«Мае сябры часам смяюцца з таго, што я стартапер»

У прадпрымальніцкі тыдзень Generation.by гутарыць са стваральнікамі маладога стартапа Trackduck. Некалькі месяцаў таму Антон і Яўген пакідалі свае працы ў айцішных канторах і пачалі развіваць уласную справу. Цяпер яны маюць замежнага партнёра, фінансаванне і дыпломы пераможцаў ледзь не з усіх замежных конкурсаў, у якіх удзельнічалі.

«Не звяртайце ўвагі, тут рамонт ідзе», — вядзе нас Яўген праз мяшкі цэменту і пад позіркі будаўнікоў у офіс аднаго з самых вядомых стартапаў краіны — Trackduck. Даўнія сябры Антон і Яўген некалькі месяцаў таму вырашылі нешта замуціць. Сакавіцкі хакатон Garage48 быў выдатнай нагодай для гэтага. Ніколі дагэтуль незнаёмыя са стартап-рухам увогуле, хлопцы апынуліся ў ліку пераможцаў хакатона. 

Праект Trackduck дапамагае распрацоўшчыкам і кліентам лепей камунікаваць. Софт зроблены для фрылансераў і вэб-студый, што распрацоўваюць сайты. Пасля ўсталявання плагіна на сайт, заказчык можа вылучыць праблемную вобласць і пакінуць каментар. Усё гэта дасылаецца распрацоўшчыку. Аўтары запэўніваюць, што іх праграмка эканоміць на камунікацыях 3000 $ у месяц пры наяўнасці пяці чалавек у камандзе.    

«Кліент, як правіла, тэхнічна не падкаваны і ён не можа растлумачыць, што не так. Дзе не так. Пачынае пісаць дзіўныя лісты. І што не працуе, дзе не працуе — не зразумела. Вельмі рэдка, калі яны скрыншот нейкі дашлюць ці патлумачаць праблему болей дэтальна», — кажуць хлопцы.

На хакатоне хлопцы знайшлі літоўскага партнёра, які цяпер займаецца маркетынгам. Першыя два месяцы софт распрацоўваўся літаральна па начох, у вольны ад асноўнай працы час. Але пасля праграмеры памянялі стабільную айцішную кантору на няпэўны стартап. Затое свой. І далей пакаціла: першы кліент, Startup Sauna, івэнты ў Таліне, Хельсінкі, Лондане. Агулам удзельнічалі ў 13 мерапрыемствах, у 11 з іх узялі прызавыя месцы. У Ноўгарадзе беларуска-літоўскі стартап назвалі лепшым па версіі Microsoft. Пазней хлопцы выйгралі паездку ў сіліконавую даліну і атрымалі фінансаванне ад фінскага ўраду.

«У Беларусі фінансавую падтрымку атрымаць дастаткова складана, таму што тут няма рынку, няма інвестараў. У нас любяць хостэлы праінвеставаць, а не IT-праекты. Людзі прызвычаіліся да праектаў, якія можна памацаць рукамі», — тлумачаць праграмісты беларускую спецыфіку інвеставання. 

Цяпер у Trackduck 250 актыўных карыстальнікаў, распрацоўваецца другая версія прадукту. Яе рэліз запланаваны на канец лістапада. Але называць сябе «прадпрымальнікамі» Антон і Яўген дагэтуль не наважваюцца, кажуць, што толькі пасля з’яўлення тысячнага кліенту. Пад гукі перфаратара за сценкай сябры працягвалі дзяліцца развагамі пра стартап і ўласную справу. 

Антон:

«Універсітэт даў мне разуменне таго, да чаго можа прывесці тая сцежка, па якой я ішоў: калі пайду на працу па размеркаванні, застануся там і буду там усё жыццё слухацца начальніка. Мне не захацелася гэтага, таму я сышоў і пастараўся пабудаваць сваё жыццё і займацца чымсьці сваім».

«Гэтыя ўсе конкурсы — такая добрая разрадка ад паўсядзённай працы. Бо мы працуем паболей чым восем гадзін у дзень». 

«Працаваў з першага курса ў вэбе. Насамрэч я мала праграмую, утульней пачуваюся ў дызайне. Але ж  даводзіцца рабіць розныя рэчы, гэта ж стартап».

«Ёсць пэўная негатыўная афарбоўка ў гэта слова «стартапер». Мне падавалася, што гэта нешта само ў сабе, што нічога не вырабляе. Але цяпер разумею, чаму існуюць усе гэтыя мерапрыемствы. Зразумела, што ёсць пэўны адсотак людзей, якія ходзяць, каб паказаць сябе і паразмаўляць, а ёсць тыя, хто сапраўды нешта робіць. Але мае сябры часам смяюцца з таго што я стартапер. Зайздросцяць, напэўна :) »

Яўген:

«Мне не хочацца вяртацца назад у фірму, але варыянт такі ёсць. Хутчэй за ўсё, калі нешта не атрымаецца, то будзе новы праект». 

«На Startup Sauna быў вельмі добры даклад пра тое, як тлумачыць сем’ям, што ты прадпрымальнік. Бо ўсе хвалююцца, перажываюць, не разумеюць, як можна так нестабільна, недзе круціцца-вярцецца. Такая вось праблема без вырашэння».

«Чаму нам захацелася гэтым заняцца? Бо надакучыў такі вось размераны лад жыцця, калі прыходзіш на працу, сыходзіш... І кожны дзень ты робіш адно і тое ж. Гэта можа звесці з глузду». 

«Тут галоўнае разумець, што калі чалавек сышоў з EPAMа ці нейкай іншай буйной канторы, яго заўсёды возьмуць назад. Але ўжо за большыя грошы, таму што ў яго з’явілася больш досведу. Калі я сыходзіў з працы, мне прапаноўвалі ў паўтары разы больш, чым я атрымліваў. Я адмовіўся». 

Фота: Юра Сідун


Наста Darteco 17:23, 20.11.2013 | Y Business |




comments powered by Disqus
 
In 0.0457 seconds.