Стваральнікі Skype вяртаюцца з новым мэсэджарам Wire – «лепшай камунікацыйнай прыладай»

Удзельнікі каманды, што стварала першыя версіі Skype, прэзентавалі Сеціву новую прыладу для камунікацый, якой абяцаюць зрабіць нешта большае за звычайны чат-сэрвіс.

Сузаснавальнік Skype Янус Фрыс (Janus Friis) і інвестар Wire распавёў у інтэрв'ю The Guardian, чаму лічыць важным новы мэсэджар:

«Skype стартаваў болей за 10 год таму. Вельмі многае змянілася з тых часоў – мы ўсе выкарыстоўваем бясплатныя званкі і тэкставанне, і мы цягаем нашы кампутары ў кішэнях». Фрыс мяркуе, што цяпер настаў час для стварэння «лепшай магчымай камунікацыйнай прылады», якая будзе і прыгожай і функцыянальнай.

Wire ўжо даступны для вольнага спампоўвання для сістэм iOS, Android і OSX. Generation.by паспрабаваў скарыстацца дадаткам і атрымаў першыя ўражанні: Wire надзвычай прыгожы, але функцыянальнасць пакуль апрабаваць не проста, бо кантактаў, якія б карысталіся чарговым мэсэджарам амаль няма.

Стваральнікі робяць акцэнт на бяспецы Wire, поўнае шыфраванне прысутнічае для ўсіх галасавых і тэкставых сеансаў, зашыфраваныя таксама дадзеныя ў дата-цэнтры кампаніі.

Бліжэйшым часам стваральнікі Wire абяцаюць выкаціць кросплатформенную версію мэсэджара, якая будзе працаваць праз браўзеры, а таксама асобную для PC.

ЯЧ 16:33, 03/12/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.058 seconds.