Прыгоды беларускіх музычных гастарбайтэрак на вуліцах Берліна

Як чатыры прыгожыя дзяўчынкі-беларускі з добрым музычным слыхам зарабляюць і адпачываюць на вуліцах сталіцы Германіі.

Больш за пяць год яна марыла граць на вуліцах Берліна, шукала аднадумцаў і прапаноўвала сябе хоць на віяланчэль, хоць на бубен. Тры гады таму яе размеркавалі ў Гарадзенскую філармонію, дзе адзіны сацпакет – шэнген, і, сабраўшы струнны квартэт, яна ў 2012 годзе першы, а ў 2013 – другі раз едзе ў Германію на заробкі.

Размеркаванне на 1,8 млн

Сцеша скончыла БДУКІ, з дзяцінства грае на віяланчэлі. Неяк патрапіла ў Менску ў вясельны квартэт струннікаў і затрымалася там на 2 гады, граючы класіку і рок. У Гродна, атрымаўшы свой творчы заробак у 1,3 млн (з год таму) і цяпер – 1,8 млн, зразумела, што так проста не пражывеш – ды й сыграла жаданне самарэалізацыі:

Мы вырашылі прасоўваць гэтую тэму і пачалі збіраць квартэт. Попыт вялікі. Граем на вяселлях ды юбілеях, на дыскатэках можам падыграць які транс. Гэта добры даход.

За месяц у сезон можна зрабіць 2-3 свае заробкі. Але грошай многа не бывае, ды й нармальнае жаданне паглядзець, як людзі жывуць «там», сыграла ролю: праз год існавання квартэта астатнія дзяўчаты паддаліся на ўгаворы і пачалі збіраць рэчы ў Берлін. Тыя, хто ўжо працаваў так раней, інфармацыяй дзяліліся неахвотна.

Жыццё ў «Ватыкане» ў лічбах

І вось – Берлін, першы раз.

Прыехалі на вакзал, усё на нямецкай мове, і я не разумею ні слова. Жудасны вецер. Было адчуванне: нарэшце, нарэшце я дабралася да гэтай Германіі! Не пяць, а больш год я выношвала ідэю паехаць. Шукала з кім, сама сябе прапаноўвала, на віяланчэль ці хоць на бубен. Я знайшла знаёмага, які нас сустрэў і дапамог з жытлом на першы месяц.

Дзяўчаты жылі ва ўсходнім Берліне, «Ватыкане» рускіх і в’етнамцаў, якія нават на працу не ездзяць у заходні Берлін – навошта? «І тут можна пабудаваць заводзік, крамы ды рэстарацыі і працаваць сабе. Пахне нейкім саўком. – расказвае Сцеша. — Адзінае добрае – маса дзіцячых садкоў, з чым у Германіі праблема. Заходні Берлін больш спакойны, як у фільмах: усё падстрыжанае і акуратненькае, утульныя маленькія крамкі; людзі ветлівыя, ездзяць на маленькіх машынках і дапамагаюць».

За жыллё за месяц аддалі па 100 еўра кожная. Дарога – па 200 тыс да Варшавы, па 40 еўра – квіток туды-назад да Берліна ад «PolskiBus». У Берліне набылі праяздныя на месяц на ўсе віды транспарту – 50 еўра, і гэта танней, чым плаціць штораз. Кошты на ежу падобныя да нашых, але, па ўражаннях дзяўчат, дакладна не даражэй было схадзіць у кавярню ці рэстарацыю паесці, чым гатаваць самім.

Дзень у Берліне

А восьмай пачынаўся дзень. Зборы, дарога – і а 10-11 гадзіне яны ўжо ў цэнтры. Гралі па 4-5 гадзін.

Прыходзім на Брандэнбургскія вароты, глядзім – танцоры, яны надакучылі і гучна ставяць музыку, замінаюць. Пайшлі на алейку да Рэйхстага. У цяньку пайгралі гадзінку-паўтары. Селі на лаўку папаліць-папіць кавы, раззнаёміліся з аніматарамі – іх тут шмат. Пасля працягваем ігру. Паелі, ізноў пайгралі. Увечары кожная ідзе па сваіх справах, забіваем, калі і дзе сустракаемся. Бывала, што проста на кватэры. Кожнай трэба прыняць ванную ці душ – хоць светлафор стаў.

Намагаліся, каб за дзень кожная атрымала не менш за 40 еўра – хаця бывалі дні і больш паспяховыя, і па 200-230 еўра на ўсіх.

Часам людзі проста прыносілі вады папіць – бо горача; запрашалі граць на флэш-мобах і нават на сольны канцэрт у Гановер. На вуліцах гралі Нірвану, Дэпеш Мод, Стынга, Ледзі Гагу, Майкла Джэксана, Кісс і іншае (агулам 17-20 кампазіцый):

«Нірвана цудо-оўна кладзецца на струнныя і выдатна гучыць, якую песню ні вазьмі», – распавядае Сцеша.

Кантакты з мясцовымі

Быў адзін вельмі смешны момант: мы збіраліся праз гадзіну – для іх гэта, здаецца, нармальна. – Ну окей, пайшлі пап’ем піўка. Сядзелі мы там сядзелі. Збіраліся сыходзіць, але ніяк не сыходзілі. І тут праходзіць мужык, і яго пятая кропка была проста насупраць твару хлопца, які з намі. Мужык пусціў газы, ды так гучна – трата-датата! – што мы адразу апынуліся паццталом. Хлопец толькі і сказаў: “А што здарылася?” Для іх гэта нармальна.

Плынь, якая цябе падхопіць

У Берліне хочацца граць для людзей. Там адчуваецца плынь, якая можа падхапіць і куды-небудзь усё адно вынясе. Ты пазнаёмішся з патрэбнымі людзьмі, ты не сядзіш у гэтай школцы і не старэеш, не лічыш, як многія, ад заробку да заробку.

Ты разумееш, да чаго імкнуцца: развівацца. Разумееш, што 27 ці 30 год — не падстава скласці лапкі і прысвяціць сябе таму, што ёсць. Людзі могуць адкрыць сябе і ў 40 год: мы пазнаёміліся з мастаком, які ў 40 пачаў маляваць і зрабіўся вядомым. Там адчуваеш, што ты не адзін, і хочацца кшталтавацца і быць разумней і лепш, чым ёсць.

Я ў нас не разумела, як можна сядзець на вуліцы і працаваць. Нашыя людзі пафасныя ці дзелавыя... Можа, ад няведання, як сябе паводзіць, ці ад невыхаванасці. Некаторыя заб’юцца ў куток і сядзяць з бакалам шампанскага за кіламетр. Яны не прызвычаіліся...

У Берліне ўсе, ад малога дзіцяці да дарослага, могуць паслухаць, сказаць, калі спадабалася. Ёсць цеплыня: пайграеш хвілін 20 – і вакол натоўп слухае.

Гэтыя паездкі змяняюць маё імкненне. Я зрабілася больш камунікабельнай, хачу новых знаёмстваў з творчымі людзьмі. Ехаць на канцэрты – куды заўгодна, я хачу жыць гэтым жыццём.



comments powered by Disqus
 
In 0.0628 seconds.