У Тайладзе затрымалі 5 студэнтаў за жэсты з антыўтопіі «Галодныя гульні»

Жыхары Тайланду выкарыстоўваюць жэсты з кіно «Галодныя гульні» пад час пратэстаў супраць вайсковай хунты, якая захапіла ў краіне ўладу ўвесну 2014 году.


Фота тайскага праваабаронцы Sunai

Паліцыя затрымала студэнтаў у часе выступу прэм'ер-міністра Тайланда ў горадзе Хон Каен на поўначы краіны. Студэнты, якія выступаюць супраць вайсковага перавароту ў Тайландзе, узнялі рукі, склаўшы разам тры пальцы, па прыкладзе персанажаў галівудскага фільму «Галодныя гульні». У вядомым кіно такім чынам абазначалі свой удзел у антытаталітарным руху.

Прэм'ер Прают Чан-Оча звярнуў увагу на жэсты студэнтаў і спыніў сваю прамову здзеклівай заўвагай: «Хто яшчэ хоча выказаць пратэст? Давайце хутчэй. Мне трэба працягваць».

Студэнтаў-пратэстоўцаў, якія былі апранутыя таксама ў цішоткі з надпісамі «Мы не хочам перавароту», даставілі ў паліцыю, а пасля ў вайсковую частку, дзе іх дапыталі вайскоўцы, паведамляе abc.net.au.

Жыхары Тайланду пачалі выкарыстоўваюць жэсты з «Галодных гульняў» пад час пратэстаў у чэрвені 2014 году. Тады ж улады краіны абвясцілі гэты жэст незаконным.

Генерал Каралеўскага войска Тайланду Прают Чан-Оча захапіў фактычную ўладу ў выніку вайсковага перавароту, што адбыўся ў траўні 2014 году. Пазней ён афіцыйна быў абраны прэм'ер-міністрам краіны. У Тайладзе дагэтуль дзейнічае вайсковае становішча, у тым ліку забарона збірацца разам болей за пяці асобам.

«Галодныя гульні» – галівудскі блокбасцер-антыўтопія пра дзяржаву з таталітарным рэжымам паводле трылогіі амерыканскай пісьменніцы Сьюзэн Колінз, кнігі якой доўгі час знаходзілі ў топе самых прадаваных на тэрыторыі ЗША.

comments powered by Disqus
 
In 0.0728 seconds.