Песьні Свабоды ўжывую на вялікім канцэрце 25 жніўня

25 жніўня, а 18-й гадзіне ў Менску на пл. Бангалор пачнецца канцэрт, у якім возьмуць удзел N.R.M., Крама, Tav.Mauzer, Памідор/OFF, PLAN, Band A ды іншыя гурты. Сёньня арганізатары ўрэшце атрымалі дазвол ад гарвыканкаму.

Пасьля незаконнай адмовы ў адказ на папярэднюю заяўку (на 27 ліпеня), гарвыканкам быў вымушаны даць санкцыю на гэтае мерапрыемства. Зрэшты, чыноўнікі пастараліся зацягнуць працэс, наўмысна адмовіўшыся аддаць рашэньне на рукі заяўнікам у пятніцу, калі яно было прынятае. Замест гэтага яны яго даслалі поштай, каб спаслаўшыся на выходныя (пошта ж адпачывае) пазбавіць арганізатараў пэўнага адказу яшчэ на два дні ды скараціць такім чынам час на падрыхтоўку. 

Але ж пытаньне з дазволам вырашанае, цяпер застаецца спадзявацца, што не падвядзе надвор'е. На пытаньне ад studenty.by, ці не зашкодзіць надвор’е канцэрту, адзін з арганізатараў ад грамадзянскае кампаніі За Свабоду адказаў так:

Бог не папусьціць, надвор'е ня ўкусіць! Нам ня так ужо й часта надараюцца такія магчымасьці жывой (і вялікай) музычнай тусоўкі. Нашая музыка, незнаёмыя - і ўсё адно блізкія - людзі навокал. Гэта натхняе! Таму я магу парэкамэндаваць усім не зьвяртаць на надвор'е аніякае ўвагі.

Арганізатары таксама гавораць, што на канцэрце будуць сюрпрызы, але не плянуецца раздача дыскаў зь Песьнямі Свабоды “Бо яны практычна ўсе расьпісаныя па замовах. Дэфіцыт!

Застаецца толькі тры няпоўных дні на падрыхтоўку імпрэзы, але ж названы сьпіс гуртоў ужо пагадзіўся удзельнічаць, гавораць арганізатары:

Тыя, хто згаданы - ужо пагадзіліся, ёсьць яшчэ кандыдаты, але ж хтосьці можа не пасьпець, у кагосьці тэхнічныя праблемы. Паводле праясьненьня акалічнасьцяў мы будзем паведамляць пра дадаткі ў складзе выступоўцаў на сайце za-svabodu.org."

Калі вы хочаце сабрацца ў грамадзе аднадумцаў, каб адпачыць перад заканчэньнем вакацыяў, пачуць і падтрымаць нашых свабодных музыкаў - прыходзьце самі, а таксама абтэлефануйце і прыводзьце з сабой сяброў. Часу няшмат і таму любая дапамога ў распаўсюдзе інфармацыі - неацэнная.

Даведка: 25 жніўня - угодкі наданьня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі моцы канстытуцыйнага закону.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0594 seconds.