Беларускі піяніст Віталь Стахіевіч з Амстэрдама: перастаць адчуваць Беларусь і Еўропу як нешта адасобленае

Віталь СтахіевічФота: Ядвіга Адамчык

Віталь Стахіевіч, вядомы беларускі піяніст, які ўжо каля дзесяці гадоў жыве і працуе ў Нідэрландах, даў канцэрт у Вільні, які быў прысвечаны беларуска-яўрэйскаму кампазітару Льву Абеліёвічу (1912-1985). Абеліёвіч нарадзіўся ў Вільні, вучыўся ў Варшаве, а напісаў свае найважнейшыя творы ў Менску. Малады беларускі піяніст і мастацтвазнаўца, які выкладае ў Амстэрдамскай Кансерваторыі, распавядае нямецкаму культуролагу Феліксу Акерману пра свой вопыт паміж Менскам, Вільняй і Амстэрдамам. 

Віталь, што для Вас Вільня?

Гэта мой любімы горад. Я бываю тут часта, маю свае ўлюбёныя куточкі, якія абавязкова наведваю. Люблю бязмэтава блукаць вулкамі Вільні і раз-пораз спазіраць чароўныя відарысы места.  

Як было зноў выступаць пасля 18 гадоў у Вільні?

Цудоўна! Упершыню я тут іграў, калі мне было 15 год, на першым сваім міжнародным конкурсе. Пасля апынуўся на сцэне віленскай філармоніі годам пазней, у рамках фестываля. А потым усё неяк не надаралася. Таму цяпер я быў бязмежна рады.  

А як Вы выйшлі на Льва Абеліёвіча?

Мы вывучалі яго творы ў каледжы, на ўроках гісторыі музыкі. Апошнім часам я шукаў беларускамоўныя рамансы, каб выканаць іх супольна з галандскаю спявачкай Рут Вілемсэ, і мне вельмі да душы прыйшоўся цыкл Абеліёвіча на вершы Багдановіча. Пасля гэтага мне захацелася таксама іграць штосьці ягонае і сола.  

Чым ён важны для гісторыі беларускага мастацтва?

Бальшыня беларускіх кампазітараў 20 стагоддзя мае расейска-маскоўскую «радаслоўную», тады як Абеліёвіч, з ягоным літоўска-польскім перыядам маладога жыцця стаіць трохі асобна ад агульнае плыні. І вось ягонае пазнейшае наследаванне, скажам, Шастаковічу, вельмі распаўсюджанае, як на тыя часы, ужо ўспрымаецца іначай праз прызму “нашае” культурнае прасторы, да якой і Шастаковіч з паходжання мае нейкае дачыненне.  

Ці цяжка было знайсці інфармацыю пра яго?

На жаль, інфармацыя, што ў інтэрнэце, што ў менскіх бібліятэках, вельмі сціслая. На маю думку, маштаб гэтага творцы і ягонага даробку ў нацыянальную культуру недаацэненыя. 

Чаму, на Вашу думку, яго творы сёння амаль што не выконваюцца?

Адназначна сказаць гэтага нельга. Проста ўвогуле акадэмічная музыка, створаная беларускімі кампазітарамі, не з’яўляецца, на жаль, чымсьці распаўсюджаным і агульнавядомым. Да таго ж, творы Абеліёвіча вельмі часта горкія, трагічныя, прасякнутыя вобразамі вайны і пакуты, чалавечае адзіноты – а гэта мусіць гучаць і ў адпаведную хвіліну, і для асаблівага слухача.  

А як вы звяжаце ў сваім жыцці Менск і Амстэрдам? Ці гэта два несутыкальныя сусветы?

Менск – гэта мой родны горад, я бачу яго ў снах і абсалютна шчаслівы, калі мае ногі стаяць на яго бруку. Амстэрдам жа ў маім успрыняцці пазбаўлены вялікай рамантычнасці, хутчэй гэта месца для жыцця і для работы, з бясспрэчнымі перавагамі, але і з прыкрымі недахопамі. Калі глядзець глабальна, дык Менск ведае пра Амстэрдам непараўнальна больш, чым Амстэрдам пра Менск. Маю на ўвазе людзей. Таму мая функцыя – гэта яшчэ і міжвольная жывая рэпрэзентацыя Менска ў вачах галандцаў (натуральна, што я тут не адзіны такі).  

У якім стане сёння мастацтвазнаўства ў Беларусі?

Напэўна, яно адпавядае агульнаму стану рэчаў і сёняшняй ролі культуры ў жыцці краіны. 

А як можна было б яго больш злучыць з еўрапейскімі ўплывамі ў гісторыі мастацтва?

Адкажу трохі па-свойму. Мне здаецца, што гэта здарыцца тады, калі мы самі перастанем адчуваць Беларусь і Еўропу як нешта адасобленае, а, наадварот, пачнем нават падсвядома ставіць тут знак тоеснасці. 

Музыка Льва Абеліёвіча


Фелікс Акерман 16:00, 15.05.2014 | Пакаленне Y |




comments powered by Disqus
 
In 0.07 seconds.