Open data: якія сакрэты шукаюць актывісты ў публічных дакументах

open data
Фота: justgrimes

На афіцыйных сайтах па ўсім свеце і нават у Беларусі ляжыць нямала дакументаў з цікавымі лічбамі. Але інфармацыя выстаўляецца часцей за ўсё ў іх так, што яе нібы і не снуе. Сярод доўгіх тэкстаў, якія прадстаўленыя файламі .pdf або .doc, вычытаць нешта надзвычай не проста, складана і адшукаць праз тэхнічныя сродкі. Актывісты канцэпцыі open data расказалі ў Менску пра тое, як знаходзяць сакрэты, схаваныя ў публічных дакументах.

«Адкрытыя дадзеныя» альбо open data — гэта канцэпцыя, актывісты і прыхільнікі якой дамагаюцца вызвалення дадзеных ад аўтарскіх ліцэнзій, а таксама дамагаюцца адкрытасці дзяржаўнай інфармацыі і прадстаўлення яе ў машыначытальным выглядзе.

У Беларусі існуе сайт opendata.by, яго аўтар Аляксей Мядзвецкі разам з актывістам з Германіі Марцінам Клімам выступілі 22 лютага ў Менску ў межах міжнароднага Дня адкрытых дадзеных.

Валанцёры open data

У Германіі рух open data шырока распаўсюджаны і пачынаўся як валанцёрскі. Але ў мінулым годзе, паводле Марціна Кліма, урад вылучыў 30 мільярдаў еўра на развіццё гэтай справы. У Германіі цяпер функцыянуе цэлы праект па асвятленню федэральнага бюджэту.

У іншых краінах таксама ёсць, на што паглядзець. На аснове прынцыпаў Open Data ў Нью-Йорку існуе дадатак-рэйтынг кавярняў па санітарыі. У Лондане ды іншых гарадах свету распрацаваныя жывыя мапы ўзроўню злачыннасці ў горадзе.

У Беларусі пакуль усё робіцца на валанцёрскіх пачатках, але, па словах Аляксея Мядзвецкага, да ідэі ў некаторых дзяржаўных установах ставяцца станоўча:

«Гэтым асабліва ніхто не займаўся, гэта новая тэма. Я распавядаў у МНС — кажуць: так, цікава, пакажыце, як выкарыстаць. Два праекты мы ўжо зрабілі, і з гэтым можна ісці ў людзі».

Адкрытыя дадзеныя па-беларуску 

У Беларусі больш менш вядомых праектаў каля дзясятку. Ёсць нашумелы «Кошт урада», дзе можна паглядзець, колькі на кожнага беларуса прыходзіцца знешняй запазычанасці – каля 20,5 мільёнаў беларускіх рублёў. Праект «Бяспечны горад» паказвае, дзе, калі і чаму адбываліся ў Менску пажары. «Узнагароды Беларусі» распавядаюць цікавыя факты, кшталту — 80% усіх атрымальнікаў узнагародаў у Беларусі — мужчыны.

Найперш, на думку Аляксея, трэба працаваць над адкрыццём бюджэтаў на ўсіх узроўнях – ад нацыянальнага да вясковага:

«Гэта грошы, якія выдаткуюцца штодня на нашы з вамі патрэбы. Шырокая тэма – грамадская бяспека: злачыннасць, экалогія, стан паветра, пажарабяспека – інфармацыя пра ўмовы нашага з вамі жыцця.

…магчыма, мы зможам пазбягаць такіх праблем, як напрыканцы гэтага году, калі пратэставалі ўрачы “хуткай дапамогі”.

Інфармацыя будзе больш адкрытай, і ў адказных людзей не будзе жадання, напрыклад, перакінуць частку бюджэта ад хуткай да ЖКГ. Гэта прынцып публічнасці: людзі, адказныя за рэалізацыю бюджэту, разумеюць, што іх дзеянні могуць быць правераныя».

Праўда, праверыць і кантраляваць публічна можна не ўсіх.

«Ці згодны Вы, што фінасаванне ўсіх галінаў улады мусіць ажыццяўляцца галосна і толькі з дзяржаўнага бюджэта?» — адказваючы на гэтае пытанне ў 1996 годзе падчас рэферэндуму, 65% грамадзянаў прагаласавала супраць і толькі 32% — за. Вынікі рэферэндуму не былі прызнаныя цывілізаваным светам з-за шматлікіх фальсіфікацый, рашэнні яго насілі кансультатыўны характар, але па факце беларусы паводле іх жывуць і цяпер.

«І таму ў нас сёння дадзеныя па выдатках рэзервовага фонду прэзідэнта атрымаць вельмі складана», — кажа Аляксей. Памер рэзервовага фонду прэзідэнта ў 2013 годзе складаў 225 мільёнаў даляраў.


Ганна Валынец, Ягор Канапкін 21:49, 27.02.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.075 seconds.