10 арт-сродкаў ад крызісных навін: Воля Кузьміч выпусціла калядную серыю «З новым котам»

«Як прыручыць ільва ў мінскай кватэры» – мастачка Воля Кузьміч стварае серыю ілюстрацый пра пікантныя асаблівасці жыцця коціка з амбіцыямі ільва ў звычайнай гарадской кватэры. Перад новым годам крызісаў і шокавых навін ў серыі выйшлі актуальныя ілюстрацыі «З новым котам», «Ну хадзі абдыму» і «Наша возьме!»

Калекцыя ілюстрацый «Як прыручыць ільва» нарадзілася ўвесну 2011 годзе з выявы пра пошукі кватэры, якая вірусна разышлася па Сеціве праз сацыяльныя сеткі. Пазней Воля стварыла яшчэ некалькі надзвычай папулярных малюнкаў пра коціка з мінскай кватэры, якія прэзентоўвала сваім шматлікім сябрам па сацсеткам у электронным выглядзе. Папулярнасць сюжэтаў урэшце выйшла за межы Сеціва. Праект «Як прыручыць ільва» цяпер уключае 9 ілюстрацый, якія надрукаваныя на паштоўках, сувенірных магнітах і кубках.

Да Калядаў мастачка прэзентуе новую серыю ілюстрацый з сваёй серыі пяшчотных малюнкаў пад слоганам «З новым котам!».

Дзве ілюстрацыі атрымалі назву серыі: кот-вандроўнік, які вярнуўся дадому, і свежавымыты, зусім амаль як новы, кот.

«Ну хадзі абдыму!» – на фоне вельмі вялікай колькасці адмоўных навінаў, што напаткалі сёлета беларусаў і нашых суседзяў, самыя лепшы правераны сродак ад дэпрэсіі – цеплыня і пяшчота, то бок, кот у модным швэдры.

«Наша возьме!» – коцікі таксама сочаць за трэндамі на беларускасць і умеюць за сябе пастаяць, тым болей, калі бачаць сябе не іначай, як ільвом.

«Аб'яўляю вас маімі хлопчыкам і дзяўчынкай, можаце пацалаваць мяне» – ілюстрацыя пра тое, як эгаізм можа быць надзвычай мілым і бяскрыўдным.

«Кх-кх.. Ура! Усе дома!» – паводле запаветаў Рыгора Барадуліна, «трэба дома бываць часцей», асабліва, калі цябе чакаюць. Такім чынам і брыдкая прастуда можа быць для кагосьці шчасцем.

Калекцыя ілюстрацый Волі Кузьміч «Як прыручыць ільва» апублікаваныя на паштоўках, магнітах і кубках, якія цяпер можна адшукаць у сувенірных лаўках Мінска і іншых беларускіх гарадоў (па пытаннях распаўсюду: animatarka@gmail.com).

Воля Кузьміч – беларуская ілюстратарка, якая працуе з сацыяльнымі тэмамі. Праекты мастачкі, часта прысвечаныя актуальным падзеям у Беларусі і свеце, былі адзначаныя шматлікімі ўзнагародамі на фестывалях рэкламы, а таксама выстаўляліся і паспяхова ўдзельнічалі ў выставах і конкурсах у Расіі, Германіі, Украіне і Польшчы.


Ягор Качын 10:11, 19.12.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0405 seconds.