«Моладзь зараз наноў адкрывае для сябе Каляды»

У Шчодры вечар пабачыць у сябе калядоўшчыкаў – вялікая радасць і абяцае дабрабыт на ўвесь будучы год. Фотагісторыя пра тое, як калядавалі ўчора па горадзе вучні беларускамоўнай школы № 60 з Менску пры падтрымцы «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства».

Госці з таго свету

«Калі не ведаеш, як трэба, то ў цябе ў памяці і застаецца – калі прыходзяць, то трэба даць. І ўсё. Не важна, хто яны і для чаго яны. Абсалютная большасць не ведае, што калядоўшчыкі – госці з таго свету… Праўда?» – расказвае Наста Кухарэнка, сябра «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства» пра Каляды.

Традыцыя Калядаў шмат дзе дэградавала і пераўтварылася ў «дайце кіўбасу, а то хату разнясу» – такі збор чаркі ды шкваркі. А насамрэч гэта свята, Шчодрая Куцця, у якую з 13 на 14 студзеня памірае стары свет і нараджаецца новы.

Дзверы для людзей, вакно – для стасункаў з тым светам. Да яго прыходзілі валачобнікі, да яго мусяць прыходзіць калядоўшчыкі, абавязкова з Казой, Дзедам і Механошам. Дзед (нібы згадка пра Дзяды і продкаў) вядзе Казу, тая шалёна танчыць і пасля падае долу, а Механоша прымае дары ад людзей, у абмен на якія Каза народзіцца наноў і прынясе дабрабыт – прыйдзе новы віток, новы год.

Адкрыць для сябе тое, з чым выраслі бацькі

Сямёра васьміклашак і двое дарослых – такую кампанію можна было сустрэць учора ў адной са школ, а ўвечары ў горадзе, спачатку ў Грушаўцы, пасля праз усё метро – ва Уруччы. Гэта вучні беларускамоўнай школы № 60 у Менску ды кіраўнічка іх этнаграфічнага гуртка, раней – настаўніца англійскай мовы Наста з мужам.

Яна прыйшла да дзяцей у 5 класе, і яшчэ дзецям прапанавала зладзіць калядаванне. СЭТ дапамагае са строямі, песні, танцы ды гульні вывучылі самі, зрабілі зорку – і людзі ім радыя. Дзеці завітвалі да бацькоў, сваіх сяброў і сяброў сваёй кіраўніцы. З тых, хто пачынаў калядаваць у 5 класе, засталіся амаль усе.

«Калі выходзілі з кватэры, ішлі па вуліцы, яны самі пачалі віншаваць сустрэчных людзей з Калядкамі, спявалі песні – яны так лёгка зразумелі, як трэба. …95% людзей усміхаліся, адказвалі на віншаванні з Калядамі, даволі часта па-беларуску. Пару каментароў былі: «Ізноў калядоўшчыкі», – расказвае Наста Generation.by ўжо а 23й гадзіне, стоячы перад дзвярыма дома. Надвор’е было, што і казаць, акурат да канца свету – то дождж, то снег.

Дык ці ёсць месца для традыцыйнага калядавання ў светаглядзе сучаснага беларуса? Бываюць недарэчныя дадаткі ў выглядзе дзедаў марозаў і карагодаў, але агулам – так, – адказвае Наста:

«Дакладна яно ёсць у людзей, якім 30+, у часткі моладзі, якая трапіла на хвалю вяртання калядавання. Моладзь зараз наноў адкрывае для сябе Каляды, і гэта для іх нармальна. Старэйшыя, канешне, памятаюць дзяцінства – мо самі хадзілі – і для іх гэта прамы ўспамін».

Фота: Косця Абрамовіч


Ганна Валынец 09:00, 14.01.2015 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0503 seconds.