У менскай Галерэі «Ў» 16 кастрычніка прэзентавалі новую кнігу Севярына Квяткоўскага «Як стаць беларусам. Сто гісторый». Зборнік маналогаў людзей, якія разважаюць пра ператварэнні свайго ўнутранага свету. Пра тыя шляхі, якія прывялі іх да ўсведамлення важнасці беларускасці: ведання гісторыі, культуры, беларускай мовы.
«Як ні скрушна пра гэта думаць, але ў Беларусі і на пачатку XXI ст кожны становіцца беларусам паасобку і да таго ж яшчэ праз супраціў дзяржаве, грамадству, школе, часам сям'і», – піша ў пасляслоўі рэдактар выдання філосаф Валянцін Акудовіч.
Сярод сотні герояў кнігі шмат знаёмых імёнаў: Сяргей Міхалок, Віталь Гуркоў, Уладзімір Арлоў, Андрэй Кудзіненка, Сяргей Дубавец, Яўген Калмыкоў, Ганна Кісліцына, Андрэй Курэйчык, Жана Літвіна, Сяргей Харэўскі і Валянцін Акудовіч і іншыя. Некаторыя з іх прыйшлі на прэзентацыю і трапілі пад ўвагу прыхільнікаў, раздаўшы аўтографы.
«Ёсць справы, найбольшая вартасць якіх у тым, што яны ёсць зробленымі», – піша Валянцін Акудовіч пра вартасці (і недахопы) новай кнігі Квяткоўскага.
Севярын Квяткоўскі вядомы як журналіст, блогер і аўтар кнігі «Фрашкі да пляшкі» (2007) – кароткіх іранічных замалёвак жыцця беларускага непадцэнзурнага асяродку.