У пошуках сентыментальнага Менску па восеньскай Грушаўцы

Сталічны раён Грушаўка сёлета надзвычай не пазбаўлены ўвагі медыяў, увесну недзе побач з тамтэйшымі баракамі прайшоў модны фестываль «На Грушаўцы», які зладзілі самі яго жыхары, рэгулярна фоткі з раёна друкуюць блогеры ды гарадскія сайты. Тым не менш па восені – самы час паспрабаваць на смак «Грушаўку» ды прагуляцца па тамтэйшых закавулках.

Паходжанне смачнай назвы нехта вядзе ад ракі, што раней працякала дзесьці побач, а іншыя гавораць, што і грушаў некалі расло тут нямала. Фруктовую тэорыю цяпер падмацоўваюць шматлікія яблыні Грушаўкі, плады з якіх мясцовыя жыхары шчыплюць па-восені. Апроч расліннасці, хмарачосаў, што паступова па бетонных плітах падымаюцца да неба, тут захаваліся драўляныя двухпавярховыя баракі, якія былі пабудаваныя ў 1938-40-х гадах.

Баракі ўражваюць не толькі сваіх жыхароў пікантнымі камунальнымі ўмовамі, але і сентыментальных на краявіды мінакоў. Убачыць непадалёк ад цэнтру беларускай сталіцы купку драўляных забудоваў, дзе мясцовыя ведаюць адзін-аднаго ў твар ды жывуць арганізаванай супольнасцю – нечакана.

Грамада драўлянай Грушаўкі жыве суседскімі пасядзелкамі на лавах ля пад’езду. І кожны ведае ўсё да дробязей пра свайго суседа. У бетонных шматпавярховіках побач існуюць іншыя законы і правілы: многія ведаюць пра жыццё тэлезорак суседняй краіны болей, чым пра суседзяў, якія спяць у некалькіх метрах за сцяной. Вышыня сацыялізацыі – павітацца з ананімным суседам на лесвічным праёме або ў ліфце.

Тым часам у Грушаўцы за цыгарэткай ды келіхам з культурным градусам, ідуць размовы палкоўніка ў адстаўцы з вясёлымі суседкамі. Вольны мастак гаворыць за жыццё з суседам-інвалідам. Жанчынкі збіраюць ураджай на градках і займаюцца вулічным мастацтвам.

Мясцовыя з гонарам распавядаюць пра аўтарку відовішчных дваравых інсталяцый. Цёця Ала працуе ў тыпаграфіі, а ў вольны час захапляецца такім сабе стрыт-артам:

«Хочацца жыць у прыгажосці. Таму робім яе ўласнымі рукамі. Самі прыдумвалі што, дзе, як. Вось парсюкоў падглядзелі ў вёсцы – і зрабілі. Суседкі сказалі, што з касак будаўнічых можна зрабіць божых каровак – з’явіліся божыя кароўкі. Калі ў Парку Горкага было кола агляду старое, там здымалі альтанкі, і развозілі на трактарах па дварах, прадавалі. Мы набылі, і побач пальмы «пасадзілі». Вось адным годам былі паказальным дваром, нам за гэта лавы і сметніцы новыя паставілі», – распавядае жанчына.

Дваровае мастацтва ўтульна сябе пачувае ў атмасферы хілых драўляных баракаў.

Яшчэ здымкі ў фотаблогу: Восеньская Грушаўка


Юля Сакалоўская 00:12, 03.10.2014 | Маршруты |




comments powered by Disqus
 
In 0.1006 seconds.