BosaeSonca ў лідарах прэміі Rock Profi

Арганізатары беларускай прафесійнай музычнай прэміі Rock Profi абвесцілі шорт-ліст прэтэндэнтаў па выніках 2013 года. Па тры намінацыі атрымалі рок-гурты "Петля пристрастия", BosaeSonca і эксперыментальны праект Pafnutiy’s Dreams. Пераможцы атрымаюць узнагароды 24 красавіка ў клубе Tarantino.

Усе тры калектывы прэтэндуюць на прыз у намінацыях "Лепшы альбом" і "Лепшы запіс". "Петля пристрастия" таксама прадстаўлена ў катэгорыі "Лепшая песня", а BosaeSonca і Pafnutiy’s Dreams – у катэгорыі "Дэбют года".

Для нас гэта працяг прыемнай тэндэнцыі, якая пачалася з намінацыі на "Герояў году" ад Tuzin.fm і ўзнагарод Experty.by, дзе мы атрымалі прыз за "Лепшы беларускамоўны альбом". Мы сапраўды зрабілі шмат за мінулы год, але не заўжды нават тыя, хто працуе і робіць класны рэзультат, атрымліваюць узнагароды. Таму прыемна, што калегі паставілі нас у шэраг лепшых. Спадзяемся на перамогу, – пракаментаваў навіну Алесь Кот-Зайцаў, франтмэн гурта BosaeSonca. 

Апроч вышэйзгаданага трыа ў намінацыі "Лепшы альбом" і "Лепшы запіс" прадстаўлены трыумфатар нядаўніх узнагарод Experty.by – Pukstband з дыскам "Последний альбом". Сярод іншых намінантаў гурты "Ляпіс Трубяцкі", "Серебряная свадьба", The Toobes і Akute, якія паспрачаюцца за тытул "Артыст года". 

Унікальнасць прэміі ў тым, што яна вызначае пераможцаў паводле меркавання не вонкавых назіральнікаў і ацэншчыкаў музыкі, а тых, хто яе стварае – музыкаў. У гэтым годзе сваім правам голасу скарысталіся 46 выканаўцаў. Днямі быў названы першы пераможца – прыз у намінацыі "За ўнёсак" атрымае гурт "Крама", які з гэтай нагоды адыграе ў межах цырымоніі гадзінны сэт. Арганізатары Rock Profi – студыя "Осмас" і сайт Experty.by пры падтрымцы паб-клуба "Графіці".

Лепшы альбом

  • BosaeSonca "Адпусці"
  • Pafnutiy's Dreams "The Sandman"
  • Петля пристрастия "Фобос"
  • Pukstband "Последний альбом"

Лепшы запіс 

  • BosaeSonca "Адпусці"
  • Pafnutiy's Dreams "The Sandman"
  • Петля пристрастия "Фобос"
  • Pukstband "Последний альбом"

Лепшая песня

  • Clover Club "East China Shore"
  • Петля Пристрастия "ТЭЦ"
  • Паліна Рэспубліка "Лета"
  • The Toobes "Say Hello To My Baby"

Дэбют года

  • BosaeSonca
  • My Ocean
  • аркестр Смена
  • Pafnutiy's Dreams

Артыст года

  • Akute
  • Ляпіс Трубяцкі
  • Серебряная свадьба
  • The Toobes


24 красавіка ў клубе Tarantino – прэмія Rock Profi і выступ гурта "Крама". Пачатак у 19.00. Квіткі ў продажы з 17 красавіка: танцпол – 80 тыс. руб. (у касах Kvitki.by), столік – 100 тыс. руб. (у клубе). Даведка: 377 80 00 (vel, мтс). Адрас клуба: Кастрычніцкая, 5 (зваротны бок КЗ "Мінск").

15:30, 16/04/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0707 seconds.