Handmade непазбежны: скураная гісторыя Аляксандры Глік

Як не зрабіцца офіснай раслінай, чаму зберажэнні не маюць сэнсу і дзеля чаго можна адмовіцца ад машыны, расказвае Аляксандра Глік. Яе кантракт на былой працы скончыўся, а новы так і не з’явіўся. І цяпер з двума коткамі ў кватэры дзяўчына днямі робіць скураныя фенькі, вокладкі і гадзіннікавыя раменьчыкі ў поўнай духоўнай раўнавазе.

Гісторыя скуры і малатка

Чамадан з пахам скуры, дзве коткі ў доме – кватэра і майстэрня Аляксандры Глік.

«Адна котка крадзе клубочкі, а другая шапаціць пакецікамі. Ты ціха дастаў нешта, а яна, падскокваючы, аж з кухні нясецца, — распавядае Аляксандра. — А да паху скуры я прынюхалася, толькі новую адчуваю».

Пра адукацыю і былую прафесію, кінутую 4 гады таму, згадваць не хочацца. Непрыемна? Заганяе ў рамкі? Нешта каля таго.

«Гэта было непазбежна. Быў перыяд, калі я працавала 8 гадзін на дзень. З цяжкасцю дачакалася канца кантракту – жудасна выматалася. І далей, бы на катаргу, хадзіць на працу? Вяртаешся, і ні пра што не хочацца думаць, нешта мільгнула ў галаве зрабіць — “Ай, я пайду спаць”».

Сяброўка ўбачыла бранзалеты, што дзяўчына шыла для сябе. Увечары так кажа: «Слухай, давай зробім суполку ўкантакце»! Фатаздымкі зусім простыя — і панеслася іншае жыццё.

8 гадзін і пенсія

«Займаюся гэтым чацвёрты год. Я здзіўляюся, што не пачала раней: тады і з матэрыялам было прасцей. Ува мне сядзела такое меркаванне, што гэта нікому нецікава і кожны можа зрабіць сабе сам. Магчыма, гэта самаацэнка і перакананасць, што трэба 8 гадзін і пенсія...»

Штучнасць кожнай рэчы

Гісторыя Аляксандры Глік пачыналася з то-оненькага бранзалеціка. Цяпер яна вырабляе яшчэ і розныя вокладкі, і гадзіннікавыя раменьчыкі – дарэчы, раменьчыкі найбольш цікавяць людзей, лепш арыгінальныя альбо блізкія да класікі.

«Людзей у гэтых рэчах прыцягвае, можа быць, штучнасць, арыгінальнасць. Незавадское. Можна набыць стандартны гадзіннікавы раменьчык. Нават дарагі – ён будзе выглядаць так ды толькі зроблены з нечага эдакага», – тлумачыць Саша, чаму нельга проста набыць раменьчык у краме.

Рамеснік ці дызайнер?

«Хацела б не спісацца і сысці ад уяўлення пра рамесніка, які робіць нешта на каленцы, бліжэй да слова “дызайнер”».

Беларускі хэндмэйд – не такая багатая вялізная карпарацыя як Microsoft

Пакупнік, які набывае рэч, не думае, крадзеная ідэя ці аўтарская. А часам здараецца, чалавек не толькі бярэ чужую ідэю, але і фота рэчаў, зробленых не ім. Ад свайго імя абяцае зрабіць такія ж. Для чалавека, які звыкся піраціць прадукты Microsoft, нармальная з’ява... Толькі беларускі хэндмэйд – не такая багатая вялізная карпарацыя.

Прыглядзеўшыся, такія крадзеныя здымкі можна заўважыць: яны рознай якасці, неакуратна зацёртыя сцікеры, фота могуць быць занадта прыгожымі для майстра.

На машыну ці кватэру не заробіш

Сашу сама кантрактная сістэма падштурхнула сысці з традыцыйнай працы і яна зразумела, што хэндмэйдам можна зарабляць. Канешне, не на машыну ці кватэру – але затое любімай справай.

«Адчуваю сябе моцным чалавекам, таму што ёсць магчымасць не быць няўдачнікам, а займацца нечым цікавым і зарабляць тыя ж грошы», — гаворыць Саша. – Гэта прыносіць мне задавальненне. Людзі сыходзяць шчаслівымі, ніводнага не было расчараванага».

Не варта сябе падманваць тым, што справа заўсёды будзе натхняць аднолькава: тут спады бываюць, як і ва ўсім: рукі-крукі, і не зрабіць самага простага. Але з нелюбімай працай спад – нашмат горш.

Калі вырабы майстра не прадаюцца – прычыну часам вельмі цяжка патлумачыць: адну рэч могуць зрабіць два чалавекі, амаль аднолькава, але адзін прадасць, а другі — не.

Як наладжваецца індустрыя хэндмэйд

Рэклама ідзе праз выставы, vkontakte, інстаграм, у сезон – на пешаходнай вуліцы Карла Маркса. Хаця Саша лічыць, што ў гэтай справе не заўсёды рэклама вырашае.

Аздобу для скураных вырабаў — заклёпкі, спражкі, кнопкі – можна адшукаць у крамах, скуру – на скураным заводзе ў Гатава. Робіцца ўсё з дапамогай малатка і іголкі, часам машынкай, часам рукамі.

Моманты, якія не мераюцца пенсіяй

Пакупнікі — студэнты і людзі крыху сталей за іх. Аднойчы мужчына сярэдніх гадоў, у мінулым лютым глядзеў бранзалет, пасля сышоў. А на наступны дзень прыйшла дзяўчына і доўга-доўга тлумачыла, што хоча набыць. Высветлілася, што гэта яго дзяўчына, і набывала той бранзалет у падарунак.

«Заўсёды здзіўляе: людзі не паленаваліся, знайшлі мяне. Пасля сустракала таго чалавека ў горадзе – носіць. Такія моманты не мераюцца грашыма, пенсіяй ці бальнічнымі».

Прымуць які-небудзь закон, і ты, увесь добры і пухнаты, апынешся па-за ім

«Я рамеснік», — кажа Саша. Падаткаў у яе - базавая велічыня на год, рамесны збор. — «Адпачынак – самае простае: сабраўся і паехаў. А пенсія... Напэўна, будзе мінімальная.

У адзін час я падумала зрабіць рахунак у банку і крыху адкладваць. Накопіцца, і не так страшна. І амаль адразу, як прыйшла ідэя – бабах – вясной 2011 году крызіс.

У нашай дзяржаве ўсё нестабільна. Прымуць які-небудзь закон, і ты, увесь добры і пухнаты, ужо будзеш па-за ім, і ўся твая пенсія там...»

Пакуль у краіне можна жыць, я тут

Ці трэба з’язджаць за мяжу?

«Зараз так шмат пра гэта кажуць... Такое ўражанне, што на мяжы чарга.

Каб з’ехаць, трэба мець магчымасці стаць паспяховым. Проста так не скажаш: “Мне надакучыла, я паехаў!”

Яно б добра – змяніць месца жыхарства, але я пакуль не задавалася мэтай. Напэўна, недзе і лепш, і больш, і разнастайней. Але пакуль у дзяржаве можна жыць, пакуль рукі не круцяць, як тым жа прадпрымальнікам, я тут.

Краіну-та я люблю, але часам не падабаецца, што тут адбываецца».

Фота: Косця Абрамовіч


Ганна Валынец 13:00, 21.01.2014 | Самаробкі |




comments powered by Disqus
 
In 0.1572 seconds.