“Гаварыць па-беларуску - модна, файна і натуральна!”

Госьці Басовішча IR і RIMA пра мову, Басовішча і беларускія пляны.

Што агульнага між маладым летувіскім гуртом “IR”, што сьпявае пераважна на ангельскай мове і сталымі зоркамі з польскага Падляшша “Rima”? Ня так мала, як можа падацца на першы погляд. Асабліва, калі яны сустракаюцца на Басовішчы. Таму мы вырашылі паразмаўляць зь іх вакалістамі наконт агульнага, культурнага і моўнага ў кантэксьце Басоў і сучаснай Беларусі.

БЕЛАРУСКІЯ КАРАНІ

“IR” зь Вільні быў прызнаны лепшым рок-гуртом 2005 года ў Летуве. І гэта ня дзіўна. Па словах вааліста Германаса Скораса, трэба зрабіць нешта значнае і здабыць славу, перш за ўсё, на Радзіме, а потым ужо за мяжой.

Перад выступам гурту вядоўцы абвяшчаюць аб намеры Скораса вывучаць беларускую мову. Ды й сам ён вітае басоўцаў па-беларуску.Таму першае пытаньне, якое мы задаем Германасу пасьля кароткага аповеду пра гісторыю гурта: “Чаму вы вырашылі ўзяцца за вывучэньне беларускай мовы?” 

- Так атрымалася, што ў мяне беларускія карані. Мой дзядуля па маці - чыстакроўны беларус. Акрамя таго, ён быў адным з арганізатараў беларускай суполкі ў Летуве ў 1991-97 гадах. Таму ў нашай сям’і  беларуская мова ня лічыцца за дзіва. 

- Вы цудоўна валодаеце польскай моваю.

- Стымулам для вывучэньня польскай мовы стала для мяне мая дзяўчына з Познані. Аднак, у выніку добрая польская вынішчыла з галавы беларускую, бо яны вельмі падобныя. Спадзяюся, у хуткім часе яе падвучыць :).

- Вы зьвязалі сваё жыцьцё з музыкай. Чаму?

- Гэта ў нас спадчыннае. Дзядуля граў у філярмоніі на кантрабасе, а маці на фартэпіяна. Канешне, у мяне крыху цяжэйшы накірунак :). 

- А якая розьніца між альтэрнатыўнай музыкай Летувы і Беларусі?  

- Альтэрнатыўная музыка ў Летуве - гэта альтэрнатыва той музыцы, якую прапагандуе СМІ – папсе. У Беларусі ж гэта альтэрнатыва ня толькі СМІ, але і ўладзе, сымболіцы. Рок-музыка на Беларусі больш зьвязаная з палітыкай. Калі ж браць наш гурт, то нас болей цікавіць культурны бок жыцьця. У гэтым пляне нас нават можна назваць апалітычнымі.

- А ці маеце пляны наконт Беларусі?

- У Беларусь запрашалі, але ў басіста былі фізычныя праблемы - не змаглі. Аднак, да зімы зьбіраемся вас наведаць.

- Ці плануеце ў сваёй творчасьці песьні на беларускай мове? 

- Добрая думка! Трэба “падтачыць язык”, як гаворыцца ў адной казцы (усьміхаецца).

- Басы на Беларусі - ці магчыма гэта?

- Хутчэй, гэта мара. Тым больш, што правядзеньне фэстывалю ў Польшчы стала ўжо своеасаблівай традыцыяй.

 

МЫ АДЧУВАЕМ СЯБЕ БЕЛАРУСАМІ



“Rimа” мае ўжо 6 год. За гэты час хлопцы пасьпелі запісаць 2 плыты: “Praz zyccio” і “Pradajem siabie”. На Басах хлопцы таксама шосты раз (і гэта пры тым, што іх вакалісту, Анджэю Паплаўскаму, усяго 21!). Ды й сам гурт зь мясцовасьці Грудэку. Так што, граюць цяпер, можна сказаць, у сябе дома. Уплыў блізкай польска-беларускай мяжы выяўляецца ў творчасьці польскімі і беларускімі песьнямі. Дарэчы, апошніх у гэтага польскага гурта пераважная колькасьць. На Басовішчы яны выступалі з чарговай беларускай праграмай. Вакаліста “Rimа” мы затрымалі зусім ненадоўга. Аднак, гэтага хапіла для дастатковага адказу на галоўныя нашыя пытаньні.

- Чаму беларуская мова? 

- Як гэта чаму? Мы лічым сябе беларусамі, як, дарэчы, і большасьць на Падляшшы. У хаце размаўляем між сабою на беларускай мове. Сьпяваем на ёй, каб паказаць моладзі, што сваёй мовы не трэба саромецца. Гаварыць па-беларуску - модна, файна і натуральна! 

- Ці плянуеце вылазку на Беларусь?  

- Наўрад ці. Адзін чалавек можа заср..ць усё. Ды й, часьцей за ўсё, пры такіх запрашэньнях складана з аплатаю.

- Басовішча ў Беларусі - рэальна?

- Басовішчы на Беларусі? Я ж не прарок! Хацелася б, але рэаліі іншыя!.. Плошча… дарэчы там гучала наша песьня на тэкст А.Аркуша “..нас шмат, дзе здавалася мала..” Аднак, мы і тут паваюем! 

 

Фотарэпартаж з выступу RIMA на Басовішчы-2006

Фотарэпартаж з выступу IR на Басовішчы-2006

 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0593 seconds.