнем гавораць, што з задавальненнем слухаюць адказы студэнтаў на беларускай мове».
Міхаіл Жураўкоў і Сяргей Маскевіч, фота: president.gov.by
Міхаіл Жураўкоў быў прызначаны на пасаду міністра 27 снежня 2014 года. Яго папярэднік Сяргей Маскевіч у сакавіку 2012 году таксама выступаў з ініцыятывай вяртання выкладання на беларускай мове гісторыі і геаграфіі Беларусі:
«Такая задача ўжо пастаўленая, і мы будзем імкнуцца да таго, каб ужо з новага навучальнага году беларуская мова вярнулася на ўрокі па гісторыі і геаграфіі роднага краю», — заяўляў папярэдні міністр адукацыі у сакавіку 2012 года.
Але праз два месяцы пасля заявы Масквіча Міністэрства адукацыі дало задні ход і адмовілася ад пераходу выкладання гісторыі і геаграфіі на беларускую мову. Праз некалькі дзён стала зразумела, што адбылося гэта праз меркаванне Лукашэнкі.
Выкладанне гісторыі Беларусі на рускую перавялі ў 2006 годзе, калі міністрам адукацыі быў Аляксандр Радзькоў. Тады ў вельмі хуткім часе беларуская амаль цалкам знікла з урокаў гісторыі ў рускамоўных школах. А беларускамоўныя падручнікі былі замененыя новымі.